Словаўтваральная сістэма беларускай мовы апісваецца ў такіх словаўтваральных паняццях, як:
- вытворнае (матываванае) слова,
 
- невытворнае (нематываванае) слова,
 
- утваральнае (матывавальнае) слова,
 
- словаўтваральная (матывавальная) аснова (база),
 
- словаўтваральны сродак (фармант),
 
- словаўтваральнае значэнне,
 
- словаўтваральнае гняздо,
 
- словаўтваральная пара,
 
- словаўтваральны ланцужок,
 
- спосаб словаўтварэння,
 
- словаўтваральны тып,
 
- словаўтваральная мадэль,
 
- словаўтваральная парадыгма.
 
Вытворнае (матываванае) слова – гэта слова, утворанае ад іншага слова ці словазлучэння. Асноўнай асаблівасцю вытворных слоў з’яўляецца іх матываванасць іншымі словамі, г. зн. іх значэнне абумоўлена (матывавана) значэннем іншых слоў. Вытворнае слова заўсёды двухкампанентнае: яно складаецца з утваральнай (матывавальнай) часткі і фарманта (словаўтваральнага сродка) – піша Я.Н. Марозава ў працы Словаўтварэнне. Тэарэтычныя  асновы, узоры  разбору, тэсты, кантрольная  работа (Віцебск 2005, с. 6), напр.: жоўты > жаўтаваты, ісці  > прыйсці. Тут утваральныя часткі жоўт-  і  -ісці,  а фарманты ― суфікс -ават- і прыстаўка пры-. Значэнні вытворных слоў жаўтаваты і прыйсці матываваны значэннямі ўтваральных частак – адпаведна прыметніка жоўты (жаўтаваты – гэта ‘не поўнасцю жоўты’) і дзеяслова  ісці (прыйсці  азначае ‘закончанае дзеянне’).
Невытворнае  (нематываванае)  слова – гэта слова, значэння якога немагчыма растлумачыць праз іншае аднакаранёвае  слова: дом, стол, сіні, чытаць. 
Утваральнае  (матывавальнае)  слова - гэта такое слова, ад якога непасрэдна ўтворана дадзенае вытворнае слова, як мы бачылі на прыкладах жаўтаваты і прыйсці, дзе ўтваральнымі (матывавальнымі) словамі былі жоўты ды ісці.
Словаўтваральнай (або матывавальнай) базай можа быць:
- поўная аснова (смелы > смеласць, стол > столік),
 
- усечаная аснова (глыбокі > паглыбі(ць),  высокі  > высь),
 
- цэлае слова (вучыць > вучыцца ‘вучыць ся(бе)’, сталовая лыжка  (прыметнік)  >  пабудавана  новая сталовая  (назоўнік),
 
- спалучэнне некалькіх слоў ці асноў (слаба  развіты   > слабаразвіты,  снег  і падаць > снегапад),
 
- спалучэнне графічных частак, літар, гукаў зыходнага словазлучэння (Саюз палякаў на Беларусі > СПБ, сельскі магазін > сельмаг,  Беларускі  аўтамабільны  завод  >  БелАЗ).
 
Словаўтваральны  сродак  (фармант) – гэта словаўтваральныя афіксы і іншыя фармальныя паказчыкі (адзіны асноўны націск, замацаваны парадак кампанентаў, сістэма флексій), з дапамогай якіх утворана слова, напр.: ехаць >  даехаць (фармант – прыстаўка да-), дарога > дарожка  (фармант – суфікс -к-), глыбока паважаны > глыбокапаважаны  (фармант – адзіны  асноўны  націск  і  замацаваны  парадак  кампанентаў).
У склад фарманта ўваходзяць таксама і марфаналагічныя сродкі (чаргаванне гукаў, інтэрфіксацыя, нарашчэнне асновы, змена націску), але яны толькі суправаджаюць афіксацыю, а самастойнага словаўтваральнага значэння  не  маюць.
Словаўтваральнае значэнне – гэта абагульненае значэнне, выражанае словаўтваральным сродкам – фармантам. Возьмем дзеля прыкладу дзеясловы з суфіксам -ну:
- адназоўнікавыя маюць агульнае словаўтваральнае значэнне ‘ўтвараць дзеянне, адпаведнае ўтваральнаму назоўніку’:  прага > прагну(ць),  пах   >  пахну(ць);
 
- адпрыметнікавыя маюць словаўтваральнае значэнне ‘набываць прымету, абазначаную ўтваральным прыметнікам’: сухі > сохну(ць), сляпы > слепну(ць);
 
- аддзеяслоўныя маюць значэнне ‘аднаразова ўтварыць дзеянне, названае ўтваральным словам’: штурхаць  > штурхнуць, кідаць > кінуць.
 
Гл. шырэй: Я.Н. Марозава, Словаўтварэнне. Тэарэтычныя  асновы, узоры  разбору, тэсты, кантрольная  работа, Віцебск 2005, с. 6-9.
Працяг тэмы - праз тыдзень.
Ніна Баршчэўская