Беларуская Служба

Кожныя некалькі тыдняў у свеце знікае адна мова

21.02.2022 11:31
Даследаванні псіхолагаў i псіхалінгвістаў паказваюць, што шматмоўнасць уплывае на дабрабыт чалавека.
Аўдыё
  • Міжнародны дзень роднай мовы
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

21 лютага адзначаем 23-ці Міжнародны дзень роднай мовы, заснаваны ЮНЕСКА ў 1999 годзе. Яго мэта – падкрэсліць значэнне моўнай разнастайнасці свету, садзейнічаць шматмоўю, а таксама падкрэсліць ролю вывучэння замежных моў у адукацыі. Гэты дзень таксама звяртае ўвагу на мовы, якія апынуліся пад пагрозай знікнення і мовы, якія выміраюць.

Сёлетні лозунг Міжнароднага дня роднай мовы – «Выкарыстанне тэхналогій для шматмоўнага навучання: праблемы і магчымасці». Ён адносіцца да ролі тэхналогій у развіцці шматмоўнай адукацыі, падтрымцы развіцця і ўсеагульнага доступу да высакаякаснага навучання.

Паводле ЮНЕСКА, родная мова і мясцовыя мовы з'яўляюцца найбольш важнымі і незаменнымі каналамі перадачы культуры і ведаў. Арганізацыя падкрэслівае важнасць прасоўвання моўнай разнастайнасці ў Інтэрнэце, а таксама дзейнасці па падтрымцы мясцовых СМІ і ўсеагульнага доступу да інфармацыі.
На неабходнасць шматмоўнай адукацыі і значэнне роднай мовы для якасці адукацыі і моўнай разнастайнасці звяртаў увагу вядомы польскі лінгвіст прафесар Ежы Бральчык(Jerzy Bralczyk):

-Мы павінны знаёміцца з іншымі мовамі. Паводле даследаванняў, найлепш рабіць гэта ў раннім дзяцінстве. Двухмоўныя або трохмоўныя асобы не толькі ўмеюць правільна гаварыць на ўсіх згаданых мовах, але яны таксама больш шчаслівыя, здаравейшыя, а нават жывуць даўжэй. Даследаванні псіхолагаў і псіхалінгвістаў паказваюць, што шматмоўнасць чалавека ўплывае на яго дабрабыт.

У сваю чаргу прафесар Данута Кшыжык(Danuta Krzyżyk) з Савета польскай мовы пры Прэзідыуме Польскай акадэміі навук падкрэсліла, што Дзень роднай мовы нагадвае таксама пра неабходнасць абароны моў і культур:

-Міжнародны дзень роднай мовы – гэта свята, якое звяртае ўвагу на неабходнасць аховы моўнай разнастайнасці ў свеце, але таксама павінна звярнуць увагу на выміранне моваў і культураў.

Амаль палова з 6-7 тысяч моў, на якіх размаўляюць у свеце, знаходзіцца пад пагрозай знікнення. У Польшчы гэта, у тым ліку: кашубская, лемкоўская і сілезская мовы. Станіслаў Кардасевіч (Stanisław Kordasiewicz) з факультэта «Artes Liberales» Варшаўскага ўніверсітэта падкрэслівае, што практычна кожнай мове меншасці пагражае знікненне, розныя толькі маштабы гэтай з’явы. Паводле агульных ацэнак, кожныя некалькі тыдняў у свеце знікае адна мова:

- Калі знікае мова, то знікае культура і веды закадаваныя ў дадзенай мове. Таму Міжнародны дзень роднай мовы, гэта добры момант задумацца пра гэтую з’яву і магчымыя спосабы ейнага запаволення.

Паводле эксперта, зараз пад вялікай пагрозай знікнення апынулася віламоўская мова, якой у цяперашні час карыстаецца група з некалькіх дзясяткаў жыхароў Віламовіц – гарадка ля Бельска-Белай на поўдні Польшчы. У асноўным гэта пажылыя людзі, якім больш за 60 гадоў.

Паводле агульных ацэнак, польская мова зʼяўляецца роднай для прыкладна 44 мільёнаў чалавек у свеце. Яе важнасць асабліва цэняць і суайчыннікі за мяжой. Настаўніца з польскай гімназіі ў Яшунах у Літве Анжэла Дайлідка падкрэсліла, што родная мова – гэта спадчына пакаленняў:

- Літаратура на роднай мове – выключна каштоўная. Чалавек, які чытае на роднай мове інакш думае, інакш перажывае рэчаіснасць.

Міжнародны дзень роднай мовы – таксама нагода нагадаць пра неабходнасць клопату пра родную мову. Прасоўваннем правілаў польскай мовы займаецца таксама Польскае радыё, выконваючы сваю місію грамадскага вяшчальніка. Радыёстанцыя, між іншым, ладзіць моўныя конкурсы, дыскусіі пра мову, выпускае праграмы, прысвечаныя багацці роднай мовы, яе культуры, гісторыі і сучаснасці, а таксама правільнаму выкарыстоўванні на практыцы.

Журналістка Польскага радыё і член Савета польскай мовы пры Польскай акадэміі навук Малгажата Тулавецка (Małgorzata Tułowiecka) нагадвае пра найбольш распаўсюджаныя памылкі, якія, на жаль, таксама з’яўляюцца ў СМІ:

- Распаўсюджаная памылка – пазбяганне скланення прозвішчаў. Няправільнымі з’яўляюцца таксама шматлікія канструкцыі, напрыклад, «sport-telegram», «X faktor», «Top Chef». Палякі таксама кажуць, што «некага абралі прэзідэнтам» – гэта цяжка выкараніць.

Пра правільнасць польскай мовы клапоціцца Савет польскай мовы – гэта камісія экспертаў, створаная ў 1996 годзе Прэзідыумам Польскай акадэміі навук. Ейныя задачы, гэта, сярод іншага, аналіз і ацэнка стану польскай мовы, выдаванне заключэнняў па ўжыванні польскай мовы, у тым ліку вырашэнне сумненняў, ацэнка новых словаў, а таксама ўстанаўленне правілаў арфаграфіі і пунктуацыі.

У сваю чаргу, Моўная абсерваторыя Варшаўскага ўніверсітэта займаецца рэгістрацыяй, апісаннем і распаўсюджваннем новых слоў на спецыяльным сайце. Гэта, перш за ўсё, розныя тыпы неалагізмаў, якія дагэтуль не былі змешчаныя ў слоўніках.

Міжнародны дзень роднай мовы быў заснаваны ЮНЕСКА ў 1999 годзе ў гонар падзей, якія ў 1952 годзе адбыліся ў цяперашняй сталіцы Бангладэшу. Тады былі забітыя пяць студэнтаў, якія патрабавалі надаць бенгальскай мове статус афіцыйнай. Першыя святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы ў свеце адбыліся ў 2000 годзе, у Польшчы ў 2005 годзе.

ІAR/ аз

Беларускі Дом у Варшаве запрасіў беларусаў напісаць Нацыянальную дыктоўку разам

20.02.2022 17:18
Гэтым разам тэкст быў унікальным – дыктоўка была складзеная паводле лістоў беларускіх палітвязняў.