Беластоцкія святкаванні Дня Волі пачаліся каля турмы па вуліцы Каперніка, – піша Уршуля Палюховіч. – Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі беларускай меншасці і ўлад горада Беластока ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі ў гонар ахвяр сталінскіх рэпрэсій, сярод якіх быў Макар Краўцоў – аўтар радкоў гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Святлана Ціханоўская ў тым жа месцы нагадала палітзняволеных у Беларусі, а таксама аднеслася да інфармацыі аб вызваленні лідаркі польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі Анжалікі Борыс, якая прагучала за некалькі гадзін да пачатку ўрачыстасці. Пасля на плошчы Касцюшкі адбылася дэманстрацыя ўсіх тых, якіх аб'яднала агульная прага – змаганне за волю і вызваленне з-пад прыгнёту. Луналі не толькі бел-чырвона-белыя сцягі Беларускай Народнай Рэспублікі, але таксама сіне-жоўтыя сцягі Украіны. Удзельнікі трымалі транспаранты з антываеннымі лозунгамі, гучалі воклічы Жыве Беларусь і Слава Украіне.
Вучні беларускага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім 25 сакавіка, на Дзень Волі ў канцэртнай зале Бельскага дома культуры наладзілі канцэрт «Моладзь супраць вайны». У пачатку святочнай сустрэчы з дакладам выступіў гісторык Славамір Іванюк з Беларускага гістарычнага таварыства. Напомніў ён пра падзеі, якія папярэдзілі абвяшчэнне ў 1918 годзе незалежнасці Беларусі, успомніў беларусаў гістарычнай Бельшчыны, якія прымалі актыўны ўдзел у стварэнні і дзейнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Моладзь вельмі хвалюе ўсё тое, што адбываецца цяпер ва Украіне і Беларусі. Каб дапамагчы ўкраінцам, збіралі яны грошы і праводзілі гуманітарныя акцыі. Раней на святкаванне прыязджалі ў Бельск «Гарадзенскія каруначкі», але зараз такія абставіны, што яны не могуць прыехаць.У мастацкай частцы выступіў танцавальны калектыў «Падляшскі вянок» з Беластока.
Дзень Волі адзначылі таксама вучні Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы. У рамках святкавання ў школу прыехаў рэжысёр-дакументаліст Юры Каліна. Ліцэісты паглядзелі яго фільм пра фестываль «Басовішча», а пасля адбылася сустрэча вучняў з аўтарам фільма. З канцэртам выступіў Зміцер Вайцюшкевіч, які не адзін раз выступаў на легендарным ужо фестывалі музыкі маладой Беларусі.
У сядзібе цэнтра для журналістаў «Беларускі медыя-порт», што па вуліцы Сянкевіча ў Беластоку, прайшоў першы выпуск моўна-культурных курсаў «Мова нанова», – піша Ганна Кандрацюк. – Прапанова новая для Беластока, хоць як яркая зʼява грамадскай самаадукацыі ўжо ўкаранелая ў агульнабеларускай свядомасці і гісторыі. А паколькі першы выпуск адбыўся напярэдадні 25 Сакавіка, ён прысвячаўся Дню Волі і БНР. Згодна з традыцыяй выступілі госці: рэдактар Яўген Вапа і Кацярына Ваданосава – астатняя з паэзіяй і песнямі. У ходзе сустрэчы адбілася рэха не толькі падзей 1918 года, калі Беларусь заявіла свету права на сваю незалежнасць і дзяржаву. Важкасць ідэі выспела ў падзеях дзве тысячы дваццтага года, якія для многіх прысутных сталі пачаткам беларускай самасвядомасці. Курсы «Мова нанова» гэта прапанова і выклік, каб натхніць і матываваць да вывучэння беларускай мовы. Арганізатары курсаў «Мова нанова» – беларуская дыяспара Беластока, цэнтр «Беларускія медыя-порт» і Фонд «Тутака» абяцаюць жывыя, эмацыянальныя заняткі і сустрэчы з цікавымі беларусамі. Прымаць удзел у занятках можа кожны, хто хоча лепей ведаць беларускую мову, гісторыю і культуру. Мерапрыемства будзе праводзіцца цыклічна кожныя два тыдні.
«Подых тэмры. Стэжкамі пэрэжытого»– такую назву мае чарговая кніга беларускага пісьменніка, грамадскага, культурніцкага і палітычнага дзеяча Віктара Стахвюка, – піша Міра Лукша. – Сустрэча з аўтарам і прамоцыя кнігі адбылася 17 сакавіка ў гміннай бібліятэцы ў Нарве, а 18 сакавіка ў беластоцкім Цэнтры праваслаўнай культуры. Сустрэчы вёў выдавец і рэдактар кнігі Дарафей Фіёнік, старшыня Фонду «Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах». Кніга «Подых тэмры» Віктара Стахвюка ўжо пятая ў серыі «Літаратура Падляшскіх беларусаў», якую выдае Фонд «Музей малой Бацькаўшчыны». «Выключнасць рамана ў тым, што ён напісаны на гаворцы беларусаў Падляшша, – сказаў рэдактар кнігі Дарафей Фіёнік. – Мы занялі нішу ў літаратуры падляскіх беларусаў, якая, скажам, яшчэ не занятая і маларазвітая. Гэта літаратура на падляска-рускай мове. Думаю, што калі ўжо маем раман і гэта раман такога абʼёму, то наша падляская літаратура развіваецца і ідзе ў добрым напрамку», – мяркуе Дарафей Фіёнік.
Віталь Луба