Велікодныя святы папярэджвае Вялікі пост – перыяд чакання і пакаяння. Аднак звязаныя з ім традыцыі мяняліся на працягу стагоддзяў. Як гэты перыяд выглядаў у XIX стагоддзі? Якія звычаі, папулярныя тады ў шляхецкіх сядзібах, захаваліся да нашых часоў, а пра якія ніхто ўжо не памятае?
Вялікдзень – гэта самае старажытнае і найважнейшае хрысціянскае свята, нагадвае эксперт з Музея Пана Тадэвуша ў Вроцлаве Марта Дардзіньска (Marta Dardzińska):
- Вялікдзень – гэта найстарэйшае хрысціянскае свята, якое было заснаванае ў ІІ стагоддзі нашай эры ў памяць аб пакутах, смерці і ўваскрэсенні Езуса Хрыста. Пачаткова згаданае свята называлі Пасхай. Назва Вялікдзень была прынятая значна пазней. Велікодныя святы – гэта рухомыя святы. Вялікдзень святкуецца ў першую нядзелю пасля веснавой поўні. Веснавая поўня – першая поўня пасля веснавога раўнадзенства. Гэта значыць, што свята выпадае ў перыядзе ад 22 сакавіка да 25 красавіка. Прынцып вызначэння Велікодных святаў быў прыняты на Першым Нікэйскім саборы ў 325 годзе.
Велікодныя святы мелі не толькі рэлігійнае вымярэнне, паколькі яны азначалі таксама надыход вясны, якой тады людзі вельмі чакалі, кажа даследчыца:
- Велікодныя святы азначалі таксама пачатак вясны. Для нас можа гэта не навіна. Аднак, для людзей, якія былі вельмі моцна звязаныя з прыродай, а нават жылі паводле рытму прыроды, то пачатак вясны быў вельмі чаканым перыядам. Гэта не таму, што яны чакалі прыгожага надвор’я для шпацыраў у парку, але таму, што зіма заканчвалася і можна было выйсці да працы ў поле. Гэта быў таксама канец перыяд голаду, калі заканчваліся запасы леташніх пладоў. Паводле некаторых экспертаў, не выпадкова менавіта ў гэтым перыядзе ў хрысціянскай традыцыі выпадае пост. У людзей і так не было што есці – запасы заканчваліся і трэба было чакаць па першыя новыя плады, якія з’яўляліся вясной, летам і восенню.
Час Вялікага посту папярэджвала Сямідзесятніца – літургічны перыяд (przedpoście – па-польску), які працягваўся тры тыдні да Вялікага посту, нагадвае Марта Дардзіньска:
- Гэта час, які папярэднічае Вялікі пост. Гэты перыяд каталікі спынілі адзначаць пасля Другога ватыканскага сабора, які адбываўся ў гадах 1962-1965. Па сённяшні дзень Сямідзесятніца захавалася ў праваслаўі і некаторых пратэстанцкай касцёлах.
У гэтым перыядзе паволі заканчваўся карнавал і вернікі павінны былі паступова рыхтавацца да перыяды Вялікага посту, то бок паступова адмаўляцца ад забавы і супакойвацца. Чым пост павінен быць для каталікоў у XIX стагоддзі чытаем у кнізе «Год Божы ў літургіі і традыцыі Святога Касцёла з улікам абрадаў і звычаяў»:
- Пост – як пакуту і абмежаванне ежы і пітва ведаюць амаль усе народы. Пост заўсёды ўспрымаўся, як выява пачуццяў і рэлігійных перакананняў. Старажытныя народы звярталі на пост вялікую ўвагу, як на спосаб утаймавання раз'юшанага бажаства. Габрэі лічылі пост вельмі станоўчым учынкам і часта яго практыкавалі. Пост быў доказам пакаяння ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, то бок у часе няшчасця і смерці. Паводле габрэяў пост мог прадухіліць гнеў Бога.
На практыцы, у XІX стагоддзі, тагачасныя палякі ажыццяўлялі якасны пост. Гэта значыць, што яны елі даволі шмат, але стравы, якія лічыліся стравамі горшай якасці. Гаворка ідзе, напрыклад, пра гарох, капусту, суп без мяса, грыбы, селядзец, бліны – то бок посныя стравы, без мяса, смятаны, масла. У гэтым заключалася адметнасць посту ў Польшчы XIX стагоддзя. Варта памятаць, што звычаі, звязаныя з постам, часта адрозніваліся ў залежнасці ад дому, сям’іі, багацця і рэгіёну Польшчы. Аднак экспертка Музея Пана Тадэвуша нагадвае, што неад’емным элементам Вялікага посту была міласціна:
- Шляхцянкі ў рамках міласціны ў часе Вялікага посту шылі вопратку для сіротаў з дзіцячых дамоў або літургічную вопратку для святароў. Міласціна азначала не толькі фінансавую дапамогу, але таксама працу для патрабуючых. Гэта былі характэрныя дзеянні ў часе, які папярэднічаў як Каляды, так і Вялікдзень.
Перыяд Вялікага посту – гэта таксама час наводжання буйных парадкаў, як у доме і на двары, а таксама час пакупак, калі трэба было прывезці з далёкага горада неабходныя прадукты, у тым ліку экзатычныя:
- Падрыхтоўкай святаў, як Калядаў, так і Вялікдня кіравалі жанчыны. У гэтым часе, гэта яны пераймалі кантроль над домам. Мужчынаў часта высылалі з дому, напрыклад, на паляванне, каб яны проста не перашкаджалі ў падрыхтоўцы святаў. Калі гаворка ідзе пра кулінарную падрыхтоўку да святаў, то шляхцянкі разам са службай закасвалі рукавы і шлі на кухню працаваць.
Важным пунктам падрыхтоўкі да Велікодных святаў былa святочная выпечка, нагадвае Марта Дардзіньска:
- Святочнай выпечкай займаліся на Вялікім тыдні. Жанчыны ставілі сабе ў гонар зрабіць дасканалую бабу. Велікодная выпечка была розная, але найбольш вядомымі былі менавіта бабы і мазуркі. Выпечка бабы была даволі складаная. Каб падрыхтаваць бабу патрэба было даволі шмат яек, часта дадаваўся шафран, алеі, цукар – значыць, згаданае пірожнае было даволі каштоўнае, бо тады гэта не былі танныя прадукты. І, калі не атрымалася – гаспадыні была ў адчаі.
У Вербную нядзелю вернікі асвячалі пальмы, якія праз год неслі ў касцёл і спальвалі. Такім чынам атрымлівалі попел, якім у Папяльцовую сераду пасыпвалі галавы вернікаў. Вялікі тыдзень, то бок апошнія сем дзён поснага перыяду – заключаў найважнейшыя моманты Вялікага посту. Гэта быў час малітвы і сапраўднага посту. У Вялікі тыдзень таксама ля касцёлаў збіралі ахвяраванні для патрабуючых.
Вялікая субота заканчвала Вялікі пост. У некаторых дамах пост у гэты дзень абавязваў толькі да поўдня, кажа экспертка:
- Цікавай традыцыяй XІX стагоддзя, характэрнай выключна для Польшчы, было гэтак званае «свянцонае». Цяпер мы таксама нясем кошык з гэтак званай «свянцонкай» у касцёл, але гэта сімвалічны жэст. У XІX стагоддзі, у шляхецкіх дамах у Польшчы, асвячалі цэлыя сталы з усімі святочнымі стравамі, якія спажываліся падчас святаў. З гэтай мэтай у дом прыязджаў ксёндз.
Марта Дардзіньска з Музея Пана Тадэвуша ў Вроцлаве падкрэслівае, што гэта быў звычай характэрны выключна Польшчы. У іншых краінах такой традыцыі не было. Асвечаныя стравы заставаліся на стале цягам усіх святаў. Прыязджалі шматлікія госці. Найстарэйшыя гістарычныя запісы пра гэты звычай паходзяць з пачатку XVII стагоддзя.
Анна Задрожна
Анлайн-лекцыя Марты Дардзіньскай з Музея Пана Тадэвуша ў Вроцлаве: «Аб шляхецкіх велікапосных традыцыях».