Беларуская Служба

Агляд «Нівы»: трансгранічны праект «Прыродная скарбніца па-над межамі»

06.06.2022 16:13
Агляд свежага нумару выдання беларусаў Польшчы. 
Аўдыё
Рэдакцыя тыднёвіка ў Беластокуфота: Н. Грышкевіч/radyjo.net

У рамках Дзён сучаснага мастацтва ў Беластоку выступіла Яна Шостак, прэзентуючы «Stand up «За вашы правы». Матэрыялам для мастацтва тут з'яўляецца жыццё Яны, яе розныя ролі, увасабленні, перформансы.

Яна Шостак – беларуская мастачка, народжаная ў Гродне, з 2010 года жыве ў Польшчы. Працуе аспіранткай Універсітэту мастацтваў у Познані. З 2016 года свядома выкарыстоўвае СМІ як пляцоўку для распаўсюджвання сваёй дзейнасці ў сферы мастацтва. Кожны дзень у 18.00 яна ўносіць свой уклад у часовы помнік – «адну хвіліну крыку за Беларусь». – Чаму Крыкуха з Твайго апошняга стэндапа не крычыць? – спытала мастачку Іаана Далецкая. Яна Шостак сказала, што цяпер яна крычыць па-іншаму. Найперш шляхам ажыццяўлення дзейнасці на польска-ўкраінскай мяжы. «Крыкуха» – гэта таксама спроба перапрацоўкі і атрымання дыстанцыі да рэчаіснасці, у якой аднаго крыку ўжо недастаткова. Часы становяцца ўсё больш рэзкімі, і трэба знайсці спосаб крычаць па-іншаму, каб прыцягнуць увагу людзей.

Усім усё хутка надакучвае. Гэта добра бачна ў кантэксце вайны ва Украіне, пра якую польскія СМІ пішуць усё менш і радзей, бо колькі ж можна ўсё пра тое самае. Тут павінна ўступіць у дзеянне мастацтва, якое прыцягвае ўвагу да тэмы рознымі іншымі «прывабнымі» спосабамі.

З чым, як не з Украінай можа асацыявацца прозвішча Стэповычка? – пытае рытарычна Уршуля Палюхловіч. Свабода, патрэба прасторы, любоў, але і «цвёрдасць стэпу пад нагамі» – гэта ўсё зафіксаванае ў вершах Лесі Стэповычкі. 29 траўня ў клубе «Свенты спокуй», што ў Любліне, прайшла літаратурная сустрэча з паэтэсай, пісьменніцай і перакладчыцай з Дняпра. Леся Стэповічка (у сапраўднасці Аляксандра Нестораўна Булах) – гэта ўкраінская паэтка, перакладчыца, празаік, публіцыстка, мадэратар і актыўная ўдзельніца літаратурнага працэсу Прыдняпроўя. Член Нацыянальнага саюзу пісьменнікаў Украіны, заслужаны дзеяч культуры Украіны. У 1976 годзе скончыла рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэту Днепрапятроўскага дзяржаўнага ўніверсітэту і аспірантуру пры кафедры нямецкай мовы гэтага ж універсітэту. Аўтар кандыдацкай дысертацыі па германістыцы. Доўгі час выкладала на кафедры нямецкай мовы Днепрапятроўскага дзяржаўнага ўніверсітэту і на кафедры замежных моў Днепрапятроўскага металургічнага інстытуту.

Паэтычны зборнік «Сэрца ў палоне» – свежы і першы двухмоўны зборнік, выдадзены на польскай і ўкраінскай мовах. Перакладам займаўся Тадэй Карабовіч, паэт і папулярызатар украінскай літаратуры ў Польшчы. Кніга ўяўляе сабой дзённік пачуццяў, сама назва раскрывае чытачу змест – каханне. Леся таксама зʼяўляецца аўтарам палымяных і важных вершаў, прысвечаных незалежнасці Украіны, сама ўдзельнічала ў абедзвюх рэвалюцыях і вядомая рэвалюцыйнымі творамі.

Сувязі паміж прыродай, традыцыямі і культурай мясцовых беларусаў мела даследаваць моладзь і іх апекуны па абодвух баках польска-беларускай мяжы, – піша Аляксей Мароз. – У Белавежскім нацыянальным парку ў сакавіку 2020 года была падпісана дамова па рэалізацыі вучнямі і настаўнікамі Гайнаўскага беларускага ліцэю і Сярэдняй школай № 3 гораду Пінску трансгранічнага праекту «Прыродная скарбніца па-над межамі». Майстар-класы і астатнія заняткі мелі адбывацца ў памяшканнях і на прыродзе ў Гайнаўскім павеце і на Піншчыне, прадбачвалася будова адукацыйных прыродна-культурных цэнтраў у будынках Гайнаўскага белліцэя і Пінскай Сярэдняй школы № 3, а таксама выданне адукацыйных матэрыялаў. Аднак пасля падпісання праекту свет спасцігла пандэмія каранавіруса і ў Гайнаўскім белліцэі распачалося доўгатэрміновае дыстанцыйнае навучанне. На жаль, моладзь ніколі не сустрэлася ў рэальным жыцці. Са студзеня мелі быць арганізаваныя кансультацыйныя масты, але гэтага не адбылося. Маючы на ўвазе палітычную сітуацыю і спыненне суадносін паміж Польшчай і Беларуссю, удзельнікі праекту з Піншчыны з канцом студзеня перасталі быць афіцыйнымі партнёрамі гайнаўскіх ліцэістаў. Усё ж такі праект закончыўся поспехам, а падвядзенне вынікаў рэалізацыі праекту «Прыродная скарбніца па-над межамі» адбылося 23 мая ў Гайнаўскім белліцэі. У рамках праекту ў школе быў створаны адукацыйны цэнтр. «У ім будуць праводзіцца заняткі для ліцэістаў і вучняў пачатковых школ наконт сувязяў прыроды і культуры ў рэгіёне Белавежскай пушчы», – сказаў дырэктар белліцэю Ігар Лукашук.

Пасля вайны ў гарадах нашай часткі Еўропы сталі ўзводзіць помнікі ўдзячнасці Савецкай Арміі, – піша Аляксандр Вярбіцкі. – Такі помнік, вядома, быў устаноўлены і ў Беластоку. Спярша планавалася яго паставіць на плошчы перад тэатрам Вянгеркі, але было прынята рашэнне паставіць яго ў больш відным месцы – у парку Плянты. Козырам апошняй лакалізацыі было і тое, што помнік выглядаў больш пафасна побач водных басейнаў і ў парку можна было сабраць больш насельніцтва на мітынгі польска-савецкай дружбы. Краевугольны камень быў пакладзены ў дзень Савецкай Арміі – 23 лютага 1951 года. А афіцыйнае адкрыццё галоўнага элемента помніка – трохметровай фігуры чырвонаармейца на высокім у дзевяць метраў цокалі адбылося ў гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі – 7 лістапада 1951 года. На Плянтах помнікавы ансамбль прастаяў сорак гадоў – да часу дэкамунізацыі. Тады, у пачатку 1990-х гадоў, было вырашана перанесці яго на некраполію палонных чырвонаармейцаў.

Віталь Луба