Беларуская Служба

Сяржук Доўгушаў: Я бачу, як змянілася Варшава, нагадвае Мінск у лепшыя часы

30.11.2022 10:06
Спявак і музыка Сяргей Доўгушаў расказвае пра свае праекты і ўражанні ад ЗША і Польшчы.
Аўдыё
  • «Дом творцаў» у Варшаве прымае людзей з Беларусі, якія выходзяць з турмы.

Спявак і музыка Сяргей Доўгушаў, заснавальнік «Спеўнага сходу» і арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў» пражыў у ЗША год. Цяпер ён у Варшаве з кароткім, але насычаным падзеямі візітам. Якія планы ў чалавека-аркестра, што адбываецца з яго праектамі, чым Еўропа адрозніваецца ад ЗША, пра ўсё гэтаслухайце ў размове.

Слухайце размову у далучаным файле!

– Распавядзіце пра арт-рэзідэнцыю «Дом творцаў». Цяпер стыпендыі атрымліваюць людзі з творчага асяродку, якія выйшлі са зняволення ў Беларусі?

– Арт-рэзідэнцыя «Дом творцаў» ужо год дзейнічае ў Варшаве. Яна працуе для творчых людзей, для іх рэабілітацыі і стварэння творчых праектаў. Такім чынам у нас адбылося чатыры рэзідэнцыі: музычная, мастацкая, фальклорная і тэатральная. Зараз такі час, што менавіта рэзідэнцыя прыпынілася. У нас пакуль няма партнёраў, падтрымкі. Мы хутка перайшлі на іншы фармат. І ён звязаны з тым, што людзі выходзяць з турмы, ім патрэбная падтрымка. На сённяшні дзень у нас такіх жывуць дзесяць чалавек. Яны адбылі тэрміны ад 1,5 да двух гадоў турмы. Мы іх сустрэлі, яны жывуць у доме, максімальна спрабуем наладзіць іх быт, каб яны маглі спакойна адпачыць.

– У якім стане людзі прыязджаюць з Беларусі?

– Бачу цяжкі псіхалагічны стан. Трэба час, каб яны рэабілітаваліся і перастроіліся, бо што адбывалася там, а тут карцінка змянілася. І да гэтага трэба прывыкнуць, бо гэта таксама стрэс. Таму размова ідзе і пра далучэнне да працы псіхолагаў.

– Ці атрымліваецца знайсці фінансаванне на гэты праект?

– Я хачу максімальна распавесці пра гэты праект, каб была падтрымка. Бо цяпер частку грошай я выдаткоўваю з тых сродкаў, што зарабіў у Амерыцы. Дадаткова запусціў краўдфандынг на gofundme.com. Але там ёсць свае моманты – сабраная сума будзе ў нас праз месяц. Таксама займаюся фандрайзінгам у іншых месцах. Хацелася б, каб было чым плаціць далей, бо на месяц мы назбіралі, а хацелася б бяспекі. Асноўныя выдаткі: арэнда дома, набыццё прадуктаў, аплата выдаткаў на дарогу, праязныя людзям. Я ведаю, што ў наступным месяцы яшчэ больш будзе людзей. Увогуле мару, каб было яшчэ два-тры такія дамы, каб людзі там жылі і спакойна пачуваліся.

Хто выехаў тэрмінова з Беларусі, сутыкаецца з сур’ёзнымі праблемамі. У той жа Варшаве жыллё знайсці не так проста, яго не надта хочуць здаваць асобам без польскіх дакументаў. Плюс пытанне грашовае: хто вызваліўся, не мае нічога, іх трэба падтрымаць.

– Вы прыехалі з ЗША ў Польшчу надоўга? Якія вашыя планы?

– Жыццё тут вельмі актыўнае, і я рады. У мяне ледзь не па гадзінам распісаны кожны дзень – і выступы, і майстар-класы. Вільня, Варшава, потым будзе Прага. Мяне запрашаюць як музыку, выкладчыка, акрамя таго я правожу сустрэчы з рознымі суполкамі, Варшаўскі «Вольны аркестр» мяне чакаў. Таксама я засяроджваюся на тым, каб людзі, якія выехалі, а гэта творчыя людзі, там ёсць мастакі, дызайнеры, музыканты, каб яны знайшлі сябе, знайшлі сабе працу.

– Пачуваецеся на сваім месцы – ва ўсіх гэтых сустрэчах, справах?

– Так, у мяне першае адчуванне было, што вярнуўся дадому. Актыўнасць, рэзананс, усе праекты, якія мне давялося аднаўляць, хацелася б, каб гэта працавала. Я бачу, што вельмі змянілася Варшава, у лепшы бок. Мне гэта падабаецца. Нагадвае Мінск у лепшыя часы, калі за адзін вечар было па пяць-шэсць імпрэзаў, і можна было выбіраць: ці ты ідзеш на спектакль, ці на канцэрт, ці на нейкія лекцыі.

– Што робіць вас шчаслівым цяпер?

– Мяне робіць шчаслівым тое, што я на сваім месцы, я магу рабіць тое, у чым адчуваю сябе запатрабаваным, бачу, што змагу дапамагчы людзям. Важна быць на сваім месцы і рабіць тое, што варта можаш, на сваім месцы і ў сваім часе. У ЗША я адвык ад сябе як ад музыканта, творцы. Але ўнутры просіцца праектная дзейнасць, я ў гэтым разумею, магу дапамагчы, кагосьці кансультую. Нешта арганізаваць, стварыць, для мяне гэта важна.

– Але плануеце вярнуцца ў ЗША?

– Так, але мой дом тут. «Дом творцаў». Ёсць мой кабінет, там мае рэчы, хаця яны раскіданыя паўсюль – і ў Беларусі, і ў Амерыцы. Але адчуванне дому цяпер тут. Хаця і ў Амерыцы я пасябраваў з мясцовымі беларусамі, ладзілі там Купалле, Каляды, Дзяды. А зараз лячу ў ЗША, бо там запланаваны калядны тур. Там таксама Беларусь, мая амерыканская Беларусь пачнецца з Калядаў, палячу ў Тэхас. І, канешне, працягваюцца іншыя праекты. Правяду, арганізую і вярнуся сюды.

– Вы прыехалі цяпер у Польшчу з ЗША. Бачыце адрозненні ў ментальнасці людзей, у настроях у грамадстве?

– У еўрапейцаў больш свабоднага часу, бывае, што непатрэбная машына, часам ідзеш і пасля працы сустракаешся ў кавярні, у рэстарацыі можаш сустрэцца пасля працоўнага дня. Амерыка – працуюць, яны шмат працуюць, каб забяспечыць сябе. Для сям’і, быту Амерыка падыходзіць. Але асабіста мне вельмі не хапала гэтых сустрэч, атрымлівалася раз на месяц, бо беларусы вельмі раскіданыя там. Я больш кажу пра лад жыцця, у мяне таксама цяпер не хапае часу на тусоўкі. Але папіць смачнай кавы, пасядзець у кавярні, прызначыць свае сустрэчы, займацца сваім праектам – мне гэтага не хапае. Няма толькі дрэннага ці добрага. У ЗША мне падабаецца гастраляваць.

– Для чаго патрэбныя, які сэнс ва ўсіх гэтых шматлікіх міжнацыянальных і нават міжкантынентальных культурніцкіх праектах, якія робяць цяпер беларусы?

– Я думаю, што гэта важна. У любой краіне, у любым месцы гэта дазваляе людзям адчуваць сябе беларусамі. Дзеці ў ЗША, якія прыйшлі на Купалле, у школе расказваюць пра гэты абрад. І праз дзіцячы свет расказваюць пра беларускую культуру. Самае важнае, Беларусь стала светам, яна развіваецца ў Польшчы, ЗША і г.д. Важна, каб мы не гублялі сувязь адзін з адным. Культурніцкія з’явы даходзяць і да самой Беларусі. Калі кніга выйшла ў Вільні, гэта не значыць, што ў Беларусі яе ніхто не пабачыць. Я ў Варшаве іду на Кніжны гістарычны кірмаш і там беларускі стэнд. Беларуская культура становіцца часткаю іншых культур. І яна вяртаецца ў Беларусь, не вернецца некалі, яна ўжо там.

вх