Беларуская Служба

Беларуская незалежная культура ўпершыню атрымала 2 млн еўра ад ЕС

21.12.2022 15:33
Беларуская рада культуры супольна з Дацкім інстытутам культуры распачынаюць буйны праект «ArtPowerBelarus».
Аўдыё
  • Беларуская незалежная культура ўпершыню атрымала 2 млн еўра ад ЕС
.
.фота: Беларуская рада культуры

Праект створаны з глабальнаю мэтаю захавання беларускай грамадзянскай супольнасці праз культуру і мастацтва. ЕС выдзеліў на рэалізацыю праекта 2 млн еўра. Такую суму беларуская незалежная культура атрымлівае ўпершыню.

Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін кажа, што ўпершыню ў прыярытэт ЕС трапіла менавіта культура.

-Раней слова культура не заўсёды прамаўлялася на такім узроўні. Таму два гады таму, акрамя тэрміновай дапамогі, мы вырашылі працаваць на перспектыву. Мяне заўжды бянтэжыла думка, што нам не да песень, калі вакол рэпрэсіі і вайна. Было важна давесці, што культура – гэта пра ўсіх нас. Культура дапаможа захаваць нас як асоб і ўласна нашу краіну. Гэта адзін з элементаў рухавіка перамен. Праект стаў вынікам перамоўнага працэса. Мы ўзялі на сябе адказнасць перамоўшчыка. Нам патрэбны былі партнёры, бо маладой арганізацыі такія грошы ніхто не вылучыць. Адсюль супрацоўніцтва з Дацкім інстытутам культуры. Гэта праект для ўсіх, а мы – абслугоўваючы персанал.

Праект распачынаўся як ідэя, каб дзеячы культуры бралі кіраванне культурай і культурніцкай палітыкай у свае рукі. Гэты праект – гэта першы крок у гэтым напрамку, кажа распрацоўніца праекта «ArtPowerBelarus» Таццяна Пашавалава.

-Першая мэта – падтрымка дзеячаў культуры ў іх творчым працэсе праз дзве лініі падтрымкі. Першая – падтрымка праекту. Малыя – да 5 тысяч еўра і вялікія – да 60 тысяч еўра, якія будуць выдзяляцца на конкурснай падставе. Другая лінія – падтрымка мабільнасці дзеячаў культуры. Гэта ўдзел у розных фестывалях, мерапрыемствах, адукацыйных праектах у іншых краінах.

Таццяна Пашавалава адзначыла, што яшчэ адным складнікам з’яўляецца працэс лабіявання – пошук большых рэсурсаў на беларускую культуру. Для гэтага трэба вызначыцца з прыярытэтамі, мэтамі працы. З гэтай мэтай неабходна стварыць прастору, наладжваць мерапрыемствы ці працэсы па абмеркаванні гэтых прыярытэтаў.

Таму ў праекце прадугледжаны канферэнцыі, варкшопы, мітынгі. Іх мэта – стварэнне Сойму культуры, да якога маглі б прыслухоўвацца донары і мецэнаты культуры.

Чарговы элемент – падрыхтоўка культурных менеджараў новага пакалення.

Праект падтрымае таксама аналітычную працу: маніторынгі, даследаванні, аналітыку ў галіне культуры.

ArtPowerBelarus разлічаны на 28 месяцаў. Першыя заявы на фінансаванне можна будзе складваць хутчэй за ўсё ў студзені, калі паступяць першыя грошы ад ЕС.

ав

слухайце аўдыё