Слухайце сюжэт цалкам у далучаным файле!
Напрыклад, у першыя дні новага году беларусы Мінесоты зладзілі сапраўдны Калядны абрад: з Казой і Мядзведзем, спевамі і віншаваннямі. Арганізатарам быў музыка Сяргей Доўгушаў. Як гэта было? Фрагмент можна паслухаць у сюжэце.
А ў Беластоку ў Польшчы беларусы і беларускі арганізавалі калядны марафон. Вось што расказвае адна з яго арганізатарак, журналістка Марыя Грыц:
– У Беластоку прайшла калядная імпрэза, дзе мы паказвалі батлейку, да нас прыходзілі калядоўшчыкі, а яшчэ мы плялі саламяных павукоў – на Каляды спальвалі старога павука і вешалі новага. Змаглі сабраць гэтыя падзеі так, што атрымаўся вечар беларускай культуры. Але гэта толькі сярэдзіна нашага шляху. Мы пачалі калядаваць яшчэ 25-га снежня – нас запрашалі ўсе ахвочыя, потым на занятку «Мова нанова» мы развучвалі калядныя песні, гаварылі пра традыцыі, а 7-га снежня зноў будзем хадзіць па хатах калядаваць. Спадзяюся, на гэтым скончым наш марафон, бо гэта ўсё, як выявілася, даецца няпроста.
Для чаго? Я не ведаю як іначай. Я калядавала летась у Кіеве, бо тыя Каляды сустрэла ўжо ва Украіне. Мы сабралі ўсіх ахвочых і хадзілі з Калядою па беларусах і беларусках Кіева, сёлета – Беластоку. Для мяне традыцыі – гэта повязь не толькі з радзімаю, але і з маімі бабуляю-дзядулем, гэта і сямейныя традыцыі. Калі я апынулася ў іншай краіне, то зразумела, колькі ў мяне розных сямейных традыцый, і гэта мае апоры. Адмовіцца ад іх – гэта значыць адмовіцца ад надзеі, што я вярнуся. Чалавек сваё неба носіць з сабою, то маё неба выглядае так. Дзе я, там і кавалачак беларускай культуры.
"Чалавек сваё неба носіць з сабою, то маё неба выглядае так. Дзе я, там і кавалачак беларускай культуры"
Марыя расказала, што звычайна калядоўшчыкаў запрашаюць беларускія сем'і, многія маюць цяжкі досвед эміграцыі. І хвіліны з калядоўшчыкамі – прыемнае свята, якое дазваляе пераключыцца на іншую атмасферу.
Разам з тым Марыя падкрэслівае, што арганізацыя культурных мерапрыемстваў – праца, якая патрабуе энергіі і часу, але, безумоўна, ёсць вялікая эмацыйная аддача.
«Я спадзяюся, гэта зярнятка ў беларускую будучыню», – гаворыць Марыя Грыц.
вх