Беларуская Служба

Янка Целушэцкі: «Ніва» - мая газета»

23.01.2023 15:11
Агляд тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва».
Аўдыё
  • Агляд тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» ад Міры Лукшы.
Падляская "Ніва" .

Агляд зместу нумара чацвёртага тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» ад дваццаць другога студзеня тысяча дзевяцьсот дваццаць трэцяга года

Як пачаліся святы, дык беларусы святкуюць аж да паловы зімы, а разам з імі і родны тыднёвік. Аляксей Мароз пабываў на навагодніх сустрэчах у Гайнаўскім беларускім ліцэі 10 студзеня ў святочны калядным настроі і перад Новым годам паводле старога стылю. Здольныя ў музычным плане белліцэісты паказалі ў актавай зале школы багатую праграму перад вучнямі, настаўнікамі,  сямейнікамі і гасцямі з самаўрада і  культурных устаноў.  Па-акцёрскі ў час сустрэчы выступілі беларускія калектывы – вакальны «Знічка» і танцавальны «Лявоніха». «Мы павінны прамаваць і  паказваць беларускую культуру і знаёміць з ёй наша асяроддзе» -- сказаў дырэктар Гайнаўскага белліцэя Ігар Лукашук,  а маці белліцэісткі Марта Заброцкая дадала: «Такое мерапрыемства інтэгруе і вучняў, і бацькоў».

А на калядаванні ў дажджы ў Плютычах пабывала Гандзя Кандрацюк. Вёска ажывае толькі па ўік-эндах, кожная трэцяя хата там закрыта, але ж цягнула да роднага краявіду, да сваіх людзей. Хто яшчэ спадзяваўся, што зойдзе і да славутых «Рольнікаў з Падляшша» Геніка і Андрэя. «Калядавалі нармальна, заходзіўшы без спеху да людзей, віншавалі са святам, жадалі ўдач і мнагалецця». Харысты зайшлі таксама да 90-гадовай спадарыні Надзеі, якая вярнулася ў Плютычы пасля сарака пяці гадоў пражывання ў Беластоку, «каб яшчэ патаптаць па сваім панадворку. Вестка пра харыстаў, якія з Гандзяй ішлі па вёсцы, хутка пранеслася па ваколіцы, хаця крапацеў дождж. Пра надвор'е ўжо трэці  раз у сваім фельетоне «Сваімі вачыма» ўспамінае галоўны рэдактар Яўген Вапа. 

А надвор'е на Каляды  і Новы год было сапраўды веснавое. Але «падляшская дэмаграфічная праблема не дазваляе нават раз у год усім нам пагагатаць на поўны рот».  На другой старонцы цьмяна і панура – Уладзімір Хільмановіч наракае: «Яшчэ адзін крок у змрок»,  калі шыкуецца «ўцягванне беларусаў у чужую захопніцкую вайну». Міраслаў Грыка дык вялікім загалоўкам кароткага фельетона крычыць: «Агонія!»,  бо гістарычныя ўзоры паўтараюцца тысячагоддзямі, і ад таго войны і ліхалецці. Сумна! Хаця  добрая навіна – нараджэнне Хрыста-Збавіцеля чалавецтва дае ўсё надзею на тое, што яно апамятаецца. «Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір!» -- святкавалі ў Беластоку на багатым мерапрыемстве «Гвязда і калядка», дваццаць чацвёрты раз арганізаваным Беларускім грамадска-культурным таварыствам, якое сабрала больш за трыццаць выканаўцаў, пачынаючы ад дашкольнікаў, канчаючы на  славутых «старых» харах – з гэтай імрэзы ў «Ніве» вялікі фотарэпартаж – яго ў колеры можна ўбачыць у  электронным выданні тыднёвіка.

Першы раз на такой імпрэзе выступілі вучні з Міхалова, якіх падрыхтавала Ганна Комінч, што ў мінулым годзе стала там настаўніцай беларускай мовы. На старонцы для дзяцей і моладзі «Зорка»  калядуючыя вучні са школы ў Ласінцы і  Марыся Пяркоўская з Кляшчэль. А ў беластоцкіх школах, дзе дзеці вывучаюць беларускую мову – у школе н-р IV і праваслаўнай Кірылы і Мяфодзія сябры «Нівы» доктар Гражына Міхей- Харытанюк і Віктар Міхей пабывалі з цікавым выданнем – Календаром ад «Гутэнберга» з цудоўным дызайнам і трыццаццю шасцюдзесяццю пяццю беларускімі словамі.  Пра іншае цікавае выданне піша Юрка Буйнюк у рэцэнзіі кнігі светлай памяці  Віктара Мартыненкі «Прадмовы і Пасляслоўі», выдадзенай у Таліне ў Эстоніі.  Рок-гурты загаданыя Мартыненкам перайшлі  да гісторыі музыкі.

Ёсць і вялікая падборка паэзіі пераможцаў Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы Дар'юша Жукоўскага з Велішэва з пад-Варшавы (ён жа родам з Гарадка) – лесніка, эколага і мастака, і Аліны Кулешы-Самоцік, фларысткі  з Нарвы. Дэбютавалі яны ў сталыя гады, і можна спадзявацца і першых іх  кніг паэзіі. Дар'юш успамінае ў сваім вершы пра Каляды, калі заглядаў у шафу, дзе былі схаваныя ёлачныя ўпрыгожанні, «не змогшы дачакацца ўсіх свят нашай зямлі».

Янка Целушэцкі ў допісе «Ніва» - мая газета» прадстаўляе таксама народную паэтэсу Яўгенію Буру з Бандароў, родам з Капітаншчыны, старшыню тамашняга гуртка Вясковых гаспадынь і гаспадароў.  Яны на адным з бандарскіх «блокаў» змясцілі мураль -- «Свае людзі на сваёй зямлі». Пра роднае піша таксама Марыя Кужалеўская – пра «сваю хатнюю мову. Допісы ніўскіх карэспандэнтаў кароткія, але важкія, пра важных людзей і справы. А Аляксандр Вярбіцкі ў трэцім (апошнім) адрэзку пра «Іконы» ў гэты раз прадстаўляе гісторыю і «прыгоды» ў старадаўнія і «бальшавіцкія» часы выяў  Багародзіцы:  Мадонну Леанарда да Вінчы, мексіканскую Марыю з Гвадэлупы, ікону «Прыбаўленне розуму», Коданскую, Турковіцкую, Холмскую і Каложскую. Вось у Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве ў Гродне знаходзіцца сучасны спісак цудатворнага Каложскага вобраза Божай Маці, які таксама ўшаноўваецца вернікамі.  Варта   мець таксама апошнія нумары «Нівы»   нават дзеля рэпарцёрска-энцыклапедычнага  цыкла ніўскага следапыта. 

Агляд «Нівы» падрыхтавала журналістка тыднёвіка Міра Лукша, спецыяльна для Беларускай службы. 

Слухайце аўдыё!