Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту разам з Беларускім Моладзевым Хабам і Беларускім домам у Варшаве запрашае да ўдзелу ў арфаграфічным конкурсе «Беларуская дыктоўка» з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.
Конкурс пройдзе ў гібрыдным фармаце. Шанцы на атрыманне дыпломаў і ўзнагарод маюць выключна стацыянарныя ўдзельнікі. Пасля абвяшчэння вынікаў, арыгінальны тэкст дыктоўкі будзе апублікаваны на старонцы Кафедры беларусістыкі ў Фэйсбук. Тэкст дыктоўкі прачытае Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Беларускі маладзёжны хаб падрыхтаваў спецыяльныя прызы для пераможцаў – падпісаныя экзэмпляры кніг беларускіх аўтараў, кажа адзін з заснавальнікаў арганізацыі Алесь Лапко:
-Будуць кнігі з аўтографамі, пажаданнямі для лаўрэатаў і пераможцаў. Таксама Кафедра беларусістыкі спецыяльна падрыхтавала польска-беларускі слоўнікі. Апрача гэтага будуць дадатковыя сувеніры для ўсіх удзельнікаў, якія прыйдуць у Варшаўскі ўніверсітэт на нашае мерапрыемства. Стацыянарна дыктоўку пісалі прыблізна 60-70 чалавек, а анлайн у гэтым мерапрыемстве бралі ўдзел беларусы па ўсім свеце, у тым ліку тыя, хто жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі, у Канадзе, у іншых гарадах Польшчы і ў іншых краінах. (...)
Алесь Лапко адзначыў, што беларусы, якія з-за рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі былі вымушаны эміграваць, стараюцца не забывацца на родную мову, жывучы за мяжой.
-Многія перайшлі на беларускую мову. Гэта заўважна. Прыкметна, што людзі імкнуцца вучыць беларускую мову. Ёсць попыт на беларускую мову, людзі ходзяць на заняткі «Мова нанова», прыводзяць сваіх дзяцей на заняткі. Шмат хто прызнаецца, што яны ўвесь час гаварылі ў сям'і па-руску, але пераехаўшы з дзецьмі ў Польшчу, хочуць, каб малыя заставаліся беларусамі, каб вывучалі і ведалі беларускую мову. На жаль, сямʼя не можа гэтага забяспечыць, таму яны шукаюць такую магчымасць у школе ці на нейкіх занятках. Для бацькоў важна, каб дзеці, акрамя рускай і польскай, валодалі і беларускай. (...)
Часы, якія выпалі на долю сучасных беларусаў, шмат у чым паўтараюць мінулыя эпохі, калі беларушчына забаранялася, а свядомае ўжыванне беларускай мовы стварае небяспеку для яе носьбітаў. Наш суразмоўца Алесь Лапко перакананы, што цяпер беларуская мова – вызначальны фактар у змаганні з «рускім мірам» у Беларусі.
Слухайце аўдыё!
эж