Беларуская Служба

Кашубскі музей захаваў два дачныя домікі часоў PRL і мае намер узнавіць інтэр'еры 1980-1990-х гадоў

05.09.2023 11:02
У Кашубскім этнаграфічным парку паставілі летнія домікі з Лебы часоў Польскай Народнай Рэспублікі.
        (PRL).
Летнія домікі з Лебы часоў Польскай Народнай Рэспублікі (PRL).Фота: facebook.com/MuzeumWdzydze/

– Яны каштоўныя для нас, бо паказваюць эвалюцыю вёскі, – тлумачыць Кінга Азянблоўска (Kinga Oziębłowska) з музею ў Вдзідзах Кішэўскіх.

Кашубскі этнаграфічны парк у Вдзідзах Кішэўскіх зʼяўляецца найстарэйшым музеем пад адкрытым небам у Польшчы – яго заснавалі ў 1906 годзе Тэадора і Ізідор Гулгоўскія, энтузіясты рамёстваў і мясцовай культуры. На велізарнай тэрыторыі (22 гектары) размешчана некалькі дзясяткаў будынкаў, характэрных для Кашубаў, Коцева і Бораў Тухольскіх. Наведвальнікі могуць зазірнуць у былыя хаты, сядзібу, школу, карчму ці майстэрню.

Сёлета ў парку зʼявіліся новыя абʼекты – летнія домікі з Лебы часоў Польскай Народнай Рэспублікі (PRL), пабудаваныя ў пачатку 1970-х гадоў. Музейшчыкі жадаюць узнавіць іх інтэр’еры і шукаюць архіўныя здымкі з адпачынку ў такіх месцах Кашубіі ў 70-80-90-я гады.

– Дачы – вельмі цікавыя для нас аб’екты, іх стварэнне звязана з рэвалюцыяй у адпачынку, – тлумачыць Кінга Азянблоўска з Музею – Кашубскага этнаграфічнага парку. – Яны паказваюць пераўтварэнні і наступны этап эвалюцыі вёскі, якая набыла новую функцыю – летніка і курорта. Крыніцай даходаў для жыхароў, акрамя сельскай гаспадаркі, сталі адпачынак і турызм.

У 1952 г. права на адпачынак было занесена ў канстытуцыю PRL. Папулярызацыя святаў была адным са слупоў сацыяльнай рэвалюцыі. Пачалі зʼяўляцца базы працоўнага адпачынку для супрацоўнікаў. Адпачынак, які субсідуецца ці арганізуецца працадаўцам, у прастамоўі называлі «адпачынкам пад грушай». Ахвотна палякі адпачывалі і на лецішчах, размешчаных удалечыні ад гарадоў.

Музейныя спецыялісты заўважаюць, што характэрныя рэкрэацыйныя абʼекты камуністычных часоў сустракаюцца ўсё радзей і радзей. Катэджы тых часоў пустуюць, іх зносяць або мадэрнізуюць да сучасных стандартаў.
Музей абвясціў збор фотаздымкаў са святаў, адпачынкаў у Кашубах 1970-1990-х гг. Фота і інфармацыю можна дасылаць на адрас k.ozieblowska@muzeum-wdzydze.gda.pl.

Gazeta Wyborcza / вх