Венецыянскі кінафестываль, разам з фестывалямі ў Канах і Берліне, зʼяўляецца найважнейшым кінафестывалем у Еўропе. Узнагарода адкрывае стужцы «Зялёная мяжа» шлях да гледачоў у многіх краінах, але гэтая падзея распалі палітычную палеміку ў самой Польшчы. У прыватнасці польскія правыя палітыкі мяркуюць, што стужка грае на руку прарасійскай прапагандзе, рэжыму Лукашэнкі.
«Беларуская прапаганда ў захапленні ад фільму А. Холанд. У матэрыяле BY пра «Зялёную мяжу» стужку хваляць і сцвярджаюць, што яна «паказвае рэальныя падзеі», – напісаў у нядзелю міністр канцылярыі прэмʼер-міністра Станіслаў Жарын.
Раней Жарын выказваў здагадку: «Усё больш гавораць пра фільм А. Холанд «Зялёная мяжа», які – усё паказвае на гэта – будзе чарговай спробай сказіць праўду пра гібрыдную аперацыю супраць [Польшчы – рэд.] і напад на польскія ўлады», – заявіў намеснік каардынатара спецслужбаў. Пра стужку і канфлікт вакол яе шмат піша медыя gazeta.pl.
Агнешка Холанд падкрэсліла: «Мы хацелі, каб гэтая выява паказала, дзе мы цяпер, і адлюстравала, наколькі цяжкі выбар, які мы робім», – запэўніла яна. Стваральнікі падкрэсліваюць, што стужка прадстаўляе адказы палітыкаў, узброеных сілаў, бежанцаў, актывістаў і жыхароў рэгіёну на выклік у выглядзе міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы.
У сваю чаргу правае медыя niezalezna.pl абураецца параўнаннем сітуацыі на польска-беларускім памежжы з Халакостам, ды таксама прыводзіць меркаванне міністра канцылярыі прэмʼер-міністра Станіслава Жарына. Ён звярнуўся да габрэйскай арганізацыі з просьбай звярнуць на гэта ўвагу. «Сусветны габрэйскі кангрэс, вы павінны зірнуць на гэта. У гэтых размовах польскі рэжысёр увесь час узгадвае Халакост і выкарыстоўвае яго для палітычнай барацьбы. Яна таксама параўноўвае Халакост з тым, што адбываецца ў Беларусі. Гэта выглядае як ачарненне памяці ахвяраў у палітычных мэтах!» – напісаў Жарын у сацсетках. Запіс суправаджаўся фрагментамі выказвання рэжысёра.
вх