Беларуская Служба

Вечар памяці Мікалая Гайдука. Чалавека, які шмат зрабіў для беларусаў Польшчы

02.06.2025 13:47
Сябры, супрацоўнікі і блізкія Мікалая Гайдука сустрэліся ў працоўні «Незабудка» ў Міхалове, каб паўспамінаць гэтага выдатнага педагога, фалькларыста, журналіста, пісьменніка і краязнаўцу.
Аўдыё
  • Вечар памяці Мікалая Гайдука. Чалавека, які шмат зрабіў для беларусаў Польшчы
Вечар успамінаў Мікалая Гайдукафота: Рафал Андрасюк

Сябры, супрацоўнікі і блізкія Мікалая Гайдука сустрэліся ў працоўні «Незабудка» ў Міхалове, каб паўспамінаць гэтага выдатнага педагога, фалькларыста, журналіста, пісьменніка і краязнаўцу. Месца невыпадковае, бо памерлы Мікалай Гайдук нарадзіўся ў суседняй Кабылянцы і быў выпускнікам мясцовага ліцэю. Сустрэча прайшла ў рамках падзеі «Культурныя каштоўнасці паўднёва-ўсходняга Падляшша», зладжанай фондам «Малая айчына».

- Я вучылася па яго падручніках беларускую мову, у тыднёвіку «Ніва» чытала яго гістарычныя эсэ, - кажа прафесар Універсітэта Казіміра Вялікага ў Быдгашчы Алена Глагоўская. - Я асабіста пазнаёмілася з ім у палове дзевяностых гадоў у рэдакцыі «Часопісу». Ён, ведаючы мае публікацыі, запытаў адкуль я. Ну і аказалася, што мы закончылі той сам ліцэй. І так я пачала ездзіць да яго і запісваць успаміны пра Міхалова (...) Праз яго лёс можам прасочваць лёс усёй беларускай меншасці на Беласточчыне ад міжваеннага перыяду, праз савецкую і нямецкую акупацыю ды Народную Польшчу.

- Мікалай Гайдук прывёў мяне ў «Ніву» ў 1987 годзе, калі ён быў намеснікам галоўнага рэдактара. Ён мяне вельмі заахвочваў, каб ісці ў кірунку краязнаўства і даследавання сваёй гісторыі. Пасля мы сустракаліся ў рэдакцыі «Праваслаўнага прагляду». Тады я яшчэ не ведаў, што мне прыйдзецца рэдагаваць дадатак на беларускай мове, які ён рабіў. Калі ў 1998 годзе Мікалай пайшоў з жыцця, некалькі месяцаў пазней галоўны рэдактар папрасіў, каб я працягваў гэтую працу. Так засталося і да сёння. Кожны месяц, калі я пішу ў гэты дадатак, успамінаю Мікалая Гайдука. Ён намагаўся быць усім для ўсіх, ва ўсім спрабаваў свае сілы – у літаратуры, гісторыі, фалькларыстыцы і журналістыцы, - гаворыць дырэктар Музея малой бацькаўшчыны ў Студзіводах, фалькларыст і журналіст Дарафей Фіёнік.

- Без яго не было б «Нівы», - кажа журналістка тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва», пісьменніца Міра Лукша. - Усе мы яго вучні, ідзём яго сцежкамі, як краязнаўцы, які шукае наш падляшскі, беларускі дух. Ён далей існуе і далей ёсць.

Рафал Андрасюк

слухайце аўдыё