Беларуская Служба

Неўзабаве адкрыецца Музей Варшаўскай бітвы 1920 года

03.06.2025 12:27
Паводле намесніцы дырэктара ноавага музея Магдалены Рахноўскай, асноўныя будаўнічыя працы будуць завершаныя ў чэрвені—ліпені, пасля чаго пачнецца афармленне экспазіцыі.
       .
Музей у Восаве з'яўляецца філіяй Музея Войска Польскага.Фота: MON TT

Завяршаюцца будаўнічыя працы ў Музеі Варшаўскай бітвы 1920 года. Як паведамляе Gazeta Wyborcza, у будынку, які ўзводзіцца ў Восаве (па-польску Ossów) пад Варшавай, з сярэдзіны жніўня можна будзе наведаць выставу, прымеркаваную да чарговай гадавіны пераможнай бітвы.

Музей з'яўляецца філіяй Музея Войска Польскага. Паводле намесніцы дырэктара ноавага музея Магдалены Рахноўскай, асноўныя будаўнічыя працы будуць завершаныя ў чэрвені—ліпені, пасля чаго пачнецца афармленне экспазіцыі.

16 жніўня, на наступны дзень пасля афіцыйных урачыстасцяў, музей адчыніць дзверы для грамадскасці. На двух паверхах размесціцца экспазіцыя плошчай 1000 м², а таксама амфітэатр на 2760 месцаў і назіральная пляцоўка на верхнім узроўні.

Выставу можна будзе наведаць як індывідуальна, так і ў групах — на прагляд спатрэбіцца каля 70 хвілін. У экспазіцыі будуць прадстаўлены арыгінальныя артэфакты: зброя, уніформа, таксама будуць працаваць інтэрактыўныя стэнды, можна будзе пабачыць буйнамаштабныя копіі тагачаснай ваеннай тэхнікі. Асаблівую ўвагу плануецца надаць адзінаму захаванаму бальшавіцкаму штандару, здабытаму падчас бітвы.

Уся  плошча музея складзе 4800 м², з іх 1000 м² — выставачная. Праект распрацаваў архітэктар Чэслаў Белецкі. Музей быў адной з флагманскіх ініцыятыў ураду PiS, аднак завяршыць яго да 2020 года, як планавалася, не ўдалося.

эж