Выстава гэтым разам трохі незвычайная, бо складаецца пераважна з мастацкіх інсталяцый. У прасторнай светлай зале Познаньскай акадэміі мастацтваў імя Магдалены Абакановіч даволі шматлюдна: пераважна беларусы, але чуюцца таксама ўкраінская і польская мовы — студэнты акадэміі ўважліва ўглядаюцца ў працы беларускіх мастакоў.
Заўважна хвалюецца куратарка выставы Лізавета Сцяцко, таксама беларуска, студэнтка акадэміі — гэтая выстава з'яўляецца яе магістэрскай працай. Яна паволі, падрабязна распавядае, што ідэя ўзнікла з канцэпцыі Ігара Бабкова і Тоні Лаждан пра тое, як беларуская ідэнтычнасць фармуецца, знаходзячыся паміж Расійскай імперыяй і Польшчай.
Гэтае падвешанае «паміж», паводле куратаркі, вучыла мастацтву выжывання і практыцы памежнай салідарнасці. Мастацтва, прадстаўленае на выставе, падкрэслівае, як падзеі разломаў у геапалітычнай прасторы — гуманітарны крызіс на польска-беларускай мяжы, поўнамаштабна экспансія Расіі ва Украіну, вымушаная эміграцыя — пераплятаюцца са значна ранейшымі падзеямі, чые сляды адчуваюцца і сёння.
— На выставе прадстаўлены працы сучасных беларускіх мастакоў і мастачак, якія крытычна выказваюцца пра падзеі, звязаныя з нападам Расіі на Украіну, штучна створаны эміграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы, прымусовую эміграцыю і рэпрэсіі, якія дагэтуль адбываюцца ў Беларусі – зазначае Лізавета.
Пачынаючая куратарка звяртае ўвагу наведвальнікаў, што кожная праца на выставе вельмі трапна раскрывае тэму памежжа.
— Ну вось, да прыкладу, перад намі падвойны крыж, зроблены Аляксандрам Адамавым. Гэта праца пра штучна створаны эмігранцкі крызіс на беларуска-польскай мяжы. Сваёй формай яна адсылае нас да агульнай для ўсіх еўрапейцаў рэлігіі — да хрысціянскіх каштоўнасцяў. Але ў той жа час праз сваю форму, якая нагадвае супрацьтанкавы ёж, паўстае як перашкода, загараджэнне, якое немагчыма пераадолець.
А вось яшчэ праца Надзі Саяпінай, якая з’яўляецца шматгранным архівам траўмы і супраціву, што паўсталі ў выніку вымушанай эміграцыі ўкраінцаў і беларусаў. Мы стаім перад вялікім тэлевізарам, у якім жанчына, абмазваючыся глінай, сцірае яе са свайго цела, а гучаць вершы ўкраінскай паэткі Алены Сцепаненка ў перакладзе на беларускую мову Юлі Цімафеевай. У гэтым перформансе цела становіцца носьбітам памяці і інструментам пераадолення межаў. Двухмоўнасць (украінская і беларуская) падкрэслівае гібрыднасць, ідэнтычнасць і агульную памяць.
— У гэтай працы спалучаюцца беларуская і ўкраінская мовы. Надзя Саяпіна праз перформанс, праз сімвалічныя рухі цела паказвае, што адчуваюць людзі ў эміграцыі. Яна правяла інтэрв’ю больш чым з пяцідзесяццю асобамі, якія распавядалі пра свой досвед у эміграцыі. Гэта праца яднае беларускі і ўкраінскі досвед і паказвае, наколькі балюча гэта перажываць.
Я пытаю ў Лізаветы, наколькі тэматыка памежжа можа быць цікавай для польскага гледача, які жыве не на мяжы, а ў цэнтры краіны.
— Мне здаецца, што зараз уся Польшча адчувае гэты крытычны стан у сувязі з вайной ва Украіне. Усё гэта адбываецца зусім побач. Але адна з прац прыехала да нас нават з Берліна. Аляксандра Канончанка стварыла працу «Border Salt». Гэта праца з прадметамі, пакрытымі соллю, якія маглі пакінуць пасля сябе людзі, што шукалі прытулку ў Еўропе, але вымушаны былі вяртацца або паміраць на мяжы. Прадметы, пакрытыя соллю, сімвалізуюць слёзы.
Як высветлілася, Аляксандра Канончанка стала адной з нямногіх удзельніц выставы, хто прысутнічаў на яе адкрыцці. Аляксандра скончыла архітэктурны факультэт у Мінску, але архітэктарам не стала: пачала працаваць з рознымі тэатральнымі праектамі як мастачка, відэамастачка, фатографка; стварае інсталяцыі, скульптуры, працуе з металам. Вось што яна распавяла пра сваю працу «Border Salt», прадстаўленую на выставе:
— Пасля таго, як я пакінула Беларусь, праз нейкі час пачала заўважаць у навінах паведамленні пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы. Там паказвалі людзей, якія пакінулі Сірыю, Ірак і вымушаныя былі заставацца ў лесе, бо адна дзяржава выкарыстоўвала іх як гарматнае мяса для правакацыі іншай краіны. Гэтыя людзі ніколі не бачылі лесу, а цяпер былі вымушаныя жыць у ім.
Я кожны дзень чытала гэтыя навіны, скантактавалася з групай «Граніца», якая аказвала ім гуманітарную дапамогу. Глядзела шмат фотаздымкаў з мяжы. На іх было шмат рэчаў, якія гэтыя людзі пакінулі пасля сябе. Я вырашыла на такіх самых прадметах (міскі, ложкі, нажы, відэльцы…), знойдзеных у лесе, вырошчваць крышталі солі.
Кожны дзень рабіла саляны раствор, кожны дзень палівала ім гэтыя рэчы — яны нарасталі. Я выбрала гэты метад, бо соль прысутнічае ў чалавечых слёзах. А таксама чым больш дадаеш солі на рану, тым мацней яна баліць. Гэта быў штодзённы рытуал. Я палівала гэтыя рэчы некалькі месяцаў, і яны пераўтварыліся ў скульптуры.
На выставе прадстаўлены працы беларускіх мастакоў Аляксандра Адамава, Аляксандры Канончанка, Надзі Саяпінай, Сяргея Шабохіна, Кацярыны Шэляховіч, Архіва VEHA.
Павел ЗАЛЕСКІ
На здымку: Лізавета Сцяцко. Фота Паўла Залескага.