Беларуская Служба

Польскі археолаг напісаў кнігу пра Русь — часы Рурыка і Рагвалода

26.06.2025 16:26
У Варшаве выйшла новае выданне бестселера „Ruś wikingów. Skandynawowie we wczesnośredniowiecznej Europie Wschodniej”.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Б.Янковяк-Конік пра Русь.
   ,   Ruś wikingów. Skandynawowie we wczesnośredniowiecznej Europie Wschodniej.
Польскі археолаг Уладыслаў Дучка, аўтар кнігі „Ruś wikingów. Skandynawowie we wczesnośredniowiecznej Europie Wschodniej”.Beata Jankowiak-Konik

У большасці з нас старажытная Русь асацыіруецца з Кіевам. Аднак яе ранейшыя вытокі знойдзены ў Старой Ладазе. Там было паселішча вікінгаў, заснаванае на фінскіх землях, што цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Расіі, на ўсход ад сучаснага Санкт-Пецярбурга. Пазней вікінгі з'явіліся і на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Аўтар кнігі „Ruś wikingów. Skandynawowie we wczesnośredniowiecznej Europie Wschodniej” («Русь вікінгаў. Скандынавы ў раннесярэдневяковай Усходняй Еўропе») польскі археолаг Уладыслаў Дучка (Władysław Duczko), працуючы шмат гадоў у Швецыі, параўнаў даныя старажытных хронік з археалагічнымі знаходкамі. Так ён рэканструяваў працэс узнікнення першапачатковай Русі — на землях, населеных пераважна фіна-ўгорскімі плямёнамі (паўночны захад сучаснай Расіі). Вучоны паказаў, як гэтая Русь паступова пашыралася на поўдзень, ахопліваючы тэрыторыі сучасных Беларусі і Украіны.

Кніга прафесара Дучкі выйшла ў 2025 годзе ў Выдавецтвах Варшаўскага ўніверсітэта (Wydawnictwa Uniwersytetu Warszawskiego). На жаль, неўзабаве пасля гэтага аўтар памёр ад цяжкай хваробы… 

Пра выданне кнігі паклапацілася дырэктар Выдавецтваў Варшаўскага ўніверсітэта Бэата Янковяк-Конік (Beata Jankowiak-Konik).

Як даведваемся з кнігі, гісторыя першапачатковай Русі пачынаецца ў сярэдзіне VIII стагоддзя, калі на фінскіх землях з’явіліся першыя госці са Швецыі. Менавіта ад фінаў паходзіць назва гэтых прыхадняў — Ruotsi, што азначае «весляры» і з'яўляецца, у сваю чаргу, змененым шведскім словам. Бэата Янковяк-Конік удакладняе.

— Само слова Русь не паходзіць са славянскай мовы, а мае фіна-ўгорскія карані — фіны так называлі прыхадняў са Скандынавіі. Русы — гэта былі скандынавы, якія прыйшлі на тэрыторыю Усходняй Еўропы з цэнтральнай Швецыі. У грэчаскіх і лацінскіх крыніцах яны вядомы таксама як Rhos. Менавіта ад іх пайшла назва дзяржавы — Русь, а мясцовае насельніцтва пачалі называць русамі, русінамі. Аднак гэтая дзяржава была кангламератам розных этнасаў. Скандынавы, безумоўна, былі арганізатарамі дзяржаўных структур, але ў гэтай дзяржаве пражывалі людзі рознага паходжання. З цягам часу кантакты са Скандынавіяй аслабелі, і ідэнтычнасць выхадцаў адтуль пачала змяняцца. Тым не менш, прыкладна на працягу трох стагоддзяў скандынаўская ідэнтычнасць заставалася вельмі моцнай — і пра гэта трэба памятаць і ўсведамляць.

Археалагічныя даследаванні раннесярэдневяковых паселішчаў на тэрыторыях Расіі, Украіны і Беларусі прыносяць многа знаходак скандынаўскага характару — часта амаль ідэнтычныя прадметам, што выяўлены ў Швецыі ці Даніі. Уладыслаў Дучка даказаў, што ў эпоху вікінгаў на землях сучасных Расіі, Беларусі і Украіны існавалі вялікія супольнасці скандынаваў. Яны захоўвалі сваю ідэнтычнасць, падтрымлівалі сувязі з краінай паходжання, а іх прадстаўнікі карысталіся прадметамі, якія былі матэрыяльнымі сімваламі гэтай ідэнтычнасці. Менавіта яны — русы — стварылі першыя дзяржаўныя структуры ва Усходняй Еўропе. Уладыслаў Дучка прыблізна вызначыў час з’яўлення скандынаваў у гэтым рэгіёне. Бэата Янковяк-Конік працягвае расказ.

— Першымі вікінгамі, што з'явіліся на гэтых землях, былі выхадцы з цэнтральнай Швецыі. Спачатку яны дзейнічалі як гандляры, а затым пачалі затрымлівацца там на пастаяннае жыхарства, але захоўваючы сваю этнічную адметнасць. Аднак паступова, калі плынь новых скандынаваў змяншалася, яны пачалі змешвацца з мясцовым насельніцтвам, а ў Кіеўскім княстве пачаўся працэс славянізацыі — што, між іншым, відаць у замене імён уладароў з нардычных на славянскія. Тым не менш, скандынаўская ідэнтычнасць захоўвалася яшчэ вельмі доўгі час.


Дырэктар Выдавецтваў Варшаўскага ўніверсітэта Бэата Янковяк-Конік з кнігай археолага Уладыслава Дучкі „Ruś wikingów. Skandynawowie we wczesnośredniowiecznej Europie Wschodniej”.
Фота з архіва Б. Янковяк-Конік.
Дырэктар Выдавецтваў Варшаўскага ўніверсітэта Бэата Янковяк-Конік з кнігай археолага Уладыслава Дучкі „Ruś wikingów. Skandynawowie we wczesnośredniowiecznej Europie Wschodniej”. Фота з архіва Б. Янковяк-Конік.

Перш чым русы — гандляры і воіны з тэрыторыі сучаснай Швецыі — дабраліся да Кіева, яны доўгі час стваралі сваю дзяржаву ўздоўж рэк і азёр, на шырокіх прасторах паміж сучаснымі Старой Ладагай, Псковам, Ноўгарадам і Масквой. Адтуль яны выпраўляліся да Каспійскага мора, а пазней — у Візантыю. Яны плавалі на чоўнах, будавалі свае ўмацаваныя гарады, рабавалі мясцовае насельніцтва… Так фарміравалася руская дзяржава пераважна на фінскіх і балтыйскіх землях. Кіеў жа, нягледзячы на свой статус «метраполіі Русі», «маці гарадоў рускіх», не быў першым паселішчам вікінгаў у гэтым рэгіёне. Бэата Янковяк-Конік дадае дэталі.

— Ва Усходняй Еўропе існавала шмат іншых, часта больш старажытных цэнтраў, якія адыгрывалі важную ролю. Можна сказаць, што ўжо ў самым пачатку — недзе ў сярэдзіне VIII і ў IX стагоддзі — гэтыя цэнтры мелі значна большае значэнне, чым Кіеў. Толькі ў X стагоддзі Кіеў пачаў адыгрываць большую ролю. На поўначы спярша існавала Старая Ладага, а таксама Рурыкава гарадзішча каля Ноўгарада, Гнёздава пад Смаленскам і іншыя паселішчы скнадынаваў. Прафесар Дучка аналізуе археалагічныя знаходкі з гэтых тэрыторый, якія сведчаць пра працяглую і пастаянную прысутнасць скандынаваў задоўга да таго, як узнікла дзяржава з цэнтрам у Кіеве. Скандынаўскія супольнасці функцыянавалі і ў многіх іншых месцах. Такім чынам, Кіеў зусім не быў іх найважнейшым цэнтрам у самым пачатку.

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін, выкарыстоўваючы спадчыну Русі ў сваёй палітыцы «адбудовы «рускага свету», асабліва на спадчыну князя Рурыка, мабыць, не ўсведамляе, кім быў гэты ўладар, альбо наўмысна робіць памылку. Бэата Янковяк-Конік удакладняе важны нюанс.

— Рурык разам са сваімі паплечнікамі паходзіў са Скандынавіі, таму гэта не супадае з тэзісам, што дзяржаву Русь заснавалі славяне. Аднак мы не можам адназначна ідэнтыфікаваць асобу Рурыка. Існуюць розныя спробы звязаць яго з канкрэтнымі асобамі, вядомымі ў Скандынавіі, але гэта пытанне неадназначнае і адказ на яго тоне ў цемры гісторыі. У нас проста няма дакладнай інфармацыі.

Варта дадаць, што ў той жа час у Мінску глядзяць на эпоху першага вядомага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды — канец X ст. — як на пачаткі беларускай дзяржаўнасці. Аднак гэта былі таксама людзі скандынаўскага, а не тутэйшага паходжання. У той час аўтахтонамі на тэрыторыі Беларусі былі балты.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Варшаве выйшаў альбом малюнкаў Напалеона Орды

12.06.2025 15:15
У альбоме Napoleon Orda. Historyczne widoki dawnej Rzeczypospolitej Polskiej адлюстраваны многія помнікі дойлідства Беларусі.