48 маладых артыстаў з Беларусі і Украіны атрымалі дыпломы «Gaude Polonia». На працягу шасці месяцаў яны рэалізавалі свае культурныя праекты: оперы, п'есы, а таксама мастацкія і візуальныя творы пад кіраўніцтвам польскіх майстроў, супрацоўнікаў розных культурных інстытутаў. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Палацы Рэчы Паспалітай у Варшаве.
Удзельнікі 24-й стыпендыяльнай праграмы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны «Gaude Polonia» атрымалі дыпломы з рук міністра культуры Ганны Урублеўскай (Hanna Wróblewska) і дырэктара Нацыянальнага цэнтра культуры Роберта Пяскоўскага (Robert Piaskowski).
Дырэктар Пяскоўскі падкрэсліў, што некаторыя стыпендыяты «Gaude Polonia» звязаліся трывала з польскай культурай, сталі артыстамі польскіх сцэн або займаюць значныя пасады ў польскіх культурных установах.
— Некалькі прыкладаў: украінец Яраслаў Шэмет, кіраўнік Сілезскай Балтыйскай філармоніі, з'яўляецца нашым стыпендыятам; беларус Аляксандр Гумала — мастацкі кіраўнік Кракаўскай філармоніі; беларус Іван Урублеўскі, — мастацкі кіраўнік хору Вялікага тэатра. Гэтыя людзі наладзілі кантакты з польскімі майстрамі, рэжысёрамі, кіраўнікамі і прафесарамі ў акадэміях мастацтваў, тэатра і музыкі. Польшча часта з'яўляецца для стыпендыятаў трамплінам да кар'еры ў іншых еўрапейскіх краінах. Двое мінулагодніх стыпендыятаў, дзякуючы праекту, які быў звязаны з Вялікім тэатрам і Нацыянальнай операй, атрымалі кантракты ў Метрапалітэн-оперы.
Сярод лаўрэатаў сёлетняй прэміі «Gaude Polonia» — 22 маладых беларускіх людзей культуры, якія прадстаўляюць амаль усе віды мастацтва: ад кіно і тэатра, праз музыку, выяўленчае мастацтва, літаратурную творчасць па архіўную справу.
— Алеся Пчолка, артыстка выяўленчага мастацтва, працавала ў Галереі «Арсенал» у Беластоку, дырэктарка Моніка Шэўчык таксама сёння з намі. Алеся займаецца падрыхтоўкай выдання «Руіны Беларусі», — растлумачыла каардынатарка праграмы «Gaude Polonia» Багуміла Бэрдыхоўская (Bogumiła Berdychowska).
Алеся Пчолка ў рамках стыпендыяльнай праграмы працавала над калекцыя, якая называецца «Руіны Беларусі» і ўяўляе сабой фотаздымкі чалавека на фоне руін, зробленыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Праца атрымае фармат кнігі на трох мовах, у яе будуць уваходзіць каля 500 здымкаў. Большая частка гэтых здымкаў сабрана з прыватных сямейных архіваў.
Таццяна Свірэпа з'яўляецца аўтаркай дакументальнага фільма «Беларусь 23.34» пра катаванні ў беларускіх турмах. Стыпендыя «Gaude Polonia» стварыла магчымасць спакойна працаваць над наступным фільмам.
Злева дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры Роберт Пяскоўскі, Таццяна Свірэпа, міністр культуры Ганна Урублеўская (да 24.07.2025)
Таццяна ў рамках стыпендыі пісала сцэнар да свайго новага дакументальнага гібрыдовага фільма з элементамі анімацыі. Фільм будзе называцца «Мне больш не страшна». Гэта гісторыя трох жанчын, якія ўцякалі з Беларусі ад палітычнага пераследу, а потым ад вайны ў Польшчу. Адна з гэраінь — Таццяна.
Праграма «Gaude Polonia» мае на мэце даць стыпендыятам магчымасць пазнаёміцца з сучаснай польскай культурай і развіваць свае творчыя навыкі пад кіраўніцтвам вядомых прадстаўнікоў польскай культуры з найбуйнейшых і найважнейшых культурных цэнтраў Польшчы. Кожнаму стыпендыяту прызначаюць ц'ютара-апекуна.
Караліна Сулей — ц'ютарка Тані Мэй, якая працуе з тканінай і ў перыяд стыпендыі яе праца была часткай паказу моды East Bound у Бруселі на заканчэнне старшынства Польшчы ў Еўрапейскім Саюзе, захапляецца крэатыўнасцю сваёй падапечнай.
— Таня мае шмат талентаў і выяўляе сябе як праз касцюмы, так і праз мяккія скульптуры. Мяккая скульптура — гэта скульптура з тканіны, якую можна апрануць. Для прэзідэнцкага паказу Таня стварыла касцюм, які пераклікаецца з фігурай Дзевы Марыі ў стылі «П'ета» і з жалобнай модай, якая як у Беларусі, так і ў Польшчы моцна асацыюецца са смуткам па радзіме і страчанай незалежнасці. Такім чынам, у канцы паказу моды, які доўжыўся паўтары гадзіны і ў якім удзельнічалі польскія, украінскія і беларускія мастакі, Мадонна выйшла з вялікай сукенкай-скульптурай і з маленькім дзіцём-скульптурай на руках, якую таксама стварыў стыпендыят «Gaude Polonia» мінулых гадоў. Гэта было вельмі кранальна. Гэта была Божая Маці, якая плача, і ў той жа час трохі падобная на шлюбную сукенку. У канцы паказу моды заўсёды паказваюць шлюбную сукенку. А мы зрабілі жалобную сукенку.
Паміж ц'ютарамі-апякунамі і стыпендыятамі наладжваюцца блізкія прыяцельскія сувязі. Часам здараецца цуд. Так як у выпадку Катажыны Рырых-Карчыньскай (Katarzyna Ryrych-Korczyńska) і беларускай пісьменніцы Аляксандры Хамянок.
Падрабязнасці слухайце ў далучаным гукавым файле
Стыпендыяльная праграма «Gaude Polonia» існуе з 2003 года. Для атрымання стыпендыі патрабуецца цікавая канцэпцыя праекта, станоўча ацэненая камісіяй і валоданне польскай мовай на камунікатыўным ўзроўні.
У папярэдніх праграмах «Gaude Polonia» было прысуджана больш за тысячу стыпендый, у тым ліку каля 200 беларускім маладым творцам.
Заяўкі на чарговую праграму, якая будзе рэалізаваная ў 2026 годзе, прымаюцца да 15 кастрычніка 2025 года.
Падрыхтавала Яланта Смялоўская