Беларуская Служба

Фота, тэксты і аўдыёсерыялы: каму дасталася Прэмія PAP імя Капусцінскага за найлепшыя рэпартажы

25.11.2025 13:45
Абвешчаны пераможцы Прэміі PAP імя Рышарда Капусцінскага, уганараваныя найлепшыя рэпартажы ў чатырох катэгорыях: тэксты, аўдыё, відэа і фатаграфія. 
    , 24  2025 .
Анна Дудзіньска падчас атрымання ўзнагароды, 24 лістапада 2025 г. PAP/Paweł Supernak

У панядзелак, 24 лістапада, сталі вядомыя лаўрэаты Прэміі Польскага агенцтва друку (PAP) імя Рышарда Капусцінскага ў чатырох катэгорыях: тэкст, аўдыё, відэа і фатаграфія.

Польскае Агенцтва друку заснавала Прэмію імя Рышарда Капусцінскага ў 2010 годзе, каб папулярызаваць каштоўнасці, блізкія самому агенцтву і патрону ўзнагароды.

Прэмія адзначае найбольш дакладныя, аб’ектыўныя і прафесійна публікацыі, якія адпавядаюць найвышэйшым стандартам, закладзеным іконай польскага рэпартажу — Рышарадам Капусцінскім. Яе ўручалі ў 2010–2015 гадах. Пасля некалькіх гадоў перапынку ўзнагарода была зноў прысуджана ў 2024 годзе. Сёлета яе ўручылі ў сёмы раз.

— Камісія Прэміі PAP імя Рышарда Капусцінскага мела прыемнасць мець справу з журналістыкай найвышэйшай пробы. Выбар пераможцаў быў надзвычай складаным у сувязі з выключна высокім узроўнем работ, пададзеных сёлета. Мы мелі тут рэпартажы з галіны літаратуры, фатаграфіі і радыё і відэа, якія набліжаюцца да аўдыявізуальных мастацтваў. Варта, каб кожны азнаёміўся з адзначанымі намі працамі, — заявіў галоўны рэдактар Польскага агенцтва  друку Войцех Тумідальскі.

У Катэгорыі «Аўдыё» перамагла журналістка каналу Польскага Радыё «Тройка» Анна Дудзіньска, якая атрымала Прэмію PAP імя Рышарда Капусцінскага за аўдыёсерыял «Саамы. Дакор сумлення Скандынавіі», створаны для штомесячніка Pismo. Гэта аповед пра людзей, якія няспынна змагаюцца за свае правы ў краінах, які лічацца ўзорам талерантнасці, адкрытасці і дэмакратычных каштоўнасцяў:

— Саамы — гэта маё захапленне, аповед пра ідэнтычнасць. Для мяне асабіста гэта вельмі важная, бо я паходжу з Сілезіі. Я распавядала пра Саамаў два гады у «Рапарце аб стане свету». Штомесячніку Pismo я неверагодна ўдзячная, што прыняў мяне. І разам з тым я вельмі рада, што зноў можам на Польскім Радыё ствараць такія розныя падкасты. І гэта вялікі гонар — што я магла вярнуцца, працаваць і што маю такіх начальнікаў, якія вельмі моцна вераць у рэпартаж.

Спецыяльную ўзнагароду атрымала таксама дакументалістка студыі рэпартажу Польскага Радыё Мартына Вайткоўска за аўдыясерыял «У Новай Зеландыі пачынаецца дзень. Расказ пра дзяцей з Пахіятуа». Аўтарка аднаўляе гісторыю падарожжа некалькіх соцень польскіх сірот з марозных стэпаў СССР да Новой Зеландыі, дзе яны знайшлі прытулак пасля дэпартацыі і падчас вайны:

— Калі я выязджала з Новай Зеландыі, адзін з галоўных герояў гэтай аповесці, пан Станіслаў Монтырыс, сказаў мне — і фактычна ўсклаў на мае плечы такі абавязак, з якім я прыехала ў Польшчу: «Пані Мартына, мы хацелі б, каб хтосьці нарэшце пачуў нашу гісторыю». Таму, калі я сёння атрымлівала гэтую ўзнагароду, з вялікім узрушэннем успомніла той момант і падумала: пане Станіславе, здаецца, атрымалася.

Галоўная ўзнагарода  ў Катэгорыі «Відэа» дасталася Міхалу Пшэдлацкаму за рэпартаж «Жанчыны-жаўнеркі Украіны», паказаны ў праграме Superwizjer. Гэта аповед пра мужнасць жанчын, якія вырашылі ўзяць у рукі зброю і стаць на шлях барацьбы з расійскімі акупантамі:

— Дзякую за ўзнагароду ад імя гераінь — трох дзясяткаў тысяч жанчын, якія змагаюцца, абараняючы свае дамы.

Узнагароду ў Катэгорыі «Тэкст» атрымала Таццяна Калеснічэнка за рэпартаж «Уладары цел. Пасля ўсяго застаецца толькі фасад», апублікаваны на партале Wirtualna Polska. Тэкст прысвечаны жорсткасці расійскіх вайскоўцаў у адносінах да ўкраінскіх жанчын у самых крайніх праявах гвалту:

— Вельмі часта вяртаюся думкамі да гераінь гэтага рэпартажу. Адна жанчына мела 75 гадоў, падчас інтэрв’ю з ёй я не магла адарваць вачэй ад яе рук. Гэта былі рукі, як у маёй польскай бабулі з Бярдычава — маршчыністыя, скрыўленыя ад артрыту, рукі жанчыны, якая вельмі цяжка працавала ўсё жыццё. І, шчыра кажучы, я не ведаю, ці дачакаецца яна калі-небудзь справядлівасці за тое, што з ёй адбылося. Але  хаця б яе гісторыя, яе голас зафіксаваны.

У катэгорыі «Фота» перамог Войцех Гжэндзіньскі за рэпартаж «Адбор», які дакументуе адборачны этап XIX Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Фрэдэрыка Шапэна.

Прысудзілі таксама спецыяльную ўзнагароду. Яе лаўрэатам стаў журналіст, рэпартажыст, стваральнік і вядучы «Рапарту аб стане свету» Дарыюш Росяк — «за тлумачэнне свету, за міжнародную журналістыку найвышэйшай пробы».

Узнагарода Польскага агенцтва друка названа ў гонар Рышарда Капусцінскага — сусветна вядомага польскага рэпарцёра, журналіста, пісьменніка, паэта, фатографа, «імператар рэпартажу», які нарадзіўся ў 1932 годзе ў Пінску ў сям'і польскіх настаўнікаў. Бацька ваяваў у рангу паручыка ў верасні 1939 года ў Арміі Палесся. Трапіў у савецкі палон. Разам з калегамі здолеў уцячы з-пад Смаленску і вярнуцца дахаты ў Пінск. Ратуючыся ад дэпартацыі ў Казахстан, Капусцінскія неўзабаве выехалі да сваякоў у Перамышль, а пасля ў глыб акупаванай немцамі Польшчы. Частку акупацыі перажылі ў Серакове, Кампіноскай пушчы, каля вёскі Пальміры. Пасля Капусцінскі часта казаў: «Я заўсёды шукаў мой дом, шукаў Пінск, — у Афрыцы, у Азіі, у Лацінскай Амерыцы».

эж