Беларуская Служба

«Гармонія» ля падножжа Лысіцы – інавацыйны падыход да вясковай традыцыі (ФОТА)

27.02.2026 14:53
Сучасная мультымедыйная выстава дазваляе наведвальнікам адчуць рэаліі вёскі з XIX стагоддзя ўсімі пачуццямі.
Аўдыё
  • «Гармонія» ля падножжа Лысіцы – інавацыйны падыход да вясковай традыцыі
A
Aб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута ШклянаЗдымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах

Ля падножжа адной з найбольш вядомых вяршынь Свентакшыскіх гор – Святога Крыжа (поль. Święty Krzyż) інакш Лысіцы (поль. Łysica) размяшчаецца вельмі цікавае месца – некалькі турыстычных славутасцей, якімі адмініструе мясцовая ўстанова культуры Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах (поль. Bieliny). Сёння мы засяродзімся на адной з іх. Гаворка ідзе пра аб’ект «Гармонія», які выклікае цікавасць не толькі з-за сваёй назвы, але і архітэктурай формы.

Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах

Аб’ект «Гармонія», размешчаны ў гарадку Гута Шкляна (поль. Huta Szklana), прыкладна ў 30 кіламетрах на ўсход ад горада Кельцы (поль. Kielce). На фоне апошняй вясковай забудовы аб’ект «Гармонія» адразу прыцягвае ўвагу.
Яго назва і архітэктурная форма базуюцца на двухзначнасці польскага слова «гармонія». Будынак сам па сабе нагадвае музычны інструмент – гармонік (па-польску harmonia), але ў сярэдзіне паказанае іншае значэнне згаданага слова, кажа спецыяліст па продажах, прасоўванні і супрацоўніцтве з турыстычнымі арганізацыямі спадарыня Мартына Бэра (Martyna Bera):

- Мы хочам паказаць тыя парадак, лад і спакой, якія суправаджалі людзей, што жылі ў вёсках свентакшыскага рэгіёна ў XІX стагоддзі, дзе прырода і поры года вызначалі рыфм працы і адпачынку ў жыцці людзей. Менавіта гаворка ідзе пра гармонію, якой дасягнулі людзі; такі спакой.

Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах

У сярэдзіне нас чакае пэўнае супастаўленне зместу з сучаснай формай будынку. Тут размяшчаецца цалкам сучасная мультымедыйная выстава, якая распавядае пра жыццё свентакшыскай вёскі канца XIX і пачатку XX стагоддзяў:

- Выстава – гэта чатыры залы, якія навязваюць да чатырох пор года. У кожнай мы прадстаўляем звычаі, характэрныя для пэўнага сезона. Паказваем, як людзі працавалі, як святкавалі, як жылі – можна сказаць, круглы год. Па выставе нас праводзяць Маняй і Уладзь – нашыя героі-гіды. Адначасова поры года, гэта своеасаблівая спасылка на цыкл чалавечага жыцця. Такім чынам, пачынаючы з вясны, мы бачым нашых галоўных герояў, калі яны былі дзецьмі і падлеткамі. Пераходзячы да наступных сезонаў даведваемся пра наступныя этапы іхнага жыцця. Напрыклад, у «летняй зале» мы бачым іх, як дарослых людзей. Разам з імі прымаем удзел у Купаллі, першых сустрэчах ля капліцы падчас травеньскіх набажэнстваў, таксама прысутнічаем на іхным вяселлі. Наступная зала - гэта восень, то бок спасылка на «восень жыцця». Нашыя героі – людзі сталага ўзросту. Іхныя дзеці – школьнікі або нават дарослыя людзі. Такім чынам, можна сказаць, што гэта своеасаблівае змярканне чалавечага жыцця. А потым, наступная зала «зіма», у якой мы даведваемся, што нашы героі сыходзяць з жыцця. Адначасова на іхным месцы з'яўляецца новае пакаленне – унукі.

Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах

Як мы ўжо згадалі выстава мае мультымедыйны характар. Ейныя стваральнікі паклапаціліся пра тое, каб заангажаваць усе пачуцці наведвальнікаў – зрок, дотык і нюх. Гэта дазваляе не толькі атрымаць «сухую інфармацыю», але таксама адчуць, як выглядала жыццё ў былой свентакшыскай вёсцы – пазнаёміцца з традыцыямі і рытуаламі, якія былі характэрныя для канкрэтных сезонаў і этапаў жыцця вяскоўцаў:

- На нашай выставе мноства мультымедыйных экранаў, пры дапамозе якіх мы можам выконваць пэўныя заданні. У «вясновай зале» мы можам карміць жывёл; у летняй – рабіць вянок, які потым пускаем на ваду альбо запаліць віртуальнае вогнішча. Вядома, як толькі вогнішча разгараецца, зʼяўляецца характэрны дымок. Акрамя таго, у «летняй зале» ёсць макет Свентакшыскіх гор, дзе мы можам даведацца пра найважнейшыя рэлігійныя аб’екты ў рэгіёне, а таксама пазнаёміцца з адметнай геалагічнай будовай гор. Самы вялікі атракцыён «летняй залы» – гэта вяселле, на якое мы можам адправіцца фурманкай. Гэта своеасаблівы сімулятар коннай павозкі, у які мы садзімся і адчуваем рух, а таксама характэрны гук конных павозак, якія калісьці ездзілі па нашых дарогах. Адначасова мы любуемся краявідамі нашых Свентакшыскіх гор.

Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах

Аб’ект «Гармонія» адкрыты круглы год, 7 дзён на тыдзень. У летні сезон, з 10:00 да 18:00. Уваход – кожныя 45 хвілін. Прыблізны час наведвання выставы – больш за гадзіну. Можна купіць пакетныя квіткі, якія дазваляюць наведаць таксама суседняе «Сярэднявечнае паселішча»:

- Калі гаворка ідзе пра наведванне нашай выставы, то яно заўсёды адбываецца з гідам. Гід – вядзе экскурсію, не толькі распавядаючы пра традыцыі і звычаі, характэрныя для дадзенага сезона, але і дапамагае нам справіцца з мультымедыйнымі прыладамі. Напрыклад, мы прапануем шмат эфектаў, у выглядзе пахаў. Гэта дазваляе не толькі ўбачыць вёску і даведацца больш пра яе, але і адчуць характэрныя пахі кожнага сезона. У «Гармоніі» можна таксама скарыстацца прыроднай тэрапіяй. Гэта VR-акуляры. Падчас паказу можам адчуць клімат, прыроду і проста расслабіцца і адпачыць. Гэта, сказам так, дапаўненне гармоніі. Варта падкрэсліць, што аб’ект «Гармонія» не прадугледжвае практычна ніякіх узроставых абмежаванняў. Нашы гіды адаптуюць свой аповед і экскурсію па нашых залах да кожнай узроставай групы.

Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах

«Тут кожны знойдзе нешта для сябе. Наймалодшыя госці часцей за ўсё карыстаюцца нашымі мультымедыйнымі экранамі. Старэйшыя, наадварот, любяць слухаць аповеды нашых гідаў», – кажа спадарыня Мартына Бэра:

- Няма ніякіх абмежаванняў для людзей з інваліднасцю. Увесь наш абʼект даступны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У нас ёсць пандус да будынка і сістэмы аўтаматычнага адчынення дзвярэй. Ёсць гарызантальная разметка для невідучых. Нашыя ліфты таксама абсталяваны гукавым сігналам, які дазваляе зарыентавацца, на якім паверсе мы знаходзімся. На нашай выставе інфармацыя прадстаўлена шрыфтам Брайля. Мы таксама выкарыстоўваем рэльефныя малюнакі, якія часткова адлюстроўваюць экспазіцыю – паказваюць, як выглядала жніво або сельскагаспадарчыя работы, а таксама іншыя ключавыя элементы з нашай выставы.

- распавядала спецыяліст па продажах, прасоўванні і супрацоўніцтве з турыстычнымі арганізацыямі спадарыня  Мартына Бэра (Martyna Bera).

Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах

Турыстычнымі славутасцямі ў вёсцы Гута Шкляна («Гармонія», «Сярэднявечнае паселішча», «Карчма – Палата добрага смаку») сапраўды варта пацікавіцца, тым больш, што побач з імі праходзіць адзіная асфальтаваная дарога, якая вядзе ў гістарычнае абацтва на Святым Крыжы, на вяршыню Лысіцы, аглядную пляцоўку, з якой можна палюбавацца курумамі – найбольш вядомай геалагічнай славутасцю Свентакшыскіх гор.

Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах Аб’ект «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна. Здымак: Цэнтр традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах

Гэта выдатнае месца, каб перад паходам у горы і Свентакшыскі нацыянальны парк прыпаркавацца, адпачыць і падсілкавацца ў мясцовай карчме, у тым ліку рэгіянальнымі стравамі, такімі як свентакшыская залевайка, наліснікі з мясцовай клубніцай і традыцыйны гарбузовы пірог «банёсак»(поль. baniosek).

Анна Задрожна

* Здымкі аб’екта «Гармонія» ў вёсцы Гута Шкляна прадастаўленыя Цэнтрам традыцый, турызму і культуры Свентакшыскіх гор у Бялінах

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Дом, дзе нарадзілася польскае Асветніцтва. Таямніцы дома на вуліцы Броварнай у Піле (ФОТА)

30.01.2026 13:05
Год Станіслава Сташыца – гэта добрая нагода наведаць, прысвечаны яму музей і даведацца пра дасягненні і заслугі выдатнага Паляка.

Гэндальф у польскіх Карканошах? Адкрыйце з намі сакрэты Духа Гор на інтэрактыўнай выставе ў Карпачы (ФОТА)

06.02.2026 12:57
Тут магія сутыкаецца з сучаснай тэхналогіяй. «Карканошскія Таямніцы» – гэта прыгода, годная чараўніка.