Беларуская Служба

Адным з самых славутых суайчыннікаў палякі лічаць Тадэвуша Касцюшку

12.03.2026 16:02
Агульныя старонкі гісторыі Польшчы і Беларусі: што пра іх ведаюць палякі? Інстытут нацыянальнай памяці апублікаваў вынікі даследавання.
Аўдыё
  • К.Маліцкі пра гістарычную свядомасць палякаў.
     1,5            .  1746     .
Мерачоўшчына — былы фальварак за 1,5 км на паўночны захад ад горада Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі. У 1746 годзе тут нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Pixabay.com

Наколькі добра палякі ведаюць сваю гісторыю, у тым ліку яе агульныя старонкі з суседзямі? Гэтым пытаннем задаліся даследчыкі Кшыштаф Маліцкі з Жэшаўскага ўніверсітэта і Івона Жук. У Выдавецтве Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы выйшлі вынікі іх даследаванняў: Źródła zbiorowej pamięci. Nośniki pamięci historycznej w kształtowaniu obrazu przeszłości współczesnych Polaków («Крыніцы калектыўнай памяці. Носьбіты гістарычнай памяці ў фарміраванні вобраза мінулага ў сучасных палякаў») і Świadomość historyczna Polaków i ich postawy wobec swej przeszłości («Гістарычная свядомасць палякаў і іх стаўленне да сваёй гісторыі»).

Кшыштаф Маліцкі, які займаецца вывучэннем калектыўнай памяці, у інтэрв’ю Польскаму радыё падкрэслівае, што ў Польшчы ўпершыню праводзілася настолькі маштабнае даследаванне на гэтую тэму.

— Упершыню мы вырашылі ахапіць даследаваннем тры вялікія рэпрэзентатыўныя групы польскага грамадства. Дагэтуль падобныя даследаванні праводзіліся або сярод моладзі, або сярод дарослых палякаў на рэпрэзентатыўнай выбарцы. Аднак такія даследаванні мелі той недахоп, што пры рэпрэзентатыўнай выбарцы долі асобных катэгорый былі занадта малыя, каб на іх падставе можна было фармуляваць больш глыбокія вывады. У сувязі з гэтым мы вырашылі, па-першае, правесці даследаванне вялікай рэпрэзентатыўнай выбаркі вучняў сярэдніх школ — больш за 3500 чалавек; па-другое, рэпрэзентатыўнай выбаркі дарослых палякаў, якія скончылі адукацыю на ўзроўні сярэдняй школы і старэйшых за 20 гадоў, каб мець магчымасць праводзіць параўнанні; а таксама дадаткова — выбаркі настаўнікаў гісторыі. Дзякуючы гэтаму мы змаглі параўнаць погляды на мінулае і памяць пра мінулае гэтых трох катэгорый палякаў.

Мастацкая літаратура і кінафільмы пра гісторыю Польшчы карыстаюцца попытам. Прычым дзеі многіх з гэтых твораў разыгрываюцца ў Вялікім Княстве Літоўскім.

— У першай дзясятцы твораў, якія чытаюць палякі, фігуруюць «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, «Агнём і мячом» і «Пан Валадыёўскі» з гістарычнай трылогіі Генрыка Сянкевіча. Іх дзеі разыгрываюцца на былых усходніх землях Рэчы Паспалітай. Тым не менш, у грамадскай свядомасці гэтыя творы не займаюць прыкметнага месца. Калі мы пыталі пра фільмы, якія цікава расказваюць пра гісторыю, у першай дзясятцы апынуліся два: «Катынь» і «Валынь». Пры гэтым «Валынь» быў адзіным фільмам, які з’явіўся ва ўсіх трох катэгорыях — яго назвалі школьнікі, настаўнікі і дарослыя палякі.

Хто з дзеячаў польскага мінулага найбольш пазнавальны сярод сучасных палякаў? Ці ёсць сярод іх выхадцы з тэрыторыі сучаснай Беларусі?

— Што да пазнавальнасці, безумоўна, на першым месцы апынуўся Юзаф Пілсудскі. Гэтая асоба таксама заняла першае месца ў рэйтынгу людзей, якімі мы ганарымся ў нашай гісторыі. У гэтым каноне трох галоўных постацей, акрамя Пілсудскага, знаходзяцца таксама Ян Павел II і Лех Валенса. Цікава, што калі Пілсудскі заняў першае месца сярод школьнікаў, то сярод дарослых палякаў першае месца дасталося Яну Паўлу II. Пры гэтым Ян Павел II сярод школьнікаў апынуўся на даволі аддаленай пазіцыі. Настаўнікі таксама назвалі Пілсудскага на першым месцы, а Яна Паўла II — на другім. Можна сказаць, што канон асоб, якіх мы шануем, выглядае прыкладна так: Юзаф Пілсудскі, Ян Павел II, Лех Валэнса, Казімір Вялікі, Тадэвуш Касцюшка, Марыя Складоўская-Кюры, Мікалай Капернік. Варта падкрэсліць, што ў гэтым плане канон гістарычных асоб, якімі мы ганарымся, застаецца амаль нязменным на працягу многіх гадоў.

А наколькі добра палякі арыентуюцца ў гістарычнай палітыцы?

— Калі мы задалі пытанне, ці ведаюць палякі, што такое Рэч Паспалітая, то аказалася, што дзве траціны як школьнікаў, так і дарослых палякаў ведалі, што гэта была ўнія Польшчы і Літвы. Адна траціна гэтага не ведала. Аналагічна, калі мы пыталі пра Валынь і пра падзеі, што адбыліся там падчас Другой сусветнай вайны, а менавіта пра генацыд 1943 года, толькі адна траціна школьнікаў і палова дарослых палякаў ведалі факты. Гэтыя вынікі паказваюць, што ў гістарычных ведах палякаў існуюць пэўныя значныя прабелы.

З гістарычнай геаграфіяй справа выглядае гэтак.

— Калі мы задалі пытанне пра месцы, якія павінен ведаць кожны паляк, натуральна, прагучалі такія назвы як Львоў, Вільня, Катынь, Валынь, а таксама могілкі: Лычакоўскія ў Львове і Роса ў Вільні. Гэта цалкам натуральна. Аднак гэтыя адказы не апынуліся ў верхняй частцы рэйтынгу — у спісе яны займалі значна ніжэйшыя пазіцыі.

Вынікі даследавання паказваюць, што далёка не ўсе палякі ведаюць сваё мінулае.

— Акрамя невялікай групы палякаў, якія сапраўды цікавяцца гісторыяй і паглыбляюць свае веды, большасць мае, можна сказаць, амбівалентнае стаўленне да многіх пытанняў, звязаных з мінулым. Вядома, пра некаторыя рэчы яны ведаюць, аднак пра большасць не маюць дастатковых ведаў.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мешка ці Баляслаў: хто быў першым палякам? Адказвае археолаг Пшамыслаў Урбаньчык

11.12.2025 16:35
2025 год у Польшчы прайшоў пад знакам тысячагоддзя каранацыі першых двух каралёў Польшчы.