Беларуская Служба

Зянон Пазьняк: Праз тры пакаленні русіфікацыя Беларусі стане незваротнай

17.03.2026 12:31
«У Беларусі адначасова з рэпрэсіямі ідзе выспяванне нацыянальнага, вяртанне да свайго. Яно стыхійна прарываецца».
Аўдыё
  • Зянон Пазьняк: Праз тры пакаленні русіфікацыя Беларусі стане незваротнай
     , 2025
Марш да Дня Волі ў Варшаве, 2025Фота: Эдуаод Жолуд, www.polskieradio.pl/396

Напярэдадні адзначэння 98-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі — Дня Волі — Беларуская служба Польскага радыё пацікавілася ў аднаго з лідараў нацыянальнага адраджэння ў Беларусі 1980–90-х гг. Зянона Пазьняка яго меркаваннем наконт магчымасці чарговых хваль нацыянальнага адраджэння ў Беларусі пасля дзесяцігоддзяў сучаснай русіфікацыі, якая праводзіцца рэжымам Лукашэнкі.

Ці русіфікацыя Беларусі ўжо мае незваротны характар?

— Калі пройдуць яшчэ тры пакаленні, то можа быць незваротным. Бо ўсякая палітыка, усякая дыктатура мае моц тады, калі вырастаюць пакаленні. Калі б гэтая дыктатура была дзесяць гадоў, яна прайшла б зусім незаўважна, але яна трывае ўжо трыццаць гадоў. Гэта значыць, што выраслі два пакаленні ў ненармальных умовах, у русіфікаванай школе. І таму, канешне, гэта праблема. Але гэта ўсё вырашальна, калі ёсць палітычная свядомасць. Ёсць свядомасць этнічная, ёсць свядомасць культурная і ёсць палітычная, якая стварае палітычныя партыі, канцэпцыі дзяржавы. Палітычная свядомасць, калі яна ёсць, вызначае шлях. А астатняе ўсё падладжваецца, калі расце ў гэтай парадыгме.

Бо тая палітычная свядомасць, якая цяпер існуе ва ўладзе, — гэта «Беларусі няма, мы лепшыя рускія»: школы закрытыя, усё закрыта. І ў гэтай парадыгме нічога добрага не вырасце. Калі будзе парадыгма такая, што вы — народ, свабодныя, маеце ўласнасць, маеце зямлю, маеце свабоду слова, маеце сваю мову, маеце сваю школу — у гэтай парадыгме вырастае вольны чалавек, і ўсё вяртаецца, усё адраджаецца.

Таму пакуль што гэта не незваротна. Гэта дрэнная з’ява, якая сведчыць пра вынікі гэтай дыктатуры, але гэта яшчэ не незваротна. І я думаю, што незваротнай яна і не будзе. Бо  вельмі важна, што беларусы, хоць і вымушаныя гаварыць па-руску, лічаць сябе беларусамі. Яны лічаць сябе асобнымі ад рускіх, трымаюцца свайго, як умеюць. Гэта вельмі важны момант.

Узнікае пытанне ў гэтым кантэксце пра ролю эміграцыі. Бо ў Беларусі цяпер актыўна душыцца беларуская мова, а за мяжой, здаецца, ёсць нейкія магчымасці. Але часта беларусы нават у свабодных умовах — у Польшчы, у Літве — не карыстаюцца тым, што маюць. Напрыклад, не купляюць беларускія кнігі ў дастатковай колькасці. Як вы ацэньваеце ролю сучаснай эміграцыі ў працэсе захавання беларускасці?

— Шмат жа прыехала людзей з Беларусі, якія не мелі беларускай свядомасці, якія былі проста ў гэтай сістэме, прыстасаваныя, якія шукалі лепшых сацыяльных умоў, якія не чакалі, але трапілі пад ціск, хадзілі на дэманстрацыі, трапілі пад рэпрэсіі, у турмы — і яны не чакалі гэтага. Таму нічога дзіўнага.

Тут, у эміграцыі, — гэта зрэз таго, што там. Толькі тут апынулася больш актыўных людзей, больш свядомых, і сапраўды ёсць магчымасці. Але эміграцыя — гэта вельмі цяжка. Хто апынуўся ў эміграцыі, той гэта ведае на ўласнай скуры. Вельмі цяжка жыць, хоць Польшча прыхільная, але людзям цяжка.

Але тут ёсць магчымасці, ёсць свабода: можна адкрываць свае школы, можна мець свае выданні, свае арганізацыі — усё можна. А што да сям’і, дык у сям’ю ніхто не лезе. Калі вы беларусы — значыць, у сям’і захоўваецца мова. Некаторыя нацыі стагоддзямі захоўвалі сваю мову ў сям’і. Напрыклад, сям'я Анны Герман жыла ў Казахстане, а два стагоддзі захоўвала нямецкую мову. 

Таму ў эміграцыі, з аднаго боку, цяжкая сітуацыя, а з другога боку — магчымасці ёсць добрыя, і іх трэба выкарыстоўваць. І трэба разумець рэальнасць: палова людзей не вернецца. Усе эміграцыі былі такія. Толькі калі былі нейкія надзвычайныя абставіны — вайна ці нешта такое — людзі вярталіся.

Але ў нас такога становішча няма. І людзі, якія доўгі час пражывуць у эміграцыі, больш за тры гады, абрастаюць каранямі: купляюць маёмасць. Ім ужо вяртацца назад цяжка. Я праводзіў апытанне ў ЗША: людзі пражылі там па сорак гадоў, і толькі адна сям’я магла вярнуцца. Таму што ў іх ужо дом, дзеці, усё там. І кінуць гэта і прыехаць у невядомасць — вельмі цяжка.

Таму трэба старацца захоўваць сваю культуру, мову, традыцыі, цікавіцца, каб можна было вярнуцца. Бо эміграцыя можа вельмі дапамагчы. Вы паглядзіце, як Савецкі Саюз разваліўся: прэзідэнт Літвы вярнуўся з-за мяжы, прэзідэнтка Латвіі таксама, і Эстоніі. У іх законы гэта дазвалялі. Людзі былі свядомыя, яны зрабілі сваю справу, і навука вярнулася.

Вельмі важна — захоўваць і развіваць інстытуты. Бо тая беларуская эміграцыя, якая пасля вайны прыехала, вы паглядзіце: яны стварылі свае цэрквы, свае інстытуты, сваю літаратуру. Былі свае літаратуразнаўцы. Яны выпускалі буквар, слоўнікі. Яны стварылі магутную літаратуру. Арсеннева, Акула — гэта ж пісьменнікі!  А іх было няшмат — каля 5 тысяч у ЗША. Але яны стварылі вялікую культурную базу для Беларусі.

І цяпер наша інтэлігенцыя таксама можа зрабіць тое самае. У плане культуры гэта вельмі важна. Таму я гляджу аптымістычна. Трэба мець энергію і жаданне.

А калі казаць пра саму Беларусь, чым даўжэй знаходзішся ў эміграцыі, тым гэтая сувязь з радзімай становіцца меншай. Як вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі? Ці сапраўды там ужо ўсё татальна зачышчана, ці ўсё ж такі ёсць яшчэ нейкія парасткі беларушчыны?

— Яны не могуць пакуль што залезці ні ў сям’ю, ні ў галаву чалавека. Напрыклад, сталі больш купляць беларускую літаратуру — у два разы, на 200 працэнтаў за апошні год. А хто пачаў купляць? Звычайныя людзі. Значыць, іх гэта цікавіць. Гэта сігнал таго, што людзі гэтым цікавяцца.

І людзі не ўспрымаюць гэты рэжым — ён ужо абанкруціўся. І на аснове гэтага непрымання яны шукаюць нейкія альтэрнатывы. І знаходзяць: слухаюць, думаюць — «мы ж у Беларусі, вось наша мова» — і вяртаюцца да гэтага. Ад непрымання зла чалавек прыходзіць да дабра.

Таму ў Беларусі адначасова з гэтымі «зачысткамі» і рэпрэсіямі ідуць працэсы выспявання нацыянальнага, вяртання да свайго. Яно забароненае, але стыхійна прарываецца — яно ёсць.

І як толькі настане час — а ён настане, калі гэтая «плаціна» ўпадзе, — усё пойдзе адразу. Усё пойдзе. Так было ў 1990-я гады.

Слухайце аўдыё! 

эж

Зянон Пазняк: Будзе беларуская мова, будзем на ёй гаварыць — будзе жыць нацыя

09.03.2023 15:06
Зянон Пазняк лічыць, што ў вольнай Беларусі дзяржаўнай павінна быць беларуская мова, але беларусам трэба даць магчымасць свабодна гаварыць па-руску.

Беларускую мову як фактар ідэнтычнасці назвалі толькі 4 працэнты беларусаў, і ажно 92 працэнты палякаў такім маркерам адзначылі польскую мову

18.12.2024 06:02
Калі чалавек не размаўляе па-беларуску, яму нельга прад'явіць вердыкт, што ён не беларус, так мяркуюць самі жыхары Беларусі. Мова — не вызначае нацыю.