Беларуская Служба

20 сакавіка прэм'ера «Лялькі» Баляслава Пруса ў Драматычным тэатры ў Варшаве. Рэжысёр - беларус (ФОТА)

19.03.2026 07:45
«Супер, што ў Мікіты не было шаблону, як падыходзіць да гэтага тэксту, бо ён не чытаў твору ў школе».
Акцёр Марцін Босак падчас паказу спектакля для СМІPAP/Rafał Guz

У Драматычным тэатры ў Варшаве працягваюцца апошнія рэпетыцыі сцэнічнай адаптацыі «Лялькі» Баляслава Пруса ў рэжысуры беларуса Мікіты Ільінчыка. Прэмʼера адбудзецца ў пятніцу (20 сакавіка) на галоўнай сцэне.

Марцін Босак сыграе Станіслава Вакульскага. Акцёр падкрэслівае, што гэта свежы погляд на польскі твор:

— Супер тое, што ў Мікіты, які мае ўжо польскае грамадзянства, і мае польскія карані, не было шаблону, як падыходзіць да гэтага тэксту, бо ён не чытаў твору ў школе. Ён атрымаў гэтую кнігу ў якасці памятнай рэчы па бабулі, якая падкрэсліла розныя рэчы ў кнізе. Дарэчы, мы граем і яго асабістую гісторыю. Гэта пытанне, што мы з усім гэтым робім у цяперашнім часе, у якім рыфмуюцца пагроза і небяспека, якая зусім побач з намі, з тым, што было ў часы Пруса.

У пастаноўцы Ільнчыка мінулае і сучаснасць пераплятаюцца, адлюстроўваючы грамадства, якое дзейнічае ў цені панавання імперскай сістэмы. Каханне становіцца адным з механізмаў сацыяльнага падпарадкавання.


Мікіта Ільінчык Мікіта Ільінчык

Мікіта Ільінчык з 2022 года жыве ў Польшчы. У кастрычніку 2022 у Польскім тэатры Быдгашча прайшлі прэм’ерныя паказы спектакля па яго аднайменнай п’есе «F***ing in Brussels». У 2023 працаваў як драматург з рэжысёрам Войцехам Фаругам над операй «María de Buenos Aires» у Нацыянальнай оперы Варшавы.

У 2023 прадставіў беларуска-польскі спектакль «Emma», прысвечаны гуманітарнаму крызісу ў Польшчы. П’еса трапіла ў спіс лепшых драматургічных праектаў сезона ў Польшчы адразу ў трох намінацыях: лепшы замежны тэкст, лепшы рэжысёрскі і акцёрскі дэбюты.

У кастрычніку 2023 у Быдгашчы прайшла прэзентацыя яшчэ аднаго праекта драматурга Strefa Militarna — М. Ільінчык упершыню напісаў п’есу на польскай мове.

У лістападзе 2024 у другі раз выйграў прэмію «Aurora» з п'есай «Say hi to Abdo», прысвечанай міграцыйнаму крызісу на мяжы Еўрасаюза з Беларуссю і Расіяй.

ав/Вікіпедыя


Сцэна са спектакля/PAP/Rafał Guz Сцэна са спектакля/PAP/Rafał Guz