Хваля рэпрэсій, якая апошнім часам ударыла па беларускім выдавецкім асяроддзі, фактычна пахавала незалежную выдавецкую дзейнасць у Беларусі.
Пасля 2020 году некаторыя беларускія выдавецтвы рэлакаваліся за мяжу. У Еўропе пачалі таксама ўзнікаць новыя выдавецкія ініцыятывы. Сярод іх увагу звяртае выдавецтва «Мяне няма», якое сваю дзейнасць пачало з перавыдання кнігі філосафа Валянціна Акудовіча пад такім жа загалоўкам.
— З гэтага часу мы выдалі шмат іншых кніг, якія можна акрэсліць літаратурай постучарашняга дня», — гаворыць прадстаўнік выдавецтва, філосаф і літаратар Максім Жбанкоў.
— Гэта літаратура транзітыўнай сітуацыі. Сітуацыі пераходу ад папярэдніх, ужо неіснуючых матрыц старасвецкага, мінулага беларускага культурніцкага парадку да беларускай культуры новай генерацыі, новага вымярэння.
І нашыя аўтары, яны ў межах сваіх магчымасцяў, кожны па-свойму, бо гэта як бы не суполка, гэта сістэма асобаў, яны маюць адказы на выклікі часу. І гэтыя адказы на выклікі часу, дакладней — пошукі адказаў. Гэта надзвычай істотна.
І нас цікавіць у нашым аўтарскім пуле менавіта гэтая здольнасць руху наперад, здольнасць эксперыментаваць, здольнасць выкарыстоўваць некананічныя формы выказвання ў фармаце квазі-блогу, напрыклад, больш вольныя, больш парадаксальныя.
Напрыклад, мы выдалі раман Андрэя Дудко «Калдун тамат». Гэта тое, што можна назваць беларускай псіхадэлічнай прозай. Гэта зноў жа новае вымярэнне, гэта пошукі новай стылістыкі. І ўвогуле гэтыя пошукі — гэта культура пошуку, я б сказаў так. І на гэтым нам залежыць. Мы лічым, што гэта тое, што варта падтрымліваць.
Што з гэтага будзе? Паглядзім праз 5-10 гадоў. Але зараз мы працуем як крыніца перспектывы. Паглядзім, што будзе.
Вы кажаце пра вашыя кнігі як пра кнігі літаратуры постучарашняга дня. Гаворыцца таксама пра такі жанр ці трэнд у літаратуры, як постфікшн. Гэта тое, што якраз цяпер патрэбнае?
— Патрэбнае ці непатрэбнае — гэта не тое пытанне. Гэта тое, што зараз магчымае. Гэта тая форма аўтарскага выказвання, па нашым меркаванні, якая найбольш дакладна адпавядае гэтай пераходнай эпосе, гэтай сітуацыі культурніцкай перазагрузкі.
Постфікшн — гэта літаратурнае выказванне па-за межамі культурніцкіх літаратурных канонаў і адначасова гэта выказванне пасля палітычнай катастрофы, пасля палітычнага крызісу. І ў той самы час гэта трэцяе вымярэнне постфікшну — гэта форма, скажам так, аўтарскага самадызайну гэтага нашага пулу аўтараў, якія ў новай сітуацыі шукаюць сябе нанова і фактычна займаюцца з нуля, у пэўным сэнсе, стварэннем новай беларускай культурнай сітуацыі.
Посткультура, постпалітыка, постфікшн. Але вы кажаце таксама, што гэта можа быць пачаткам новай беларускай літаратуры, новай беларускай культуры. Але большасць кніг — па-руску.
— А вось гэта таксама пытанне. Бо, як на мяне, адной з безумоўных адмоўных рысаў папярэдняй культурніцкай беларускай матрыцы была якраз мовацэнтрычнасць, была такая зацыкленасць выключна на пытанні мовы. І лічылася ў значнай ступені, што аўтар, які піша па-беларуску, ён аўтаматычна трапляе, па-першае, у героі культурніцкія, па-другое, робіцца істотным, па-трэцяе — вартым павагі.
Ясна, што гэта ўсё сістэма татальнага падману, бо валоданне беларускай мовай не ёсць гарантыяй якасці літаратурнага тэксту і адэкватнасці аўтарскай пазіцыі. Таму мы абіраем у дадзеным выпадку, умоўна кажучы, не лінгвістычную частку, а адэкватнасць сітуацыі.
Размаўляў Яраслаў Іванюк
слухайце аўдыёфайл