Беларуская Служба

Ураджэнец Даўгаўпілса быў адным з айцоў БНР і яе паслом у Рызе

26.03.2026 16:01
У Беластоку выйшла кніга прафесара Юрыя Грыбоўскага пра беларусаў у Латвіі, а таксама іх сувязі з Польшчай.
Аўдыё
  • Ю.Грыбоўскі пра беларусаў у Латвіі.
         (19181945 .).
Прафесар Юры Грыбоўскі і яго кніга «Беларусы ў Латвіі (1918–1945 гг.)».https://www.facebook.com/photo/?fbid=1337172015108806&set=gm.943974934636505

25 сакавіка беларусы ва ўсім свеце адзначылі 108-гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Адным з яе стваральнікаў быў ураджэнец Дзвінска (Даўгаўпілса) Канстанцін Езавітаў, які затым эмігрыраваў у Літву, а неўзабаве ў Латвію, дзе стаў адным з лідараў мясцовых беларусаў.

Беларускае гістарычнае таварыства ў Польшчы парупілася пра выданне ў Беластоку кнігі праф. Юрыя Грыбоўскага (Jerzy Grzybowski) «Беларусы ў Латвіі (1918–1945 гг.)». Дарэчы, адным з рэцэнзентам працы з'яўляецца старшыня БГТ, вядомы польскі беларусіст і дзеяч беларускага руху ў Польшчы прафесар Алег Латышонак, а другім рэцэнзентам — Дангірас Мачуліс, літоўскі даследчык, які, у сваю чаргу, вывучаў гісторыю літоўцаў у Латвіі ў аналагічны перыяд.

Варта адзначыць, што, як высветліў прафесар Грыбоўскі, беларускамоўнае насельніцтва ў Латвіі складалася як з эмігрантаў (напрыклад, у Рызе), так і — пераважна (у Даўгаўпілсе і ваколіцах) — з тутэйшых, аўтахтонаў — латгальцаў, якія перайшлі ў свой час на беларускую мову. Частка з іх, якія былі каталіцкага веравызнання, лічылася палякамі. Таму гэтыя кнігі зацікавяць як беларусаў, так і палякаў, латышоў, а таксама жыхароў уласна Латгаліі.

Кнігі Юрыя Грыбоўскага адкрываюць малавядомыя старонкі гісторыі: пра дзейнасць устаноў БНР у Латвіі, вядомага вайсковага і палітычнага дзеяча Канстанціна Езавітава, беларуска-польска-руска-латышскія адносіны ў Латгаліі.

У кнігах таксама расказваецца пра тое, як тысячы беларусаў з Польшчы ў даваенны час апынуліся ў Латвіі ў якасці эканамічных эмігрантаў. Аўтар не абмінуў увагай і лёс латвійскіх беларусаў падчас Другой сусветнай вайны — ва ўмовах савецкай і нямецкай акупацый.

Юры Грыбоўскі тлумачыць, чаму менавіта ў Польшчы выйшлі яго кнігі на беларускай мове пра беларусаў у Латвіі.

— Чаму ў Польшчы? Бо я жыву і працую ў Польшчы і ўжо 13 апошніх гадоў займаюся гэтай праблематыкай. Гэта манаграфія — фактычна плён шматгадовых архіўных і бібліятэчных пошукаў, перадусім у Латвіі, але таксама ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Беларусі, Эстоніі, Расіі і ЗША.

Ці звязвае вас або вашых продкаў біяграфія з Латвіяй, што вы зацікавіліся гэтай тэмай?

— Так, тут ёсць і асабісты момант: мая бабуля напярэдадні Другой сусветнай вайны два гады жыла ў Латвіі. Яна была польскай грамадзянкай і ў даваенны перыяд назіралася масавая працоўная эміграцыя з Польшчы ў Латвію. Яна была сярод тых тысяч эмігрантаў, якія ехалі туды ў пошуках працы. Яшчэ ў дзяцінстве яна мне расказвала пра свае ўражанні. Яна нават крыху ведала латышскую мову. Для яе гэта быў новы вопыт — сутыкненне з іншай культурай і мовай. Думаю, менавіта тады і з’явілася мая цікавасць да Латвіі, яе гісторыі і культуры. Пазней я вярнуўся да гэтай тэмы ўжо як даследчык і зразумеў, што гэта вельмі важная і маладаследаваная старонка гісторыі як Латвіі, так і Беларусі, Польшчы. У даваенны і ваенны час Латвія была адным з галоўных цэнтраў беларускага нацыянальнага жыцця за граніцамі БССР. Там пражывалі дзясяткі тысяч беларусаў — як аўтахтонаў, так і эмігрантаў. Дзейнічалі культурна-асветныя таварыствы, больш за 50 школ, некалькі гімназій, выдаваліся кнігі, газеты, часопісы, існавалі палітычныя партыі — жыццё было вельмі актыўным. Спачатку мне здавалася, што гэта тэма другарадная, але чым больш я яе даследаваў, тым больш разумеў яе значнасць.

Варта адзначыць, што сучасная беларуска-латвійская граніца часткова супадае з даваеннай польска-латвійскай. Ці ўплывала гэта на прысутнасць беларусаў у Латвіі?

— Вядома, геаграфічная блізкасць адыграла ролю. Але важна падкрэсліць: гэта кніга не толькі пра эмігрантаў. Большасць беларусаў у Латвіі — гэта мясцовае насельніцтва, аўтахтоны. Чаму Латвія стала цэнтрам беларускага жыцця? Тут важныя тры фактары. Па-першае, наяўнасць значнай колькасці беларускага насельніцтва. Па-другое, дзейнасць Канстанціна Езавітава — аднаго са стваральнікаў БНР, які ў 1919 годзе прыбыў у Латвію і стаў арганізатарам беларускага руху. І, па-трэцяе, ліберальная палітыка латвійскай дзяржавы ў адносінах да нацыянальных меншасцей. Беларусы мелі магчымасць развіваць сваю адукацыю, культуру і арганізацыі. Што да адносін з палякамі і рускімі, то яны былі складаныя. Гэта было суперніцтва за ўплыў на насельніцтва Латгаліі. Узровень нацыянальнай свядомасці беларускамоўнага насельніцтва быў невысокі, і розныя групы імкнуліся прыцягнуць людзей на свой бок.

Кніга налічвае больш за тысячу старонак. Ці закрывае яна тэму?

— Не, наадварот — адкрывае. Я спадзяюся, што яна стане штуршком для далейшых даследаванняў. Кожная постаць, згаданая ў кнізе, заслугоўвае асобнай працы. А пасля вайны ўжо не было актыўнага беларускага руху, аднак людзі засталіся і працягвалі жыць і працаваць у Латвіі. Многія актыўныя дзеячы пасля вайны апынуліся на Захадзе. Лёс Канстанціна Езавітава быў трагічны: ён быў схоплены ў 1945 годзе ў Германіі савецкімі ўладамі і загінуў у засценках НКУС БССР у Мінску... Магчыма, у будучыні з’явіцца біяграфічны слоўнік латвійскіх беларусаў — гэта было б вельмі карысна.

Дарэчы, у Выдавецтвах Варшаўскага ўніверсітэта выйшла яшчэ адна кніга Юрыя Грыбоўскага — «Беларуская меншасць у Латвійскай Рэспубліцы (1918–1940 гг.)».

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Пасол Латвіі ў Польшчы: Беларусь — наша суседка, на граніцы з якой ёсць праблемы

26.02.2026 16:02
Раймандс Янсанс расказвае пра адносіны Латвіі з Польшчай і Беларуссю ў мінулым і ў нашы дні.