— Валянцін, ваш шлях да пісьменніцтва даволі асаблівы. Вы працуеце перакладчыкам, а раней былі настаўнікам фізікі і астраноміі. Што прывяло вас у літаратуру?
— Праца перакладчыка такая, што часам густа, а бывае і пуста. І вось, калі бывала пуста, я вырашыў: а чаму б мне не манетызаваць гэтае «пуста» ў нешта густое. І так пачаў пісаць. Калі ў мяне нарадзілася дачка, то мы ўжо загадзя ведалі, што яе будуць зваць Вера, а я напішу нешта такое — «Вера — дачка флібусцьера». І будуць там прыгодніцкія казкі пра мора, акіян, пра піратаў і галоўную гераіню — дзяўчынку. Так і атрымалася.
— Так называецца ваша першая кніга «Вера — дачка флібусцьера». Аб чым яна?
— Дачка пірата згубілася ў моры падчас буры, яе выкінула на востраў, дзе яна сустрэла цікавых персанажаў, якія ўрэшце дапамаглі ёй знайсці тату. Там было шмат прыгод, яна сустрэла шмат цікавых герояў — і добрых, і злых. Нават некаторыя з іх былі іншапланецянамі. І ўрэшце склалася такая напалову дэтэктыўная, напалову казачная і паўфантастычная гісторыя з вельмі шматпластавым сэнсам.
— Гісторыя прыгодніцкая і, канешне, рамантычная…
— Рамантыкі там — вышэй за дах, як кажуць. Бо само жыццё пірацкае — гэта рамантыка. Любы пошук — гэта рамантыка. Любыя сустрэчы з нечым невядомым — таксама рамантыка. Але гэта не той рамантызм, які ўзнікае ў падлеткавым узросце. Вось зараз я пішу другую кнігу. Яна лагічна з’яўляецца працягам першай, але з іншымі героямі, у іншых абставінах, нават на іншай планеце. Там пачынаюцца першыя рамантычныя пачуцці паміж дзяўчынкай і хлопчыкам — у абставінах, наколькі гэта наогул магчыма, на Марсе.
— Значыць, вашы кнігі для падлеткаў?
— Калі мне задаюць такое пытанне, я заўсёды прыводжу такі прыклад. Канешне, я ні ў якім разе не параўноўваю сябе з тым пісьменнікам, якога прывяду ў прыклад, але калі спытаць: Кір Булычоў — гэта для якога ўзросту? І аказваецца, што для любога. Як толькі чалавек пачынае сам чытаць і яму становіцца цікава, з ім гэтая літаратура праходзіць праз усё жыццё. Мінула больш за дваццаць гадоў, як Кір Булычоў памёр, а выходзяць перавыданні, перавыданні, перавыданні… Таму і мая першая кніга — для дзіцяці, якое само пачынае чытаць і разумець прачытанае. Вось гэта і ёсць пачатковы ўзрост.
— Вы ў якім узросце пачалі пісаць кнігу?
— Мне зараз пяцьдзесят пяць, а калі пачаў пісаць, было пяцьдзесят два. Магчыма, таму што я чалавек начытаны і магу граматна выказаць свае думкі і ў гаворцы, і на пісьме. Але ці залежыць ад узросту аўтара тое, што ён напісаў?
— А што вас усё ж падштурхоўвае да таго, каб пісаць? Прычым ужо не ў юнацкім веку.
— Я сам задаваў сабе гэтае пытанне, бо калі я скончыў першую кніжку і аддаў яе ў выдавецтва, то сеў дома і сам сабе кажу, што вось праца скончылася, і цяпер мне няма чаго рабіць. Таму вазьмуся я пісаць другую кнігу. І пачаў.
— А эмігранцкае жыццё ўплывае на тое, што вы пішаце?
— Абсалютна так. Хаця, магчыма, тое самае я пісаў бы і дома. Проста там не было магчымасці, бо былі малыя дзеці і ўвесь час займаўся з імі. А цяпер сітуацыя ў Беларусі таксама не спрыяе напісанню кніг, бо ў любы момант да цябе могуць пагрукаць у дзверы…
— Вы цяпер пішаце тут кніжкі, гадуеце дзяцей, а ці хацелі б, каб вашы дзеці жылі і раслі ў Беларусі?
— У такой Беларусі, як цяпер, — не. Бо я не мог бы ім растлумачыць, навошта так шмат людзей, узброеных і ў чорным, ходзіць па вуліцах. Навошта такія злыя рэчы гучаць з экрана тэлевізара. Чаму людзі шэпчуцца, чаму яны баяцца казаць шчыра і адкрыта.
— На вашу думку, у нашай эмігранцкай сітуацыі, якая адказнасць ляжыць на беларускім пісьменніку?
— Адказнасць ён адчувае. Калі ўсе кнігі, якія выдаваліся выдавецтвам, прызнаныя разам з гэтым выдавецтвам экстрэмісцкімі, то вось яна — адказнасць. Ты вернешся — і будзе табе крымінальная справа. Якая іншая адказнасць можа быць у беларускага пісьменніка? Калі пісьменнік шчыры сам з сабой і гэтую шчырасць праз свае творы спрабуе перадаць чытачу, то нават калі гэта не суперкaсавы поспех, як «Гары Потэр», усё роўна знойдуцца чытачы, якія скажуць: ён грае мелодыю, якая мне падабаецца, і я нават яе падтрымаў бы, калі б мог. Але я не магу, а ён змог.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл