Беларуская Служба

Праф. Радослаў Калета: Acta Albaruthenica — акно з Польшчы ў Беларусь

02.04.2026 16:01
Галоўны рэдактар часопіса кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта запрашае вучоных з усяго свету публікаваць тут свае працы.
Аўдыё
  • Прафесар Радослаў Калета пра часопіс Acta Albaruthenica.
         Acta Albaruthenica ( 25  2025 ).
Прафесар Радослаў Калета з часопісам кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Acta Albaruthenica (№ 25 за 2025 год). Viktar Korbut / Polskie Radio

З 1998 года выходзіць навуковы часопіс кафедры беларусістыкі  Варшаўскага ўніверсітэта Acta Albaruthenica (у 2001-2005 гг. выдаваўся ў Мінску). Адной з мэт выдання з’яўляецца папулярызацыя беларусазнаўчых прац насуперак стэрэатыпам, палітызацыі і культурным міфам. Выдаўцом навуковага выдання з'яўляюцца Выдавецтвы Варшаўскага ўніверсітэта (Wydawnictwa Uniwersytetu Warszawskiego). 

Публікацыя ў часопісе Acta Albaruthenica бясплатная. Артыкулы могуць свабодна выкарыстоўвацца з некамерцыйнымі мэтамі з абавязковым указаннем аўтара (аўтараў), і першапублікацыі (ліцэнзія CC BY-NC 4.0).

З № 25 за 2025 год галоўным рэдактарам часопіса з’яўляецца вядомы польскі беларусіст прафесар Радослаў Калета (Radosław Kaleta), які таксама працуе намеснікам дэкана факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

— Гэты выпуск — мой дэбют як галоўнага рэдактара Acta Albaruthenica. Я ўжо раней кіраваў рэдакцыяй іншага часопіса — «Беларуская мова як замежная». А з часопісам Acta Albaruthenica я супрацоўнічаў шмат гадоў як намеснік рэдактара. Чым вылучаецца 25-ы нумар? Па-першае, ён прысвечаны прафесару Мікалаю Цімашуку, які, на жаль, у 2025 годзе памёр. Гэта быў выдатны даследчык і выкладчык, які зрабіў значны ўклад у развіццё беларусістыкі ў Варшаўскім універсітэце. Ён дзесяць гадоў быў сурэдактарам гэтага часопіса і пяць гадоў кіраваў кафедрай беларусістыкі. Значную частку нумара складаюць навуковыя артыкулы на тэмы дыялекталогіі, сацыялінгвістыкі, этналінгвістыкі і гісторыі беларускай мовы. Другая частка прысвечана літаратуры. Варта адзначыць тэксты на англійскай мове. Адзін з іх — гэта змястоўная справаздача пра тое, як выглядае беларусістыка ў Амерыцы, што адбываецца на амерыканскіх канферэнцыях і якія там праводзяцца навуковыя мерапрыемствы. Мы хочам, каб часопіс быў не толькі польскі і не толькі беларускі, але міжнародны — на розных мовах. Часопіс друкуе цяпер тэксты на трох мовах: польскай, беларускай і англійскай. І мы запрашаем даследчыкаў з розных краін дасылаць нам свае матэрыялы.

Сярод аўтараў гэтага выпуску ёсць і польскія, і літоўскія даследчыкі, у тым ліку тыя, якія ў свой час прыехалі ў Польшчу і Літву з Беларусі. З якіх яшчэ краін вы маеце пастаянных аўтараў?

— Мы маем сувязі з беларускай дыяспарай у Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША, а таксама ў Славакіі, Чэхіі і нават у Расіі. Ну і, зразумела, у Беларусі, хаця з тамтэйшымі калегамі кантакты абмежаваны па вядомых прычынах, аднак мы не закрываемся для тэкстаў беларускіх аўтараў. Думаю, што ў будучыні будзем мець яшчэ больш прадстаўнікоў розных краін, бо ведаем, што беларуская дыяспара становіцца ўсё большай. Цяпер мы якраз прымаем матэрыялы ў новы, 26-ы, нумар і звяртаемся таксама да слухачоў і чытачоў: калі вы ведаеце вучоных або самі імі з'яўляецеся, калі ласка, дасылайце свае матэрыялы. Гэта могуць быць артыкулы, рэцэнзіі, справаздачы.

Увогуле сам факт, што сёння ў Варшаве выходзіць навуковае выданне на беларускай мове, — гэта вялікая падтрымка беларускай мовы, якая ў самой Беларусі карыстаецца, мякка кажучы, абмежаванай увагай дзяржавы. Для вас асабіста беларусістыка і беларуская мова якое маюць значэнне?

— Для мяне беларуская мова — гэта сродак камунікацыі. Мне пашанцавала: калі я пачаў вывучаць беларускую мову, адразу сустрэў беларусаў, якія актыўна ёю карысталіся. І ў такім беларускамоўным асяроддзі я змог даволі хутка яе вывучыць. Для мяне вельмі важна, каб беларуская мова не была толькі палітычнай, палітызаванай тэмай. Як мовазнавец я гляджу на яе як на адну з шматлікіх моў свету, якая мае сваю гісторыю і, думаю, мае сваю будучыню. Няма лепшых і горшых моў. Таму можна сказаць, што я закахаўся ў беларускую мову. Мне падабаецца яе мелодыя, гучанне. І, шчыра кажучы, калі б не моўныя і палітычныя стэрэатыпы, я б у гэтай мове нічога дзіўнага не бачыў. Мае кантакты з іншаземцамі, якія вывучаюць беларускую мову і карыстаюцца ёю, пацвярджаюць: для небеларусаў гэта проста яшчэ адна замежная мова, сродак камунікацыі, які дазваляе вывучаць культуру, гісторыю і літаратуру краіны, што іх цікавіць.

Вы — вядомы як даследчык у галіне параўнальнага мовазнаўства. Вы аналізуеце, як беларусы вывучаюць польскую мову і як палякі вывучаюць беларускую. Скажыце, калі ласка, у чым вам бачацца падабенства беларускай мовы з польскай і ў чым іх асноўныя адрозненні?

— Адрозніваюцца яны найперш алфавітам. Хаця існуе і беларуская лацінка, у афіцыйным правапісе выкарыстоўваецца алфавіт, які паходзіць ад кірыліцы. Другое — гэта націск: у беларускай мове ён рухомы, а ў польскай звычайна падае на перадапошні склад. Таксама ў беларускай мове няма тыпова польскіх гукаў і літар, як ą ці ę — ёсць іншыя адпаведнікі і іншае вымаўленне. Калі гаварыць пра фанетыку, палякам часта складана засвоіць гэтыя асаблівасці. Што да граматыкі, адно з галоўных адрозненняў — формы прошлага часу. У польскай мове яны больш складаныя і залежаць ад роду і асобы. У беларускай мове сістэма прасцейшая: «я рабіў / рабіла», «мы рабілі», «вы рабілі» — без складанай дыферэнцыяцыі. Адрозненняў даволі шмат, і пра гэта можна доўга гаварыць. У інтэрнэце можна знайсці мае працы на гэтую тэму. Я пісаў пра цяжкасці беларусаў, якія вывучаюць польскую мову, а таксама пра палякаў, якія вывучаюць беларускую.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мірослаў Янковяк: У Латгаліі амаль не засталося носьбітаў беларускіх гаворак

09.10.2025 16:01
Выйшла кніга польскага дыялектолага Gwary białoruskie na Łotwie jako przykład leksykalnego dziedzictwa pogranicza bałtycko-słowiańskiego.