Беларуская Служба

Чаму маладыя дзяўчаты жадалі быць аблітымі вадой, і якім чынам арэлі дапамагалі ў сватаўстве? (ФОТА)

06.04.2026 10:01
Запрашаем на велікодныя гульні і забавы. Так 100 гадоў таму вяскоўцы радаваліся і весяліліся ў Вялікдзень.
Аўдыё
  • Запрашаем на «Велікодныя гульні і забавы» ў Музей мазавецкай вёскі ў Серпцу
«Велікодныя гульні і забавы»Aрхіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу (Fot. D-Krzesniak)

Цяпер Велікодны панядзелак і смігус-дынгус (śmingus-dyngus) у асноўным атаясамліваеюцца з сімвалічным пырсканнем вадой, але сто гадоў таму ў мазавецкай вёсцы, гэта быў шалёны дзень — дзень радасці і забавы.

Штогод у Велікодны панядзелак Музей мазавецкай вёскі ў Серпцу (поль. Sierpc) адраджае гэтую ды іншыя велікодныя традыцыі, паказваючы, што гэта не была выключна забава, але таксама нагода да інтэграцыі, флірту і апошні момант перадыху перад цяжкай працай у полі.

Сумеснае святкаванне Вялікдня ў вёсцы — гульні, наведванне суседзяў і сям'і адбывалася ў другі дзень святаў, то бок у Велікодны панядзелак. У народнай традыцыі гэты дзень быў часам радасці, застолляў і сустрэч з суседзямі, успамінае Агнешка Карольчук (Agnieszka Korolczuk) з Аддзела прасоўвання Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу.

— У гэты дзень людзі выходзілі з дамоў і сустракаліся з іншымі вяскоўцамі. Першы дзень Вялікадня — нядзеля, звычайна праводзіўся ў бліжэйшай сям’і, але ў Велікодны панядзелак вяскоўцы сустракаліся з суседзямі і весяліліся. Можна сказаць, што Велікодны панядзелак — гэта быў дзень сапраўднай радасці.

Смігус-дынгус – звычай аблівання вадой. Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу Смігус-дынгус – звычай аблівання вадой. Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу

У той час вясковыя забавы і гульні мелі асаблівы характар, паколькі звычайна яны праводзіліся менавіта на Вялікдзень. Напрыклад, смігус-дынгус звязаны з абліваннем вадой.

— У смігус-дынгус людзі аблівалі адзін аднаго вадой. Аднак у тыя часы ў асноўным кавалеры аблівалі маладых дзяўчат, асабліва самых прыгожых. Кажуць, што маладыя дзяўчаты, якія не абавязкова карысталіся папулярнасцю ў хлопцаў, палівалі самі сябе, але зразумела так, каб ніхто не бачыў. Між тым, тады гэта не былі малыя прыскалкі, як цяпер, але сапраўды вялікія — як малыя вадамёты. Часта ўдзельнікі забавы паліваліся прама з вядра, а часам кавалеры кідалі дзяўчат у паілку або нават раку. Такім чынам, абліванне вадой — смігус-дынгус сто гадоў таму ў вёсцы, гэта было такое сапраўднае абліванне.

Смігус-дынгус і прыскалка. Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу Смігус-дынгус і прыскалка. Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу

Хоць сёння гэта можа здацца крыху драматычным, то тады ніхто не крыўдзіўся на такія жарты.

— Ну, крыўдзіцца нельга было, бо гэта заўсёды было звязана з добрым пажаданнем. Вадой аблівалася, перш за ўсё, моладзь — як дзяўчаты, так і хлопцы, а сама гульня давала магчымасць пазнаёміцца і пафліртаваць. Дзяўчаты імкнуліся да таго, каб іх палілі вадой, бо гэта азначала поспех і шанец знайсці мужа цягам бліжэйшага года. Тое ж самае было і з маладымі кавалерамі. Яны выкарыстоўвалі гульню, каб пазнаёміцца з дзяўчатамі або паказаць, што ім падабаецца канкрэтная дзяўчына — у гэтым і была мэта згаданых жартаў. Вядома, з вялікай павагі да старэйшых ніхто не адважваўся абліваць старэйшых членаў сям’і, бацькоў ці старэйшын суседзяў.

Між тым, абліванне вадой — не адзіная папулярная забава ў Велікодны панядзелак.

— Традыцыйна ў той час маладыя дзяўчаты наведвалі суседзяў з упрыгожанай галінкай (па польску «gaik»). Гэткая галінка сімвалізавала нараджэнне, пачатак новага жыцця, адраджэнне прыроды пасля зімы і ўнутранае адраджэнне людзей. Дзяўчаты ўпрыгожвалі гэтую галінку рознакаляровымі кветкамі і стужкамі, насілі яе ад хаты да хаты, спяваючы прыгожыя песні. Такія візіты заўсёды былі прагнозам шчасця і дабрабыту для гаспадароў і дома, таму яны ўзнагароджвалі дзяўчат невялікімі падарункамі. Гэта мог быць кавалак пірожнага або велікоднае яйка — сімвал жыцця.

Калядаванне дзяўчатаў па вёсцы (поль. chodzenie z gaikiem). Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу Калядаванне дзяўчатаў па вёсцы (поль. chodzenie z gaikiem). Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу

Дзяўчаты хадзілі па вёсцы з упрыгожанай галінкай, а хлопцы — з пеўнем.

— Гэта драўляная цацка-певень на колах, якія прыводзілі ў рух просты механізм і певень акуратна махаў крыламі. Паводле некаторых крыніц, пачаткова хлопцы вадзілі па вёсцы жывую птушку. Вядома, мы ў музеі дэманструем гэты звычай з дапамогай драўлянай цацкі-пеўня. Кавалераў з пеўнем віталі ў дамах ахвотна, бо такія візіты прадказвалі поспех і дабрабыт на працягу ўсяго года.

Яшчэ адна цікавая велікодная забава — гэта гульня з драўляным кругам ( поль. gra w kręga).

— Сёння мы б назвалі гэта версіяй французскай гульні ў буль. Аднак 100 гадоў таму ў мазавецкай вёсцы гэта называлася гульнёй у круг. Гульцы, падзеленыя на дзве каманды, павінны былі пракаціць невялікае драўлянае кола, выразанае са ствала дрэва, на поле супернікаў, штурхаючы яго палкамі. У гэтую гульню часта спаборнічалі цэлыя вёскі. Гульня патрабавала, перш за ўсё, дакладнасці. Суседзі збіраліся і гулялі разам у гэтую гульню.

Калядаванне кавалераў з пеўнем (поль. chodzenie z kogutkiem). Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу Калядаванне кавалераў з пеўнем (поль. chodzenie z kogutkiem). Архіў Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу

Яшчэ адной формай велікоднай забавы ў вёсцы было гайданне на велізарных драўляных арэлях.

— Гэта былі вельмі высокія арэлі, вышынёй нават у некалькі метраў, на якіх гайдаліся ў асноўным маладыя хлопцы. Перамагаў той, хто размахваўся вышэй. Паводле этнаграфічных крыніц, вядомыя выпадкі, калі смельчакі перашчыравалі, што прыводзіла да няшчасных выпадкаў і пераломаў ног і рук. Як правіла, такая гульня была таксама спосабам падбору маладых параў. Калі дзяўчына і хлопец гайдаліся згодна і плаўна, гэта прадказвала добрае сужэнства ў будучыні. Але калі разгойдванне не было рытмічным, можна было спадзявацца, што добрай парай яны не будуць,

— успамінала Агнешка Карольчук (Agnieszka Korolczuk) з Аддзела прасоўвання Музея мазавецкай вёскі ў Серпцу.

Мерапрыемства пад адкрытым небам «Велікодныя гульні і забавы», якое ўжо шмат гадоў арганізоўвае музей у Серпцу, нагадвае нам, што ў аснове гэтых маляўнічых, а часам крыху мала прыемных велікодных гульняў ляжала глыбокая патрэба ў супольнасці і ўзаемадапамозе, якая абʼядноўвала вёску не толькі падчас святаў, але і ў паўсядзённым жыцці.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Ліпніцкія пальмы – традыцыя, якая ўздымаецца ў неба (ФОТА)

27.03.2026 06:10
У чым заключаецца феномен велікодных пальмаў з Ліпніцы Мураванай, якія штогод захапляюць тысячы турыстаў?