Беларуская Служба

На Вялікдзень таксама калядавалі. Расказваем пра велікоднае калядаванне

06.04.2026 07:12
Ужо мала хто памятае, што слова «калядка» абазначае не што іншае, як складанне віншаванняў і ўручэнне падарункаў
Аўдыё
  • На Вялікдзень таксама калядавалі. Расказваем пра велікоднае калядаванне
Siuda-Baba -   ,
Siuda-Baba - рэгіянальны велікодны звычай, Вялічка фота: NAC

Велікодныя традыцыі ў Польшчы развіваліся на працягу многіх стагоддзяў. Сёння ў некаторых месцах яшчэ можна сустрэць старадаўнія абрады, але ў мінулым, у адрозненні ад сённяшніх дзён, людзі верылі, што іх правядзенне забяспечыць шчаслівае і заможнае жыццё. Разнастайнасць звычаяў была велізарная. 

Пачнем з велікоднага калядавання. Так, вы добра пачулі, менавіта калядавання. Гэты звычай мала атаесамляецца менавіта з Пасхай. У нашым успрыманні калядаванне — гэта спевы калядак у час Божага нараджэння. Ужо мала хто памятае, што слова «калядка» абазначае не што іншае, як складанне віншаванняў і ўручэнне падарункаў, кажа этнолаг з Нацыянальнага інстытуту культуры і вясковай спадчыны Магдалена Тшаска.

— Калядкі на Раство — гэта szczodre gody (у славянскай традыцыі свята зімовага сонцастаяння, якому папярэднічае Шчодры вечар). Вялікдзень — гэта jare gody (у славянскай культуры — некалькідзённы рытуальны цыкл, звязаны з канцом зімы і сустрэчай вясны). І тут нам зноў трэба вярнуцца ў мінулае. Гэта традыцыя, якая развівалася стагоддзямі. Усе гэтыя звычаі, амаль усе з тых, што мы ведаем як велікодныя, маюць свой славянскі падмурак. І адсюль узялося калядаванне, бо гэта быў час, калі заканчвалася зіма, пачыналася вясна, вясновае раўнадзенства, значыць, прырода змянялася, жыццё адраджалася. І гэта быў час, калі нам трэба было да гэтага падрыхтавацца. А таму мы абменьваліся пажаданнямі, каб вясна сапраўды прыйшла, каб жыццё адрадзілася, і каб усе былі здаровыя і шчаслівыя. І адсюль калядаванне.

Велікоднае калядаванне існавала ў многіх рэгіёнах у вельмі рознай форме. Пераважна калядавалі ў велікодны панядзелак. Сёння ў Польшчы гэты дзень называюць śmigus-dyngus. Сёння яно атаесамляецца са звычаем аблівання вадой, а даўней гэта было менавіта велікоднае калядаванне, гаворыць Магдалена Тшаска.

— Śmigus-dyngus — гэта назва двух звычаяў, дзе dyngus быў калядаваннем. Звычайна гэта быў панядзелак пасля Вялікадня, калі пераважна хлопцы, халасцякі хадзілі па дамах, ладзячы розныя свавольствы там, дзе былі дзяўчаты на выданні. Але гэта, вядома, вельмі агульнае апісанне. Напрыклад, на Падляшшы гэты звычай называўся konopielka. У Малапольшчы, каля вёскі Добра, існавала нешта пад назвай Siuda-Baba. Там ёсць легенда, што недалёка ў пячоры жыве ведзьма. Яна круглы год ахоўвае свяшчэнны агонь, і толькі на Вялікдзень яна выходзіць і шукае сваю пераемніцу. Таму збіраліся халасцякі, адзін з іх апранаўся як Siuda-Baba, апранаўся ў лахманы і мазаў сябе сажай. Некаторыя з іх апраналі кракаўскія касцюмы. І яны ішлі шукаць пераемніцу ведзьмы, выкрадалі дзяўчат і аблівалі іх вадой. Сем'і гэтых дзяўчат для выкупу, каб дачок не зрабілі ведзьмамі, і каб яны мелі шанец выйсці замуж, дарылі гэтым хлопцам розныя пачастункі. І, вядома ж, гэта таксама было звязана з найлепшымі пажаданнямі.

У сваю чаргу ў раёне Тарнова гэты звычай звязаны з легендай з XIII стагоддзя, калі адбываліся татарскія наезды на польскія землі. Халасцякі апранулі вывернутыя кажухі, запіхвалі ў вопратку салому і выдавалі дзіўныя гукі, нібыта не маючы языкоў. Гэта сімвал таго, што татары, калі траплялі ў палон, абразалі сабе язык, каб не выдаць ворагу небяспечную для войскаў інфармацыю. Удзельнікі абраду хадзілі, выдаючы дзіўныя гукі, але ўсе ведалі, што яны зычаць найлепшага на весну.

Падобных традыцый было шмат. Яны пераважна былі звязаныя з мясцовымі легендамі.

Сімвал яйка паявіўся ў велікодных традыцыяй яшчэ задоўга да шырокага распаўсюду хрысціянства, расказвае этнолаг Магдалена Тшаска.

— Яйка — гэта вельмі старажытны звычай. Я б сказала, славянскі, але не толькі, бо, мяркуецца, што яйкі фарбавалі нават у Старажытным Рыме. Цікава, што, паводле археолагаў, самае старажытнае велікоднае яйка, знойдзенае ў Польшчы, датуецца пачаткам X стагоддзя, яшчэ да таго, як Польшча афіцыйна прыняла хрысціянства. Гэта сведчыць аб тым, што гэта сапраўды вельмі старажытны звычай. Ён узнік, як я ўжо казала, з часу адраджэння. І яйкі сімвалізавалі гэтае адраджэнне амаль ва ўсіх культурах. І дагэтуль сімвалізуюць. Незалежна ад таго, ці глядзім мы на гэта з рэлігійнага пункту гледжання, ці як на адлюстраванне адраджэння прыроды, то яйка атаесамляецца менавіта з новым жыццём.

У цяперашні час многія святкуюць Вялікдзень, бо гэта традыцыя. Адначасова многія ўжо не ведаюць, чаму некаторыя рэчы адбываюцца такім, а не іншым чынам. Нацыянальны інстытут культуры і вясковай спадчыны стараецца нагадваць пра значэнне, а нават само існаванне традыцыі.

— Мы ў першую чаргу спрабуем распаўсюдзіць інфармацыю пра гэта, бо заўважылі, што мы святкуем шмат рэчаў, але насамрэч ужо не верым у іх, і часта нават не ведаем, чаму мы святкуем нешта так, а не інакш. Я думаю, што калі б мы арганізавалі вулічнае апытанне, то многія людзі, якія ходзяць у храм з кошыкам для асвячэння, не ведалі б, чаму яны яго асвячаюць, адкуль ён узяўся і чаму яны асвячаюць пэўныя стравы, а не іншыя. Таму мы ў першую чаргу хочам распаўсюдзіць інфармацыю пра тое, адкуль гэта ўзялося. Таксама пра тое, што ў нас ёсць шмат звычаяў, якія, на жаль, альбо выміраюць, альбо цалкам зніклі, таму што грамадства змянілася, і мы пачалі верыць у іншыя рэчы. Але гэта наша культура і наша спадчына, і пра гэта варта ведаць. Асабліва калі мы так часта паварочваем на захад ці ў розных іншых напрамках і бярэм адтуль тое, што нам падабаецца, тое, што не наша, каб мы таксама памяталі, што ў нас тут ёсць не менш цікавая спадчына.

Сёння многія велікодныя звычаі ў Польшчы ўжо ўспрымаюцца найперш як прыгожая традыцыя, аднак за кожным з іх стаяць стагоддзі гісторыі, сімвалаў і народнай мудрасці. Менавіта такія абрады — ад велікоднага калядавання да асвячэння кошыка — нагадваюць пра багатую культурную спадчыну, якая і сёння застаецца жывой часткай свята.

слухайце аўдыё

ав