Згодна з пастановой Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 года ў лясным масіве каля вёскі Катынь, за 30 км на захад ад Смаленска, былі расстраляны палякі, узятыя ў палон у верасні 1939 года. 13 красавіка 1943 года іх магілы выявілі нямецкія акупанты. 22 сакавіка 1943 года нямецкімі захопнікамі была спалена вёска Хатынь у Лагойскім раёне. Пасля вайны савецкая прапаганда спрабавала прыкрыць злачынствы маскоўскага рэжыму ў Катыні трагедыяй у Хатыні: спрытна выкарыстоўваючы сугучнасць назваў дзвюх вёсак.
У Польшчы 13 красавіка адзначаецца Дзень памяці ахвяр Катынскага злачынства (Dzień Pamięci Ofiar Zbrodni Katyńskiej). Супрацоўнікі НКУС СССР вясной 1940 года забілі ў Катыні, а таксама ў Харкаве, Калініне (Цверы) і іншых месцах каля 22 тысяч польскіх ваеннапалонных. Толькі 13 красавіка 1990 года ТАСС афіцыйна паведаміў, што за забойствы адказвае НКУС. Дагэтуль улады СССР віну перакладвалі на немцаў, якія адкрылі злачынствы сталінскага рэжыму ў Катыні.
13 красавіка ў Варшаве адбудзецца сімпозіум «Гісторыя дэзінфармацыі — дэзінфармацыя ў гісторыі. Вакол Катынскай хлусні» (Historia dezinformacji – dezinformacja w historii. Wokół kłamstwa katyńskiego). Форум арганізуюць Інстытут салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага, Цэнтр дыялогу імя Юліуша Мерашэўскага, Дзяржаўны музей «Аўшвіц-Біркенау», Музей гісторыі Польшчы, Цэнтр усходніх даследаванняў.
Анджэй Завістоўскі (Andrzej Zawistowski), прафесар Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага, які працуе ў Цэнтры даследаванняў таталітарызму гэтага інстытута, выступіць на сімпозіуме разам з іншымі даследчыкамі. Ён расказаў пра малавядомыя факты, звязаныя з Катынскім злачынствам і пра сувязь яго з Беларуссю.
— Катынская хлусня — гэта азначэнне вялікай дэзінфармацыйнай кампаніі, якая была пачата ў 1943 годзе Савецкім Саюзам, хаця яе першыя элементы з’явіліся яшчэ ў канцы 1941 года. З 1943 года, калі немцы абнародавалі інфармацыю пра знаходжанне целаў польскіх афіцэраў у Катыні, Савецкі Саюз адразу гэта аспрэчыў, сцвярджаючы, што гэта, маўляў, нямецкае злачынства 1941 года. Улады СССР паслядоўна на працягу наступных гадоў падтрымлівалі гэту версію падзей. Кожная спроба адкрыта аспрэчыць нямецкую адказнасць — праз даследаванні, допыты сведкаў або аналізы — адхілялася, бо нельга было дапусціць падрыву версіі аб нямецкай адказнасці. Савецкія ўлады разлічвалі на тое, што ўсе прызнаюць гэта злачынствам немцаў. І так гэта працягвалася з рознай інтэнсіўнасцю на працягу многіх гадоў — як у самім Савецкім Саюзе, так і ў Польшчы і іншых краінах. Гэтая хлусня працягвалася да 1990 года, калі Савецкі Саюз афіцыйна прызнаў сваю адказнасць за знішчэнне польскіх афіцэраў і цывільных асоб, захопленых пасля акупацыі ўсходніх тэрыторый Польшчы ў 1939 годзе — усяго больш за 21 тысячу чалавек. Мы ведаем пра іх шмат, але далёка не ўсё і не пра ўсіх.
Аднак на адмаўленні савецкага злачынства хлусня савецкага рэжыму не скончылася. Яна набыла яшчэ больш цынічную форму. У 1969 годзе пад Лагойскам адкрылі мемарыяльны комплекс «Хатынь» на месцы спаленай у 1943 годзе нямецкімі акупантамі беларускай вёскі. Анджэй Завістоўскі звяртае ўвагу на тонкую маніпуляцыю.
— Найбольш сімвалічным прыкладам Катынскай хлусні была спроба савецкіх улад падмяніць інфармацыю пра Катынь — Хатынскай трагедыяй. У Беларусі шмат вёсак было спалена немцамі, уключаючы вёску Хатынь. Назвы Катынь і Хатынь гучаць вельмі падобна, асабліва пры транслітарацыі на лацінскі алфавіт: Katyn і Khatyn. На Захадзе яны гучаць амаль аднолькава, таму савецкі рэжым моцна акцэнтаваў злачынства ў Хатыні, каб схаваць сваё злачынства ў Катыні і ўвесці міжнародную грамадскасць у зман.
У свой час я быў у Хатыні і заўважыў, што сярод імён ахвяр пераважна каталіцкія. Гэта не павінна здзіўляць. Тэрыторыя Лагойскага раёна ў часы Ягайлы стала адным з месц, дзе ў каталіцтва было ахрышчана тутэйшае літоўскае (балцкае) насельніцтва. Адпаведна, і жыхары Хатыні маглі быць яго нашчадкамі.
У Беларусі дагэтуль часта паняцці католік і паляк успрымаюцца як сінонімы. Значыць, маніпуляцыя трагедыямі Катыні і Хатыні магла мець і больш глыбокі падтэкст?
Анджэй Завістоўскі.
Анджэй Завістоўскі дадае факты да агульнай карціны.
— Па гэтым відаць уся прапаганда. Тое, што Хатынь знішчылі немцы, — гэта вядома. І сапраўды, значная частка насельніцтва Хатыні была католікамі, а на гэтых землях падзел па рэлігіі часта адпавядаў нацыянальнаму. Але няма сумненняў — злачынства ў Хатыні ўчынілі немцы. А тое, што выбралі менавіта гэту вёску сярод шматлікіх іншых з падобнай гісторыяй, не было выпадковым. Гэта відаць па тым, як возяць гасцей з іншых, асабліва заходніх дзяржаў — турыстаў і прадстаўнікоў улад менавіта ў Хатынь. Гэта выразна сведчыць пра прапагандысцкую прэзентацыю гэтага месца. Гэта было зроблена свядома. Калі ўлічыць геаграфію, то Катынь і Хатынь — гэта не такія ўжо аддаленыя пункты, калі на іх глядзець з Заходняй Еўропы. Яны знаходзяцца параўнальна блізка адзін да аднаго, таму вельмі часта ўзнікалі відавочныя памылкі: Хатынь, Катынь... Не кожны ведаў, што там адбывалася. А тэма адказнасці за Катынскае злачынства такім чынам «адкладвалася». І, мабыць, менавіта гэта і было мэтай.
Нават калі ўлады СССР прызналі ў 1990 г. злачынствы сваіх папярэднікаў, то не спыніліся на спробах перайначыць гісторыю трагедыі. Анджэй Завістоўскі таксама працуе настаўнікам гісторыі. Як ён расказвае пра Катынь дзецям, моладзі?
— Пачынаю з расказу пра тое, што такое эліта нацыі. Кожнай нацыя, каб існаваць, патрэбна эліта — настаўнікі, служачыя, суддзі, юрысты, паэты, пісьменнікі і іншыя тварцы, якія ствараюць інтэлектуальны і культурны фундамент грамадства. Вакол іх сканцэнтравана ўся нацыя. Толькі калі нацыя мае эліту, яна становіцца паўнапраўнай нацыяй і можа імкнуцца да незалежнасці. Гэта эліта заўсёды разглядалася як пагроза тым, хто знішчаў дзяржаву. Так зрабілі немцы ў 1939 і 1940 гадах адносна польскай эліты. Мы цяпер размаўляем у Варшаве, а пад Варшавай ёсць вёска Пальміры — у яе ваколіцах у 1939-1943 гадах немцы забівалі пераважна варшаўскую эліту. Таму вучні павінны спачатку зразумець, што такое эліта нацыі — хто гэтыя людзі — а потым даведацца пра лёс тых, хто загінуў у Катыні. Я расказваю, што з імі здарылася, як хлусілі пра гэта злачынства і чаму. Я даю вучням фрагменты гістарычных крыніц, напрыклад, успаміны дачкі, якая ніколі не знала бацьку, бо была маленькая, калі ён пайшоў на вайну і больш ніколі не вярнуўся. Амаль 50 гадоў яна шукала праўду пра яго лёс. Гэта гісторыя, вядомая многім дзякуючы Анджэю Вайдзе. Сёлета мы адзначаем стагоддзе з дня нараджэння Вайды. Адзін з яго апошніх фільмаў быў «Катынь». Гэта гісторыя пра пошук, чаканне, хлусню і толькі ў канцы — пра злачынства. Чаму Вайда зняў гэты фільм? Бо ён быў сынам Якуба Вайды, афіцэра Войска Польскага, забітага ў Харкаве ў 1940 годзе. Якуб Вайда — ахвяра Катынскага злачынства. Бо пад паняццем «Катынскае злачынства» мы разумеем не толькі забойствы ў самой Катыні, а як мінімум чатыры месцы, дзе забівалі палякаў. Магчыма, іх больш, бо мы ўсё яшчэ не маем поўных даных з Беларусі. Мы не ведаем так званага Беларускага катынскага спісу, але мяркуем, што ў Курапатах могуць таксама быць пахаваны палякі, забітыя ў 1940 годзе.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё