Госць нашай перадачы — нашчадак магутнага роду Вялікага Княства Літоўскага, бізнесмен, грамадскі дзеяч, мецэнат мастацтва Мацей Радзівіл (Maciej Radziwiłł). Былая галоўная сядзіба магнацкага роду — палац Радзівілаў — цяпер знаходзіцца ў беларускім Нясвіжы, хаця прадстаўнікі роду пасля Другой сусветнай вайны былі прымушаныя пасяліцца за мяжой Беларусі, у Польшчы.
Колішняя галоўная сядзіба роду Радзвілаў — палац у Нясвіжы. Пасля вайны там працаваў санаторый, будынкі паступова разбураліся. У 21-ым стагоддзі аб’ект быў адрэстаўраваны, між іншым, дзякуючы старанням нашчадкаў былых уладальнікаў. На жаль, цяпер шлях у Беларусь для іх закрыты, — адзначае са шкадаваннем Мацей Радзвіл.
— Я быў, бадай, самым актыўным у гэтых кантактах, ездзіў у Беларусь са сваёй цёткай, Эльжбетай Радзівіл-Тамашэўскай, якая была апошняй жыхаркай палаца. На жаль, яна памерла амаль пяць гадоў таму. Паколькі я займаюся падтрымкай беларускага дэмакратычнага руху, я думаю, што было б неразумна ехаць цяпер у Беларусь. Але я вельмі спадзяюся, што вярнуся туды, і што мы зможам арганізоўваць выставы, сустрэчы і падтрымліваць розныя цікавыя ініцыятывы ў Нясвіжы, Міры, Мінску, Гомелі ды іншых гарадах. Ёсць шмат месцаў, звязаных з Радзівіламі. Але я таксама адчуваю блізкасць да беларускага культурнага асяроддзя. Карані майго роду — там, гэта вельмі важная для мяне краіна. Я ўпершыню быў у Беларусі ў савецкі час. Тое, што адбылося ў апошнія гады, вельмі балюча. Але я лічу вельмі важным падтрымліваць беларускіх творцаў, у тым ліку тых, хто сёння знаходзіцца ў Беларусі. Каб яны маглі неяк дзяліцца сваімі ведамі і творчасцю, праз электронныя СМІ. І я стараюся падтрымліваць такія ініцыятывы, і адначасова дапамагаю і беларускім музыкам, напрыклад, арганізоўваючы розныя канцэрты, каб яны маглі займацца тым, у чым праяўляецца іх талент.
— Многія прадстаўнікі беларускага культурнага асяроддзя былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. У Польшчы самая вялікая беларуская дыяспара з усіх еўрапейскіх краін. Беларусы ўдзячныя польскай дзяржаве за падтрымку, за тое, што яна дае ім палітычны прытулак. Вядома, што вы таксама стараецеся падтрымліваць беларускіх творцаў. Пры гэтым, на вашую думку, ці існуе дастатковая сістэмная падтрымка беларускіх творцаў у Польшчы?
— Сістэмны падыход, безумоўна, даволі слабы, але ў некаторых галінах, на маю думку, падтрымка вялікая, напрыклад, у галіне, якая блізкая майму сэрцу: гісторыі. У Польшчы знаходзяць працу многія беларускія даследчыкі-гісторыкі, якія ўжо мелі кантакт з польскімі гісторыкамі, і я вельмі гэтаму рады. Часам справа нават не ў грошах, а проста ў тым, каб гэтыя людзі маглі мець сувязі з прадстаўнікамі навуковай супольнасці, іншымі гісторыкамі, у тым ліку тымі, хто займаецца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Таму большая падтрымка, безумоўна, была б карыснай, але і так існуе даволі моцная дапамога, больш нізавых колаў. Гэта значыць, што ў Польшчы ёсць людзі, якім неабыякавы лёс свабоднай Беларусі.
Палац Радзівілаў у Паланечцы.
— Калі Вы маглі яшчэ ездзіць у Беларусь, у тым ліку з Эльжбетай Радзвіл, як Вы ўспрымалі працэс рэстаўрацыі палаца ў Нясвіжы? Вядома, што былі ўведзеныя даволі сур’ёзныя змены ў першапачатковы выгляд аб’екту.
— У рэстаўрацыі шмат недахопаў, ідэальнае вяртанне ў 1930-я гады, безумоўна, было б немагчыма. Акрамя таго, пры такой рэстаўрацыі заўсёды ўзнікае пытанне, якую эпоху неабходна ўзяць за ўзор. Нягледзячы на ўсе памылкі, я лічу, што гэта была добрая ініцыятыва з боку беларускіх уладаў у той час, калі яны не былі такімі рэпрэсіўнымі. У першую чаргу таму, што гэта дэманструе карані Беларусі ў Вялікім Княстве Літоўскім, паказвае сувязі з Польшчай, Літвой, Украінай і Еўропай у цэлым. Акрамя таго, у выніку вайны і камунізму ў Беларусі засталося мала каштоўных, добра захаваных помнікаў. Праўда, мая цётка не была задаволеная, але яна хацела, каб палац вярнулі да таго стану, які яна памятала, бо гэта калісьці быў яе дом. Аднак яна ўсё роўна любіла туды ездзіць, і я рады, што помнік архітэктуры — касцёл у Нясвіжы, зараз таксама аднаўляюць. Я ведаю, што людзі, якія там працавалі, калі я яшчэ мог ездзіць, гэта значыць, да 2020 года, уклалі ў гэта шмат працы. Тое ж самае тычыцца і Мірскага замка, але, на жаль, іншыя помнікі, як палац Радзівілаў у Паланечцы, руйнуюцца. Таму мы павінны быць задаволеныя ўсім, што робіцца, бо зараз дзеянні беларускіх уладаў накіраваныя на знішчэнне каранёў Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага, на знішчэнне беларускае культуры і на тое, каб засяродзіцца выключна на сувязях Беларусі з Расіяй. Было б шкада, калі б памяць пра ВКЛ і яго сувязі з Польшчай, Літвой і Украінай, была знішчаная. Я спадзяюся, што гэтага не здарыцца.
— Цяпер вельмі шмат культурных дзеячаў з Беларусі пераехала ў Польшчу, у тым ліку гісторыкаў, пра што Вы казалі. І, што цікава, якраз за мяжой, у вымушанай эміграцыі, беларусы часта пачынаюць больш цікавіцца сваёй гісторыяй, мовай, а нават толькі адкрываюць яе. Але тут творцам неабходна выжываць, змагацца за быт, і культурная дзейнасць адыходзіць на другі або і трэці план.
— Вельмі важна, каб творцы культуры ў Польшчы ці іншых заходніх краінах працягвалі сваю працу, нейкім чынам перадавалі сваю творчасць беларусам, якія застаюцца ў Беларусі, і каб у спрыяльны гістарычны момант — а я глыбока веру, што ён абавязкова наступіць — яны маглі вярнуцца. Беларуская культура і знаёмства з традыцыямі ВКЛ пачалі адраджацца пасля распаду Савецкага Саюза. Я спадзяюся, што на гэты раз нам не давядзецца так доўга чакаць, як распаду СССР. На маю думку, жыццяздольнасць беларускай культуры і традыцыі Вялікага Княства вельмі моцныя, і я веру, што яна захаваецца. Але, вядома, мы ўсе павінны падтрымліваць гэтую традыцыю, яе карані, і чакаць гістарычнага моманту, гістарычнага акна, якое з'явіцца, спадзяюся, даволі хутка, хаця б у нейкай абмежаванай ступені, як было да 2020 года, каб гэтая частка культуры магла развівацца.
Размаўляла Наталля Грышкевіч