З 1 па 17 верасня ва ўнутраным дворыку па адрасе вуліца Фоксаль, 11 у Варшаве адбываецца другі фестываль «Нямая ліхаманка» — серыя паказаў нямога кіно з жывой музыкай. Праект рэалізуецца сумесна з Музеем Вольнай Беларусі, Цэнтрам думкі Яна Паўла II і Беларускай незалежнай кінаакадэміяй.
На працягу чатырох вечароў пад адкрытым небам ва ўнутраным дворыку Музею Вольнай Беларусі і Цэнтра думкі Яна Паўла II гледачы ўбачаць фільмы з ЗША, Францыі, Германіі і Беларусі.
На думку арганізатаркі «Нямой ліхаманкі» і кінакрытыка Ірэны Кацяловіч, нямое кіно не губляе актуальнасці і цікавасці для гледача ў свеце, у якім сацсеткі і кароткія відэа займаюць высокае месца ў рэйтынгу зацікаўленасцяў.
— Па-другое, трэба разумець, што нямое кіно — гэта прыступка да фільмаў, якія мы цяпер глядзім у кінатэатрах. Пакуль мы не праявім цікаўнасць да нямога кіно, пакуль не паспрабуем яго адкрыць для сябе, мы, магчыма, не зразумеем, што яно настолькі ж захапляльнае, дынамічнае, утрымлівае нашу ўвагу. Таму я ўсім кажу, што нямое кіно захоўвае той жа патэнцыял для ўвагі гледачоў, які дае магчымасць глядзець кіно з такім жа захапленнем, як гэта было ў эпоху нямога кіно.
Ірэна Кацяловіч звяртае ўвагу, што публіка фестывалю — гэта людзі падрыхтаваныя менавіта да такога фармату прагляду фільмаў.
— У мінулым годзе на нашых паказах амаль заўсёды быў поўны дворык. Тое, што мы прапануем сёння, гэта незвычайны фармат прагляду кіно: пад адкрытым небам, фільмы, якія рэгулярны пракат не прапануе, жывая музыка, напісаная спецыяльна пад канкрэтны фільм, жывое выкананне. Такое спалучэнне сустракаецца рэдка. У нашым выпадку гэтыя складнікі раўназначна прыцягваюць увагу: нямое кіно з яго сюжэтам і асаблівасцямі, бо гэта часамі тэатралізаваныя жэсты. Дыялогі перадаюцца інакш. Па-другое, павінна прыцягваць выкананне жывой музыкі. У нас цудоўныя кампазітары. Вялікая частка публікі ідзе на Волю Падгайскую. Музыку да Жанны д’Арк напісаў Канстанцін Яськоў. Польская кампазітарка Аляксандра Хмялеўская далучыцца да фестывалю ўжо другі раз. Выступіць віртуоз гры на піяніна Канстанцін Гарачы.
У праграме — камедыя Бастэра Кітана «Кінааператар»; адзін з найвялікшых твораў у гісторыі нямога кіно — «Пакуты Жанны д'Арк» Карла Тэадора Дрэера; культавы «Кабінет доктара Калігары» Роберта Віне; беларускі фільм 1930 года «Суд павінен працягвацца», які даследуе праблему эмансіпацыі жанчын.
Праграма фестывалю
1 верасня, 20:00, «Кінааператар» — ЗША (1928)
3 верасня, 20:00, «Пакуты Жанны дʼАрк» — Францыя (1928)
10 верасня, 20:00, «Кабінет доктара Калігары» — Германія (1920)
17 верасня, 20:00, «Суд павінен працягвацца» — Беларусь (1930)
Гэта адзін з серыі беларускіх фільмаў 1920-х і 1930-х гадоў, прысвечаных праблеме эмансіпацыі жанчын. У кантэксце фестывалю «Нямая ліхаманка» ён зʼяўляецца змястоўным працягам мінулагодняга паказу фільма «Прастытуткі».
Фільм распавядае пра суд над пяццю мужчынамі, абвінавачанымі ў згвалтаванні Алены, лабаранткі электратэхнічнага завода, і пра яе вяртанне да прафесійнага жыцця.
— Нямое кіно не было сапраўдным нямым — яно гаварыла праз музыку. Сёння эпоха нямога кіно амаль цалкам знікла з поля зроку публікі, таму для нас асабліва каштоўна, што мы зноў адкрываем гэтыя фільмы і даем ім новае жыццё на нашым фестывалі, — кажа арганізатар фестывалю, кінакрытык Ірэна Кацяловіч.
Уваход на ўсе паказы бясплатны.
Фільмы будуць суправаджацца субтытрамі на беларускай і польскай мовах.
Поўная размова з Ірэнай Кацяловіч — у далучаным гукавым файле.
ав