Пачаўся новы навучальны год. Для вучняў Праваслаўнай школы імя святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку гэта не толькі вяртанне да звычайных школьных заняткаў. Большасць дзяцей таксама вывучае тут беларускую мову, а сама школа прапануе ім магчымасць знаёміцца з беларускай культурай, тэатрам, музыкай і літаратурай.
Пра тое, ці можна добра авалодаць беларускай мовай, маючы тры ўрокі на тыдзень, што найбольш падабаецца вучням і з якімі планамі школа ўваходзіць у новы навучальны год, мы размаўляем з настаўніцай беларускай мовы Яаннай Марко.
– У нашай школе тры гадзіны беларускай мовы на тыдзень. Усяго ў нас больш за 100 вучняў. Некаторыя ходзяць на ўкраінскую мову, але больш за 80% школьнікаў наведваюць заняткі па беларускай мове.
Апроч таго, дзеці могуць удзельнічаць у тэатральных занятках у спадарыні Ніны Абрамюк, якая таксама ў нас працуе. Можна выступаць, спяваць беларускія песні. Так што магчымасцяў сапраўды шмат, вельмі шмат.
– З якімі надзеямі ўваходзіце ў новы навучальны год?
– Як і кожны год, надзеяў заўсёды шмат. Я вельмі цешуся, што ўжо пачаўся новы навучальны год. Вядома, усе мы любім канікулы, але для настаўніка пачатак новага навучальнага года – гэта фактычна час новага старту. Можна думаць пра новыя ідэі, пра новыя рэчы, якія будзем рабіць у школе.
Я асабіста вельмі радая, што вярнулася ў школу. Наша школа ўвесь час развіваецца. Дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову, у нас вельмі шмат, і гэта радуе.
Безумоўна, будзем вучыцца – гэта перадусім. Будзем удзельнічаць у конкурсах. Будзем развіваць і пашыраць беларускую культуру, якую заўсёды стараемся падтрымліваць не толькі тут, у нас, але і за мяжой. Калі выязджаем на розныя праекты, таксама прэзентуем нашы беларускія традыцыі. Напэўна, будуць рэчы, якія мы ўжо рабілі раней, але абавязкова з’явяцца і новыя.
Размаўляў Яраслаў Іванюк
слухайце аўдыёфайл