Сёння — прэм’ера аднаго з самых чаканых польскіх серыялаў на платформе «Netflix» за апошнія гады — «Лялька». Серыял распавядае гісторыю немагчымага кахання, расказаную з пункту гледжання двух абсалютна розных, але роўнапраўных персанажаў: Ізабелы Ленцкай і Станіслава Вакульскага.
Натхнёная самым папулярным раманам Баляслава Пруса, гісторыя адбываецца на фоне раннекапіталістычнай Варшавы, ахопленай прагай валодання.
Ізабелу Ленцкую ў серыяле «Netflix» грае Сандра Джымальска, а Томаш Шухардт грае Станіслава Вакульскага. Рэжысёрам з'яўляецца Павел Маслёна.
У апісанні серыяла, прадстаўленым «Netflix», гаворыцца: «У цэнтры гісторыі — Ізабела Ленцка — маладая жанчына, якая адмаўляецца прыняць прызначаную ёй ролю пасіўнай арыстакраткі. Зачараваная эмансіпацыяністамі, яна марыць пра свабоду і самавызначэнне. Яна змагаецца за выжыванне ў грамадскім ладзе, які разбураецца, — але робіць гэта на сваіх уласных умовах. Ленцка не хоча выходзіць замуж, а жыве сваім жыццём».
Michał Klusek/Netflix/materiały prasowe
Джымальска апісала сваю Ленцку як «незалежную» асобу, якая «спрабуе пераадолець навязаныя ёй шаблоны». Шухардт, у сваю чаргу, заявіў, што яго Вакульскі — «рамантык, але таксама чалавек, які трапіў у пастку патрыярхальных шаблонаў».
— Серыял «Лялька» — гэта, перш за ўсё, сучасная меладрама, у якой мы распавядаем гісторыю кахання, апантанасці і сацыяльнага падзелу, але не абмяжоўваемся адной умоўнасцю, — падкрэсліў Павел Маслёна, апісваючы свой праект. — Таксама будуць элементы трагікамедыі і крымінальнай літаратуры, бо мы імкнемся стварыць прыгодніцкі фільм, поўны эмацыйных нюансаў, які змяняе жанр.
Сцэны на адкрытым паветры ў Варшаве здымаліся ў такіх месцах, як Кракаўскае прадмесце і Стары горад, якія былі адпаведным чынам пераўтвораны для серыяла. Сярод іншых цікавых месцаў — іпадромы ў варшаўскіх раёнах Служэвец і Партыніцы ва Уроцлаве, палац Радзівілаў у Небарове, Уроцлаўскі оперны тэатр, Ланьцуцкі замак і палац у Яблонне.
Серыял «Лялька» мае шэсць серый.
Wprost/ав