Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ціхан Чарнякевіч: У Беларусі кніга гэта падазроны прадмет

07.11.2026 06:12
Пасля 2020 года беларускае літаратурнае жыццё прыкметна актывізавалася за межамі краіны. З'яўляюцца новыя выдавецтвы, выходзяць кнігі, адбываюцца літаратурныя сустрэчы і фестывалі.
Аўдыё
  • Ціхан Чарнякевіч: У Беларусі кніга гэта падазроны прадмет
Ціхан ЧарнякевічЯраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё

Слухайце аўдыё!

Але ці не губляецца ў гэтым руху сувязь з самой Беларуссю, дзе пісьменнікі і выдаўцы працягваюць працаваць ва ўмовах рэпрэсій? Ці існуе разрыў паміж беларускай літаратурай у эміграцыі і на радзіме? І чаму нават звычайная кніга пры перасячэнні беларускай мяжы можа стаць небяспечным прадметам?

Пра гэта размаўляем з літаратуразнаўцам Ціханам Чарнякевічам з Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў.

— Я думаю, што новая хваля эміграцыі, якая пачалася пасля 2020 года, вельмі актывізавала творчы працэс — і літаратараў, і выдаўцоў, і, можа быць, нават людзей, якія проста працуюць з кнігай. Магутнасць значна большая, чым была, скажам, у 2000-я ці 2010-я гады. Вельмі шмат новых выдавецтваў, вельмі шмат новых канцэпцый таго, як выдаваць кнігу, што можа стаць галоўнай ідэяй выдавецтва. І пад гэта збіраюцца аўтары, дызайнеры. Вось такая шматслойнасць, шматнішавасць утварылася. І, па-мойму, гэта пазітыўны ўплыў.

Ціхан, а ці не бракуе на гэтых замежных літаратурных фестывалях самой Беларусі? Той, якая засталася ў Беларусі?

— У нас Беларусь на кожным беларускім фестывалі — гэта, у прынцыпе, асноўная тэма. Таму што мы ўсе беларусы.
І мы — не беларускае замежжа, мы проста беларусы, якія тут дзесьці жывуць. Але для нас усё роўна найважнейшыя навіны адбываюцца ў Беларусі. Усе сочаць за тым, што адбываецца, што робіцца. Хвалююцца, перажываюць, нечаму радуюцца, калі ёсць нешта добрае, пазітыўнае. Нават калі пабудавалі нейкі добры будынак, альбо адрэстаўравалі замак, альбо знайшлі нейкія руіны замка — гэта заўсёды вельмі пазітыўна ўспрымаецца. Але, канешне, вельмі шмат негатыўнай інфармацыі, вельмі шмат трагічнай інфармацыі. То бок гэта і станоўчыя эмоцыі, і негатыўныя, але ўсё, роўна ўсё накіравана туды. Туды — адусюль, з усіх краін, гэтыя нітачкі ідуць. І мы сочым за беларускай літаратурай як за сваёй. Можа быць, менш звяртаем увагу на літаратуру суседзяў альбо на тое, напрыклад, хто там аўтары ў горадзе, дзе я цяпер жыву. Ну, гэта такі натуральны стан, напэўна. Можа быць, ён крыху замкнёны.

Але пагадзіцеся з такім сцвярджэннем, што літаратурная актыўнасць у самой Беларусі ўсё ж такі меншая, чым у эміграцыі?

— Ну, безумоўна. Бо выдаць кнігу ў Беларусі цяпер — гэта цэлы вялікі квэст. Рызыкуюць усе: аўтары рызыкуюць, мастакі рызыкуюць, выдаўцы рызыкуюць, прадаўцы кніг. Усе ведаюць, наколькі моцна пацярпела за гэтыя гады культура — і літаратура, і музыка, і тэатр, і кіно. Наколькі вялікія там прайшлі чысткі, масавыя рэпрэсіі, колькі людзей з'ехала. Таму тое, што там адбываецца, вельмі часта непублічнае. Часам проста тэлефануеш і пытаешся: "Ну, такое ўражанне, што ў вас там нічога няма". А табе адказваюць:

— Ну, не, ёсць. Проста мы там акуратна нешта плануем, нешта думаем, нешта робім, дзесьці знаходзім магчымасць надрукаваць кніжкі.

Ёсць яшчэ нейкія друкарні ў Мінску, якія могуць рызыкнуць. То бок, нешта робіцца, проста гэта ўсё вельмі непублічна. Як правіла, не выходзіць навонкі. І часта распаўсюджваецца такімі партызанскімі спосабамі. Таму, нешта, сто працэнтаў, адбываецца. І, безумоўна, шмат хто з Беларусі глядзіць на тое, што адбываецца за мяжой з беларусамі. З'яўляюцца магчымасці паслухаць аўдыёверсіі кніг — людзі іх слухаюць. Некаторыя выкладваюць электронныя варыянты кніг — людзі іх чытаюць. Ёсць блогі, Instagram, YouTube. Людзі з Беларусі ўсё гэта глядзяць. І гэта, у прынцыпе, самая вялікая аўдыторыя — менавіта людзі ў Беларусі. Часам, канешне, трэба ўжо выкарыстоўваць спосабы схаваць IP-адрасоў, каб не было відаць, адкуль чалавек заходзіць. Таму што вельмі шмат рэсурсаў ужо маюць крыміналізаваны статус. Людзі, проста, рызыкуюць тым, што яны нешта паглядзяць альбо паслухаюць. Але заўсёды ёсць спосабы абысці гэтыя абмежаванні.

Размаўляў Яраслаў Іванюк


«Сабакі Еўропы» па-польску: пра свабоду, мову і «чамадан з будучыняй»

07.10.2026 13:40
Пра польскае жыццё «Сабак Еўропы» і пра працу над перакладам размаўляем з перакладчыцай Яаннай Бэрнатовіч.