Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Канферэнцыя «Палякі ў Беларусі» дала пачатак міжнароднаму навуковаму праекту

12.11.2026 16:01
Ян Маліцкі расказвае пра серыю канферэнцый пра палякаў на землях былой Рэчы Паспалітай.
Аўдыё
  • «Варшаўскі мост». Я.Маліцкі пра канферэнцыі «Палякі ў Беларусі» і інш.
      .
Зборнік матэрыялаў дзясятай канферэнцыі «Палякі ў Беларусі».https://www.facebook.com/photo/?fbid=1769630578502338&set=pcb.1769636241835105

Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта (Studium Europy Wschodniej Uniwersytetu Warszawskiego) рэгулярна праводзіць міжнародныя навуковыя канферэнцыі «Палякі ў Беларусі» (Polacy na Białorusi), «Палякі ў Літве і краінах Балтыі» (Polacy na Litwie i w krajach bałtyckich) і «Палякі ва Украіне» (Polacy na Ukrainie).

Усходнія суседзі Польшчы — гэта нешта большае, чым краіны, з якімі яна мае агульную граніцу. Менавіта тут у свой час фарміравалася агульная з палякамі культурна-моўная прастора. Таму ў Беларусі, Літве, Латвіі, Эстоніі і Украіне палякі — гэта не столькі нацыянальная меншасць, колькі ў значнай ступені карэннае насельніцтва, мясцовага паходжання.


Ян Маліцкі, дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. Ян Маліцкі, дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.

Пра тое, як з канферэнцыі «Палякі ў Беларусі» вырас вялікі праект, прысвечаны гісторыі і сучаснасці палякаў на ўсходніх землях былой Рэчы Паспалітай, расказвае Ян Маліцкі (Jan Malicki), дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта (Studium Europy Wschodniej Uniwersytetu Warszawskiego).

— Ідэя правядзення канферэнцыі «Палякі ў Беларусі» ўзнікла адзінаццаць гадоў таму. Тады ініцыятар гэтай канферэнцыі, заснавальнік, пазнейшы старшыня, а сёння ганаровы старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін звярнуўся з такой прапановай да тагачаснага генеральнага консула Польшчы ў Гродне Яраслава Ксёнжака. Зразумела, польскі бок падтрымаў гэтую ініцыятыву як інтэлектуальна, так і фінансава, у прыватнасці праз консульскія ўстановы. Аднак адначасова Міністэрства замежных спраў Польшчы паставіла ўмову: за арганізацыяй канферэнцыі павінна стаяць польская навуковая ўстанова. Акрамя таго, было падкрэслена, што няма сэнсу праводзіць канферэнцыі дзеля саміх канферэнцый, калі па іх выніках не будуць выдавацца кнігі. Такім чынам, мы прыйшлі да вываду, што Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта з'яўляецца найбольш прыдатнай установай для ажыццяўлення гэтага праекта. Тадэвуш Гавін звярнуўся да мяне з просьбай падтрымаць гэтую ініцыятыву і забяспечыць яе навуковае забеспячэнне. Я паставіў толькі адну ўмову: зборнікі матэрыялаў канферэнцый павінны выходзіць не пасля навуковых форумаў, а да іх пачатку. Бо вельмі складана дамагчыся ад аўтараў своечасовай здачы тэкстаў, з прычыны чаго выданні нярэдка затрымліваюцца, а некаторыя тэмы да моманту выхаду кніг ужо страчваюць сваю актуальнасць. Таму я прапанаваў выдаваць кнігі непасрэдна да пачатку канферэнцыі. Іншымі словамі, гэта павінны быць не зборнікі матэрыялаў, падрыхтаваныя па выніках канферэнцый, а выданні, якія выходзяць загадзя, яшчэ да правядзення навуковага форуму. Тадэвуш Гавін пасля першапачатковых сумненняў і пэўнага хвалявання ўсё ж прыняў гэтую ўмову. І сапраўды, магчыма, толькі ён адзін быў здольны ажыццявіць такую задачу. Ужо на працягу дзесяці гадоў зборнікі матэрыялаў выходзяць да пачатку канферэнцый. Дзякуючы гэтаму склалася цалкам адметная сітуацыя: падчас канферэнцый, за выключэннем уступнага або заключнага выступлення, не практыкуецца традыцыйнае зачытванне і прадстаўленне навуковых дакладаў. Замест гэтага адбываюцца дыскусіі і тэматычныя дэбаты. Чаму мы адмовіліся ад звыклага фармату выступленняў з дакладамі? Таму што ўдзельнікі і слухачы загадзя атрымліваюць магчымасць азнаёміцца з навуковымі працамі, апублікаванымі ў зборніках. Такім чынам, канферэнцыя становіцца не проста пляцоўкай для прэзентацыі вынікаў даследаванняў, а прасторай для грунтоўнага абмеркавання, абмену думкамі і навуковай дыскусіі.

Навуковыя канферэнцыі Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта, можна сказаць, ідуць у нагу з часам: яны прысвечаны як учарашняму, так і сённяшняму дню палякаў у Беларусі і на іншых землях былой Рэчы Паспалітай. З кожнай новай канферэнцыяй пашыраецца і кола тэм для абмеркавання, — адзначае Ян Маліцкі.

— Першая канферэнцыя была прысвечаная агульнай тэматыцы. Аднак ужо пачынаючы з другой Тадэвуш Гавін, рэдактар зборнікаў матэрыялаў, прапанаваў змяніць падыход і прысвячаць кожную наступную канферэнцыю асобным, больш вузкім і спецыялізаваным пытанням. Такім чынам, пачынаючы з другога тома, прысвечанага значэнню культуры, кожная канферэнцыя набывала ўласную тэматычную скіраванасць. Сёлета цэнтральнай тэмай сталі дзяржаўны і палітычны лад Беларусі і яго ўплыў на палякаў. Пры гэтым важна ўдакладніць, што, калі мы гаворым пра Беларусь, то маем на ўвазе яе ў сучасных дзяржаўных межах. Аднак наш погляд значна шырэйшы. Палякі жылі і працягваюць жыць таксама на тэрыторыях па-за межамі сучаснай Беларусі.

Сімвалічна, што ў навуковых канферэнцыях, прысвечаных палякам у Беларусі і іншых краінах Усходняй Еўропе, прымаюць удзел прадстаўнікі Канцылярыі прэзідэнта Польшчы, Міністэрства замежных спраў і іншых дзяржаўных устаноў. На дзясятую канферэнцыю «Палякі ў Беларусі» даслаў прывітальны ліст прэзідэнт РП Караль Наўроцкі.

Канферэнцыя «Палякі ў Беларусі» стала адпраўным пунктам для цэлага цыкла падобных мерапрыемстваў, прысвечаных палякам у Літве і краінах Балтыі, а таксама ва Украіне. Пра тое, як гэта адбывалася, успамінае Ян Маліцкі.

— Пасля шостай канферэнцыі «Палякі ў Беларусі», якая адбылася ў 2023 годзе, я прыйшоў да вываду, што праект ужо дастаткова ўмацаваўся і атрымаў развіццё, каб выйсці за першапачатковыя рамкі і не абмяжоўвацца выключна тэрыторыяй Беларусі. Так узніклі яшчэ два тэматычныя кірункі: «Палякі ва Украіне» і «Палякі ў Літве і краінах Балтыі». Сёлета адбылася ўжо дзясятая канферэнцыя «Палякі ў Беларусі», а таксама трэція канферэнцыі па кожным з двух іншых тэматычных кірункаў. Ва ўсіх трох выпадках храналагічныя межы даследаванняў вызначаныя ад Студзеньскага паўстання да XXI стагоддзя. Менавіта Студзеньскае паўстанне стала адпраўным пунктам, паколькі яно прывяло да велізарных страт сярод палякаў на ўсходніх землях былой Рэчы Паспалітай, што робіць выбар гэтай гістарычнай мяжы цалкам абгрунтаваным. Дзякуючы пашырэнню геаграфіі канферэнцый сёння наш навуковы, канферэнцыйны і выдавецкі праект, які складаецца з трох узаемазвязаных кірункаў, ахоплівае практычна ўсе тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай на ўсход ад сучасных межаў Польшчы. У гэтым сэнсе ён набыў комплексны характар і стаў унікальным, адзіным у сваім родзе праектам у акадэмічным асяроддзі ўсёй Польшчы. За кірунак «Палякі ў Беларусі» дагэтуль адказваў прафесар Тадэвуш Гавін, аднак з наступнага года, у сувязі з выхадам прафесара Гавіна на пенсію, гэтую працу возьме на сябе доктар Роберт Вышыньскі.

Канферэнцыі, прысвечаныя палякам у краінах Усходняй Еўропы, даюць магчымасць не толькі абменьвацца думкамі, але і асабіста знаёміцца даследчыкам з Польшчы і іншых дзяржаў, — звяртае ўвагу Ян Маліцкі на яшчэ адзін важны аспект. Разам з тым ёсць і пэўныя складанасці.

— У кожнай з трох канферэнцый прымаюць удзел як польскія даследчыкі, так і вучоныя з краін, якім прысвечаны гэтыя праекты. І, бадай, гэта адна з галоўных вартасцей нашых сустрэч: яны аб'ядноўваюць міжнародную навуковую супольнасць, якая займаецца вывучэннем гісторыі палякаў ва Усходняй Еўропе. Што да Беларусі, то тут сітуацыя найбольш складаная. З-за цяперашняга палітычнага рэжыму беларускія даследчыкі часам асцерагаюцца выступаць на нашых канферэнцыях. Два гады таму я ўпершыню сутыкнуўся з выпадкам, калі рэцэнзент нашага навуковага зборніка выступіў пад псеўданімам. Гэта небяспечная і ўвогуле нябачаная з'ява: цяжка паверыць, што падобнае адбываецца ў сучасным свеце, ды яшчэ і ў Еўропе. Акрамя таго, некаторыя навукоўцы сутыкаюцца з цяжкасцямі пры выездзе за мяжу, а іншыя папросту баяцца пакідаць краіну. Таму на працягу апошніх трох-чатырох гадоў колькасць беларускіх даследчыкаў на нашых канферэнцыях скарацілася. У асноўным выступаюць тыя, хто ўжо жыве ў Польшчы і мае магчымасць свабодна займацца навуковай дзейнасцю. Такія сённяшнія палітычныя рэаліі, на якія мы не можам паўплываць. Застаецца чакаць перамен, але пры гэтым працягваць праводзіць канферэнцыі і навуковыя даследаванні.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Палякі Літвы і Беларусі маюць агульнае паходжанне, але жывуць у розных умовах

08.01.2026 16:01
Палітолаг з Вільні Анджэй Пукшта расказвае пра палякаў у Літве і навуковую канферэнцыю «Палякі ў краінах Балтыі».

«Варшаўскі мост». Пад Вільняй беларускія гаворкі саступаюць месца польскай і рускай мовам

29.05.2026 11:11
Мірослаў Янковяк апісаў апошнія беларускія гаворкі ў кнізе, выдадзенай Інстытутам літоўскай мовы.

Рубрыка «Варшаўскі мост». Як падзеі верасня 1939 года ўплываюць на сучаснасць

01.10.2026 16:01
Дэзінфармацыя пра Другую сусветную вайну льецца і з прапагандысцкіх рэсурсаў, і са штучнага інтэлекту.