Штучны інтэлект выдатна спраўляецца з беларускай мовай. На ёй можна працаваць над самымі складанымі тэмамі, як квантавая фізіка. Самая вялікая праблема на сённяшні момант — гэта тое, што штучны інтэлект дрэнна разбіраецца ў беларускім кантэксце.
Аляксей Картыннік
Пра гэта ў размове з намі расказаў праграміст, блогер, даследчык штучнага інтэлекту Аляксей АйЦіБарада Картыннік, адзін з аўтараў падкасту «Каласы пад сярпом ШІ».
Эксперт гаворыць, што калі казаць пра лідараў рынку, а на сённяшні момант гэта дзве кампаніі — OpenAI і Anthropic, то іх мадэлі даволі добра размаўляюць па-беларуску ўжо адносна даўно.
— Пры пэўных наладах, канешне, трэба падналадзіць крышачку гэтыя інструменты, але яны гэта робяць добра. Справа ў тым, што ў сучаснага штучнага інтэлекту ёсць розныя налады. І, напрыклад, можна выкарыстоўваць бясплатную версію ChatGPT, і яна будзе працаваць кепска, таму што гэта самая найслабейшая мадэль ад кампаніі, і гэта не паказчык прагрэсу. Калі мы плацім за падпіску, то ў нас звычайна даступныя моцныя мадэлі, і ў гэтых мадэляў яшчэ ёсць так званы ўзровень разважання. Вось калі ўзровень разважання для мадэлі ўстаўляецца вышэй за сярэдні — ёсць такая наладка, не ўсе пра яе ведаюць — то тады беларуская мова будзе амаль што без памылак. Раней чат блытаў з украінскай мовай, з расійскай, але цяпер усё добра.
Самая вялікая праблема на сённяшні момант гэта тое, што штучны інтэлект дрэнна разбіраецца ў беларускім кантэксце, то бок у беларускіх падзеях, у тым, што адбываецца ў беларускім соцыуме. Каб гэтыя мадэлі, гэты штучны інтэлект разбіраліся менавіта ў кантэксце, а не проста ў моўных канструктах, для іх трэба не толькі вялікі моўны корпус, але і вялікі кантэкстны корпус.
Беларускі кантэкстны корпус на фоне іншых моў маленькі. Праз тое, што ў нас нашмат менш незалежных і дзяржаўных медыя на фоне тых жа самых медыя ўкраінскіх, расійскіх, іншых краін, якія выкарыстоўваюць кірылічны алфавіт, гэта важна. І таму адзін са спосабаў гэта кантэкстнае разуменне беларускага павялічыць — гэта генерыраваць больш кантэнту на беларускай мове пра беларускае. У тым ліку гэтым займаюцца нашы літаратары, бо ў кніжках яны часцяком пішуць пра тое, што адбывалася ў Беларусі — гэта таксама кантэкстная інфармацыя.
Ёсць яшчэ другі шлях, па якім можна ісці. Гэтым звычайна самастойна займаюцца дзяржавы, дзяржаўныя інстытуцыі, такія як Акадэмія навук, шукаюць кантакты з кампаніямі-вытворцамі гэтых мадэляў і з імі інтэгруюцца, робяць сумесную працу, даюць ім свае корпусы і ўсяляк дапамагаюць гэтым кампаніям спрыяюць, каб гэты штучны інтэлект лепей разумеў кантэкст. У беларускай рэчаіснасці гэта немагчыма, таму што ў нашай Акадэміі навук іншыя задачы, і Беларусь яна пад санкцыямі ў амерыканскіх кампаній. Таму ў нас гэтым займаецца на сённяшні момант літаральна невялічкая група адмыслоўцаў.
Аляксей Картыннік пацвярджае, што ёсць сэнс размаўляць з ШІ на беларускай мове, таму што гэта яшчэ адзін тып даных, на якіх гэтыя сеткі навучаюцца. Праграміст звяртае ўвагу на існаванне міфу, які раней міфам не быў, што калі з чатам размаўляць на мове, якую ён кепска ведае, то ён будзе адказваць нібыта таксама не вельмі добра. Але гэта міф.
— Праўдзівым ён быў вельмі даўно, цяпер ён так не працуе. З нейрасеткай можна размаўляць на любой мове, якую ён разумее, таму што для нейрасеткі, у яе вось гэтай лічбавай прасторы, у якой яна думае, што квантавая фізіка па-беларуску, па-ангельску, па-расійску, на любой мове — для яе гэта прыблізна адно і тое ж. Яна не аперуе сказамі, не аперуе словамі ў сваіх разважаннях, яна аперуе вобразамі, гэта называецца вектарная прастора. І вось для гэтых нейрасетак няма розніцы: котка па-беларуску, котка ўяўная ці котка голасам сказаная. Таму па-беларуску можна рабіць усё што заўгодна, ніякіх праблем няма.
Штучны інтэлект пры пэўных наладах нядрэнна можа ствараць словы, якіх пакуль не існуе, але якія падобныя на беларускую лаянку — такую вось цікавінку расказвае Аляксей Картыннік. І дадае, што ёсць цалкам новае даследаванне, якое паказвае, што лаянка дапамагае атрымліваць лепшыя адказы ад мадэляў.
— Так склалася, што штучны інтэлект навучаўся і навучаецца на нашых чалавечых пакуль што дыялогах. І чамусьці так склалася, што ў нашых дыялогах, калі людзі выкарыстоўваюць так званыя маркеры дыялогу, калі нейрасетка падчас навучання бачыла, што яна навучаецца на дыялогу, яна выяўляла, што ў дыялогах больш праўдзівыя адказы. Ну, напэўна, гэта звязана з тым, што калі людзі размаўляюць адзін з адным, яны адзін аднаго неяк там абцяжарваюць і атрымліваюць у выніку нейкія праўдзівыя адказы. Дык вось, нейрасетка гэта заўважыла, і калі мы ёй яўна даем зразумець, што гэта дыялог, калі мы ёй пішам: прывітанне, нейкія словы-паразіты, лаянку, тады яна разумее, што тут адбываецца дыялог, які яна бачыла. І тады яна пачынае лепей адказваць. Таму што яна разумее, што гэта дыялог, а значыць, трэба даць лепшы адказ. Ёсць такая навуковая праца, якая паказвае, што можна атрымліваць на некалькі дзясяткаў адсоткаў лепшыя вынікі, калі лаешся з нейрасеткай, ну ці паказваеш маркеры дыялогу. Вось такая парада. Я спрабаваў... Сядзеў я ноччу, ужо спаць вельмі хацеў, і мне ўсё мой агент па праграмаванні выдаваў нейкую бязглуздзіцу. Я ўжо зусім сонны проста яму беларускай лаянкай напісаў, тыпу: «Давай ужо, каб цябе чэрці разабралі, зрабі нармальна». Ну там было больш груба. І ён з першага адказу мне выдаў правільнае. А што цікава, ён са мной таксама так пачаў размаўляць. У нас была натуральная лаянка, але ў выніку атрымаўся добры праект. Вось такія ёсць цікавосткі.
Пра цікавінкі на тэму штучнага інтэлекту можна даведацца з падкасту «Каласы пад сярпом ШІ», адным з аўтараў якога з’яўляецца Аляксей АйЦіБарада Картыннік.
Поўная размова з экспертам — у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё
ав