Беларуская Служба

LOT прывязе са Шры-Ланкі акварыумную рыбу

05.11.2019 16:07
Польшча выкарыстае новы маршрут дзяржаўнага авіяперавозчыка дзеля пашырэння гандлёвых кантактаў са Шры-Ланкай.
Аўдыё
  • Польшча выкарыстае новы маршрут дзяржаўнага авіяперавозчыка дзеля пашырэння гандлёвых кантактаў са Шры-Ланкай.
  c Boeing 787 Dreamliner    LOT
Дальнемагістральны шырокафюзеляжны cамалёт Boeing 787 Dreamliner дзяржаўнай польскай авіякампаніі LOTpkozmin/pixabay.com/CC0 Public Domain

Самалёты польскай дзяржаўнай авіякампаніі LOT будуць пастаўляць лекі і ежу з Польшчы ў Шры-Ланку, а назад, сярод іншага, акварыумную рыбу. У панядзелак раніцай, па мясцовым часе, у сталіцы Шры-Ланкі Каломбе прызямліўся першы рэйсавы самалёт з Варшавы.

Польскі авіяперавозчык падкрэслівае, што ён супрацоўнічае з польскімі прадпрымальнікамі і будзе дапамагаць у гандлёвым абмене паміж краінамі.

Віцэ-старшыня PLL LOT Міхал Фіёл (Michał Fijoł) заявіў, што Шры-Ланка будзе экспартаваць у Польшчу ўнікальную акварыумную рыбу.

- Каралавы рыф вакол Шры-Ланкі – адзін з найбольш прывабных у свеце. Там жывуць шматлікія віды экзатычнай рыбы і растуць цікавыя расліны. У сувязі з гэтым нашыя польскія акварыумісты напэўна будуць зацікаўленыя рыбай, якую ў спецыяльных умовах будуць пастаўляць у Польшчу самалёты Dreamliner.

Першым рэгулярным рэйсам LOT у сталіцу Шры-Ланкі прыляцелі, між іншым, польскія прадпрымальнікі, якія шукаюць новага рынку для сваіх тавараў.

Як кажа амбасадар Польшчы ў Індыі і Шры-Ланцы Адам Буракоўскі (Adam Burakowski), шанец на поспех маюць, перш за ўсё, вытворцы прадуктаў харчавання.

- Перш за ўсё, гаворка ідзе пра высокаапрацаваную ежу, якая пастаўляецца, напрыклад, у мясцовыя гатэлі. Гэта тое, чаго ў Шры-Ланцы не хапае. Тым часам Шры-Ланка зацікаўленая ў павышэнні якасці турыстычных паслугаў, каб прыцягваць больш турыстаў.

Адкрыццё новага маршруту польскай авіякампаніі LOT з Варшавы ў Шры-Ланку суправаджае польска-ланкійскі эканамічны форум, арганізаваны польскім Міністэрствам прадпрымальніцтва і Польскай гандлёва-прамысловай палатай.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі