Заканчваюцца часы, калі індывідуальныя карыстальнікі маглі атрымліваць танную электраэнергію, паколькі ўрад Польшчы замарозіў яе цану. Раней выраслі тарыфы для фірмаў, а з надыходам Новага году пойдуць таксама ўверх кошты за пастаўку энергіі ў прыватныя кватэры і дамы – паведамляе Rzeczpospolita.
Пра тое, на колькі могуць вырасці цэны, выданне запытала старшыню Ўпраўлення рэгуляцыі энергетыкі Рафала Гавіна. Ён кажа, што кожнае прадпрыемства, якое аказвае такія паслугі, само рыхтуе тарыф, таму немагчыма назваць канкрэтную суму. Але раней міністр развіцця Ядвіга Эмілевіч казала, што цэны вырастуць, хутчэй за ўсё, прыкладна на 10%. У сваю чаргу іншыя эксперты кажуць нават пра 15-20% росту.
Жыхары Польшчы заплацяць за электраэнергію значна больш, што, зразумела, нікога не цешыць, але ўрад не можа сабе дазволіць вярнуцца да палітыкі замарожвання цаны, паколькі ў бягучым годзе падобная аперацыя каштавала дзяржаўнаму бюджэту як мінімум 8 мільярдаў злотых (каля 2 млрд. долараў ЗША - нг).
Марыюш Янік/нг