Беларуская Служба

Авіякампанія LOT мае сур’ёзныя праблемы, іх прычына - у канцэрне Boeing

17.12.2019 14:57
Праблема палякаў – не выключэнне, таму што іншыя авіякампаніі, якія маюць у флоце згаданыя лайнеры з такім жа тыпам рухавікоў, таксама былі прымушаныя паставіць свае самалёты ў ангары.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.Karol Ciesluk/ Shutterstock

Dziennik Gazeta Prawna паведамляе, што польская авіякампанія LOT мае сур’ёзныя праблемы. Прычына гэтых праблем – не ў авіялініях, а ў тым, што 4 з 12 шырокафюзеляжных самалётаў Boeing 787 Dreamliner стаяць на зямлі з-за праблем з рухавікамі Rolls-Royce Trent 1000.

Праблема палякаў – не выключэнне, таму што іншыя авіякампаніі, якія маюць у флоце згаданыя лайнеры з такім жа тыпам рухавікоў, таксама былі прымушаныя паставіць свае самалёты ў ангары. Спецыялісты гавораць пра некалькі сот машын у свеце. Дарэчы, LOT ужо нейкі час таму заявіў, што будзе патрабаваць у амерыканскай карпарацыі Boeing фінансавай кампенсацыі за прастой самалётаў.

А страты ідуць у мільёны. Па-першае, з-за таго, што польскія самалёты Boeing 787 стаяць на зямлі, LOT прымушаны арандаваць машыны ў іншых авіякампаній. Так, для польскіх авіяліній лётаюць два самалёты тыпу Airbus A-340-300 Air Belgium. Арэнда такога тыпу машын каштуе прынамсі некалькі мільёнаў злотых за некалькі месяцаў.

Акрамя таго, LOT плаціць за паліва, а паколькі ў бельгійскіх машын чатыры рухавікі замест двух, як у амерыканскіх машын, то паліва спальваецца больш. А гэта дадатковыя кошты. Спецыялісты адзначаюць таксама, што самалёты Airbus A-340 больш павольныя ў параўнанні з машынамі Boeing, таму дарога з Варшавы ў Паўночную Амерыку займае больш часу.

Па-другое, з-за праблем з рухавікамі LOT адкладвае адкрыццё новых працяглых рэйсаў, напрыклад, у Кітай, што пазбаўляе авіякампанію дадатковага заробку. Ну і па-трэцяе, як і ў многіх авіякампаніях свету з-за тэхнічных праблем не лётаюць польскія вузкафюзеляжныя самалёты Boeing 737 MAX. Дарэчы, сёння амерыканскі канцэрн заявіў, што спыніць вытворчасць машын згаданага тыпу, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

вс