Беларуская Служба

30-годдзе шокавай тэрапіі - ці можна было правесці рэформы лепш, менш балюча для грамадства?

02.01.2020 15:23
Дзякуючы плану Бальцэровіча польская эканоміка была перастаўленая з рэек сацыялістычнага планавання на рэйкі цалкам капіталістычнага рынку.
Prof. Leszek Balcerowicz
Prof. Leszek BalcerowiczWikimedia Commons, Lestat (Jan Mehlich)

Rzeczpospolita піша, што пачатак 2020 года – гэта сімвалічная 30-ая гадавіна славутага плану Бальцэровіча, дзякуючы якому польская эканоміка была перастаўленая з рэек сацыялістычнага планавання на рэйкі цалкам капіталістычнага рынку.

Кожная дзяржава сацлагеру праходзіла сур’ёзныя эканамічныя ды палітычныя пераўтварэнні, але Польшча першая дасягнула значных вынікаў на гэтым шляху і развівалася хутчэй за іншых. Цяпер у кіроўных колах ды не толькі многія палітыкі крытыкуюць Лешэка Бальцэровіча за шокавую тэрапію. Ці можна было правесці рэформы інакш, лепш, можа, менш радыкальна?

Каментатар выдання Павел Ражыньскі піша, што палітыкі цынічна выкарыстоўваюць выбарачную памяць палякаў, якія памятаюць перш за ўсё вялікія цяжкасці першага часу трансфармацыі – рэзкі рост беспрацоўя, банкруцтва шматлікіх прамысловых аб’ектаў, якія не справіліся з дзейнасцю ва ўмовах рынкавай эканомікі. Ці можна было правесці рэформы павольней і менш балюча? Не вельмі. Нельга забываць, якая тады была драматычная сітуацыя ў Польшчы. Перабудову абсурднай планавай эканомікі суправаджала гіперінфляцыя. Тады рэформы параўноўвалі з рамонтам папсаванага аўтамабіля, але не на стаянцы, а падчас язды. Палякі таксама забываюць, што без гэтага Захад не спісаў бы Польшчы частку даўгоў, яна засталася б банкрутам. Дарэчы, па шляху павольнай і менш балючай перабудовы пайшлі суседзі Польшчы, у выніку іх эканоміка развівалася значна павольней.

нг