«Газпрам» прайграў арбітражны суд у Стакгольме польскай кампаніі PGNiG. Згодна з рашэннем Трыбунала, расейцам давядзецца пералічыць новую – больш нізкую – цану на газ з лістапада 2014 года. Польская фірма падлічыла, што Газпром павінен будзе вярнуць палякам 6 мільярдаў злотых, што складае каля 1,5 мільярда долараў ЗША. Аднак гэта не адзіныя паліўныя праблемы Пуціна. Яшчэ да пачатку пандэміі каранавірусу паміж сусветнымі вытворцамі нафты пачалася вайна на зніжэнне цэн.
1,5 мільярда долараў – гэта значныя грошы нават для кампаніі «Газпрам». Эканамічны шантаж «Газпрама» – гэта мінулае, – заявіў намеснік прэм'ер-міністра і міністр дзяржаўных актываў Яцэк Сасін.
– За гэты перыяд, з восені 2014 года па цяперашні час, гэта вяртанне ў памеры 1,5 мільярда долараў, што складае больш за 6 мільярдаў злотых. У той жа час гэта азначае, што да канца кантракту, гэта значыць, да 2022 года мы будзем плаціць менш за расійскі газ, мы будзем плаціць па рынкавай цане, а не па цане, накладзеную на Польшчу з-за газавага шантажу.
Віцэ-прэмʼер Сасін у інтэрвʼю TVP INFO падкрэсліў, што рэалізаваныя інвестыцыі неўзабаве дазволяць Польшчы цалкам адмовіцца ад расійскага газу.
- Гэта дае кампаніі PGNiG магутны патэнцыял для таго, каб зрабіць неабходныя інвестыцыі, якія дазволяць нам цалкам вызваліцца ад расейскага шантажу ў бліжэйшы час, ад расійскай дыктатуры, якую Расія навязала нам, будучы манапалістам цягам доўгіх гадоў. Цяпер мы можам з аптымізмам глядзець у будучыню і спадзявацца, што пасля 2022 года, гэта значыць, калі ямальскі кантракт з Расіяй перастане дзейнічаць, мы станем цалкам незалежнымі ад расійскага газу.
Палітолаг Ежы Таргальскі ў сваёй аўтарскай праграме «Геапалітычны тыгель» звярнуў увагу на яшчэ адну паліўную праблему каманды Пуціна, а менавіта на вайну цэн на паліўным рынку.
- На нафтавую вайну трэба глядзець не толькі як на сутычку паміж ЗША і Расіяй, або паміж Расіяй і Саудаўскай Аравіяй, але і як на ўнутраны расейскі канфлікт. Аўтарам нафтавай вайны быў Сечын. Сечын зʼяўляецца кіраўніком расійскай дзяржаўнай кампаніі «Раснафта», і асноўнай ахвярай яго палітыкі стала прыватная кампанія «Лукойл». Па дадзеных Bloomberga, уладальнікі LUKOIL – Вагіт Алікпераў і Леанід Фядун панеслі страты ў памеры 5 мільярдаў долараў: Алікпераў – 3,5 мільярда, а Фядун – 1,5 мільярда. Такім чынам, як бачыце, яны «вельмі ўдзячныя» Пуціну, што такія вялікія сумы не мусяць трымаць у банках. Зразумела, не толькі яны прайгралі ад гэтага крызісу. Forbes лічыць, што 97 алігархаў страцілі ў агульнай складанасці 8,8 мільярда долараў, але Bloomberg паведамляе, што 24 найбуйнейшых алігархаў страцілі 13,9 мільярда долараў. Паводле гэтых дадзеных – Дзерыпаска страціў 0,5 мільярда, Цімчанка – гэта значыць, касір Пуціна страціў – 600 мільёнаў. Вы разумееце, што алігархі «вельмі ўдзячныя» Пуціну за тое, што ён пазбавіў іх ад такога грузу долараў, і, зразумела, Сечыну.
Паводле словаў доктара Ежы Таргальскага, канфлікт ва расійскіх уладных колах будзе нарастаць.
- Усю аперацыю трэба разглядаць як канфлікт у расійскіх уладах. Якія перспектывы? Фядун правільна звярнуў увагу на тое, што іншыя не заўважаюць. Цана паліва ў Расіі не залежыць ад цаны барэля нафты. Але ў амерыканскай сістэме гэта залежыць. Таму нізкая цана нафты і, як вынік, нізкая цана паліва ў ЗША паўплывае на рост прыбытку і дазволіць ЗША павялічыць прыбытак на 6 адсоткаў. Паводле Фядуна, пераможцам гэтай вайны будуць: ЗША і Кітай, а прайграюць: Расія ды Саудаўская Аравія. Я асабіста сумняваюся, ці закране гэта Саудаўскую Аравію, таму што, па-першае, згодна з разлікамі Bloomberg, цана на нафту будзе працягваць падаць, і ў сярэдзіне красавіка яна дасягне каля 20 долараў, па-другое: пры цане ніжэй за 30 долараў Саудаўская Аравія будзе мець дастаткова грошай да 2027 года. Калі гэта сапраўды так, то пры такіх коштах на нафту да 2027 года ад Расіі не застанецца і следу, і нават знікне тэрыторыя, на якой стаіць заправачная станцыя пад назвай Расія.
Паводле словаў доктара Таргальскага, Расія страціць магчымасць фінансаваць агрэсіўныя дзеянні сваіх сілавых структур
- На самай справе цэны на нафту ў апошні час захоўваліся штучна, з-за абмежаванняў на продаж. 50 долараў для барэля гэта спекуляцыйная цана, то бок варта чакаць больш працяглага перыяду нізкіх коштаў на нафту. Такім чынам, перспектывы для Расеі катастрафічныя – трэба мець такую свядомасць. Фядун мяркуе, што нафтавы бум паменшыцца: з 2022-23 гадоў, калі барэль будзе каштаваць менш за 35 долараў, Расіі давядзецца скараціць здабычу. У цэлым у Кітаі і ЗША нарыхтоўкі нафты будуць на 10-13 адсоткаў менш. Такім чынам, Расія не будзе зарабляць грошы, таму што кошты будуць нізкімі і дадаткова не заробіць, бо не зможа прадаць нафту. Гэта значыць, што ў Расіі настане працяглы эканамічны крызіс, нават без пандэміі каранавірусу. Толькі калі гаворка ідзе пра нафту, праз якую жыве Расія, бо гэта аснова расійскага бюджэту. Праз гэта Расія не зможа фінансаваць сваё ўзбраенне. Яна ўжо пачала абмяжоўваць выдаткі на войска, і будзе далей іх абмяжоўваць.
1,5 мільярда долараў, якія «Газпрам» мусіць выплаціць польскай кампаніі PGNiG па рашэнні суда, верагодна, зменшаць бюджэт расейскай агрэсіі ў Еўропе, пра які казаў доктар Таргальскі. Прэзідэнт кампаніі PGNiG Ежы Квеціньскі падкрэсліў, што дамоўленасці папярэдніх польскіх уладаў, гэта значыць прэмʼер-міністраў Дональда Туска і Вальдэмара Паўляка з Масквой, вельмі шкодныя для польскіх фінансаў.
- Гэта вялікі поспех для нашай кампаніі, але і для Польшчы. На жаль, гэты кантракт «Ямал» быў шматгадовым грузам. Ён быў падпісаны ў 96-м, а потым у 2010-м, і Польшчы было вельмі нявыгадна мяняць кантракт. У выніку тых рашэнняў мы плацілі адну з самых высокіх ставак за газ у свеце ды ў Еўропе. Мы плацілі за гэты газ па абсалютна не рынкавых цэнах. Гэта было злоўжыванне. Гэты поспех велізарны, мы яго чакалі некалькі гадоў. Скончылася пяцігадовая спрэчка з Газпромам скончылася.
Прэзідэнт PGNiG кажа, што ад нячэсных паводзін «Газпраму» пацярпеў шэраг краін Еўропы, у тым ліку Украіна.
- Нядаўна пры канцы мінулага году спрэчку з Газпрамам мела таксама Украіна. Іншыя дзяржавы таксама, таму мы не самотныя. У нашым выпадку рашэнне адназначнае.
У інтэрвʼю Польскаму радыё 24 прэзідэнт Квеціньскі пагадзіўся з тым, што высокая цана на газ для палякаў мела палітычны складнік.
- Напэўна там былі палітычныя меркаванні. Газпром не зʼяўляецца прыватнай кампаніяй, гэта фірма, падкантрольная расійскаму ўраду. Наша кампанія – 70 працэнтаў яе таксама належыць дзяржаве. Так бывае, што моцныя, стратэгічныя фірмы звязаны з дзяржавай. Таму рашэнне мела палітычную матывацыю. Што і казаць, гэта было злоўжыванне, мы плацілі высокія цэны, мы плацілі не рынкавыя цэны. Новыя тарыфы дазволяць нам заплаціць цану, якая дзейнічае на еўрапейскім рынку, і гэта тое, да чаго мы імкнуліся.
Пуцін і яго паплечнікі апынуліся ў зусім новай эканамічнай рэальнасці. Раней яны ўсё былі ўпэўненыя, што расейская нафта заўсёды будзе сілкаваць агрэсіўныя дзеянні злачыннага рэжыму. Цяпер можа высветліцца, што пуцінскія «хлопчыкі» будуць бездапаможныя.
Анджэй Рыбалт/Падрыхтаваў да эфіру Юры Ліхтаровіч