Выданне Rzeczpospolita друкуе фельетон старшыні арганізацыі Працадаўцы РП Анджэя Маліноўскага, прысвечаны ўплыву пандэміі каранавірусу на эканоміку краіны. Аўтар прыводзіць цытаты з розных публікацый СМІ, якія пішуць, што эканамічны крызіс будзе горшы, чым той, што здарыўся ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя, што свет ніколі не будзе такім, якім быў раней. Ці гэта азначае, што ў кватэрах не будзе электрычнасці, што галеча прымусіць нас гадаваць на балконе бульбу і курэй? Нічога такога не здарыцца, – мяркуе Маліноўскі. Эканоміка была толькі затрымана на нейкі час, а не знішчана.
Мы не павінны гэтага крызісу панічна баяцца. Ён прынясе некаторыя змены, якія і так бы прыйшлі. Месца зніклых прадпрыемстваў, галін і прафесій хутка зоймуць іншыя. Дзякуючы лічбавым тэхналогіям гэты працэс адбудзецца значна хутчэй, чым адбываліся змены сто гадоў таму.
У Польшчы ўлады павінны зразумець, што нізкі кошт працы ўжо не з’яўляецца козырам, паколькі праца палякаў ужо не каштуе так мала, як калісьці. Польскім фірмам патрэбная інавацыйнасць. Дзякуючы пандэміі міжнародная супраца будзе больш маштабнай. Прыклад – супрацоўніцтва фармацэўтычных кампаній на шляху працы над прышчэпкай ад каранавірусу – яны адмовіліся ад вельмі жорсткай аховы інтэлектуальнай уласнасці. Магутныя ў нармальныя часы фірмы аказаліся надта слабымі, калі паявілася глабальная пагроза. Ім прыходзіцца дзейнічаць у рамках міжнародных хаўрусаў, у тым ліку палітычных. Гэты ўрок дзяржавы засвояць на доўга.
Калі мы думаем пра нашу планету, то нельга адкладваць планаў кліматычнай нейтральнасці. Наадварот, імкненне зрабіць эканоміку экалагічнай павінна быць падставай многіх рашэнняў. Гэта пропуск да сучаснай эканомікі. Калі мы не будзем «зялёнымі», то ніхто з намі не сядзе за стол перамоваў, – піша старшыня арганізацыі Працадаўцы РП Анджэй Маліноўскі.
нг