Беларуская Служба

Ці будуць палякі будаваць у Беларусі?

10.10.2020 09:40
У апошнія гады экспарт польскіх будаўнічых паслуг у Беларусь развіваўся даволі добра.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.twitter/GDDKiA

Ці будуць палякі працягваць будаваць у Беларусі? Ёсць сумневы - піша Томаш Эльжбецяк (Tomasz Elżbieciak) на сайце wnp.pl 

У апошнія гады экспарт польскіх будаўнічых паслуг у Беларусь развіваўся даволі добра, асабліва дзякуючы дзейнасці групы UNIBEP, якую падтрымліваюць банк BGK і агенцтва падтрымкі экспарту KUKE. Цяперашняя сітуацыя за польскай усходняй мяжой і напружаныя польска-беларускія палітычныя адносіны выклікаюць пытанні пра будучыню гэтай тэндэнцыі.

Кліенты банку BGK рэалізуюць праекты ў Беларусі з частковым выкарыстаннем крэдытаў у беларускіх банках.

KUKE з'яўляецца чацвёртым агенцтвам падтрымкі экспарту ў свеце па ўдзеле ў інвестыцыях у Беларусь - адразу пасля нямецкіх, кітайскіх і расійскіх агенцтваў.

Нявызначаная палітычная і эканамічная сітуацыя можа пашкодзіць польскім будаўнічым кампаніям i далейшаму пашырэнню інвестыцый у Беларусі. Унутраны польскі рынак, які як прагназуецца, у бліжэйшыя гады па-ранейшаму будзе даволі квітнеючым, таксама можа паспрыяць паслабленню экспартных стымулаў.

Для ілюстрацыі маштабаў, якіх UNIBEP дасягнуў у Беларусі за апошнія гады, варта згадаць некалькі прыкладаў рэалізаваных кантрактаў.

Сярод іх ёсць лагістычны цэнтр у Балбасаве (каля 13 млн. еўра), медыцынскі і тэнісны цэнтр (29 млн. еўра) і гасцініца (больш за 40 млн. еўра) у Мінску. У цяперашні час кампанія будуе гандлёвы цэнтр у Гродне амаль за 66 мільёнаў еўра.

- Астатнія кантракты ў гэтай краіне знаходзяцца на стадыі распрацоўкі і атрымання экспертных заключэнняў, а кампанія дзейнічае ў адпаведнасці з запланаванымі графікамі, - адзначыў старшыня ўправы UNIBEP Лешак Галамбецкі (Leszek Gołąbiecki).

- Я хацеў бы падкрэсліць, што ўсе кантракты на беларускім рынку для нас фінансава бяспечныя. Пазыкі паступаюць ад польскіх банкаў і застрахаваны ў KUKE. Сапраўды, дзякуючы падтрымцы польскіх фінансавых інстытутаў, можна экспартаваць польскае будаўніцтва на ўсходнія рынкі, - дадаў ён.

Аднак, адказваючы на ​​пытанне аб далейшых перспектывах, Галамбецкі асцярожна заявіў, што UNIBEP "прымае пад увагу і адсочвае падзеі ў Беларусі і падрыхтаваў сцэнарыі дзеянняў у розных сітуацыях".

Ян Стыліньскі (Jan Styliński), прэзідэнт Польскай асацыяцыі працадаўцаў будаўнічай галіны, пацвердзіў, што ў цяперашні час беларускі рынак для польскіх будаўнічых кампаній з'яўляецца, перш за ўсё кірункам, з якога імпартуюцца матэрыялы: цэмент і сталь, а таксама драўніну. Да таго ж, на польскіх будоўлях працуюць беларускія работнікі, хаця іх няшмат у параўнанні з украінцамі.

Беларускі цэмент і сталь не абцяжараны выдаткамі на выкіды CO2, што выліваецца ў канкурэнтаздольную цану. Такім чынам, пакуль не будуць дзейнічаць абмежаванні ЕЗ у дачыненні да гэтага віду імпарту, напрыклад, падатак на вуглярод, беларускія матэрыялы будуць працягваць паступаць на польскі рынак, - адзначаюць спецыялісты, аб чым напісаў партал wnp.pl.

яс