Беларуская Служба

Грамадскі транспарт у Польшчы пераходзіць на газ

03.11.2020 15:16
Сёлета толькі за першыя дзевяць месяцаў на вуліцы польскіх гарадоў выехала ўжо 116 такіх аўтобусаў.
Autobusy miejskie w Warszawie
Autobusy miejskie w Warszawiewikipedia cc/ Astrorek

У 2020 годзе на польскіх дарогах з'явілася 116 новых аўтобусаў на газавым паліве. Гэта амаль палова ўсіх экалагічна чыстых аўтобусаў, зарэгістраваных у краіне з пачатку года, пішуць на партале biznesalert.pl. Прыродны газ у сціснутым і звадкаваным выглядзе – гэта найбольш распаўсюджанае альтэрнатыўнае паліва ў польскім грамадскім транспарце.

- На гэты момант кожны чацвёрты прададзены ў Польшчы новы аўтобус працуе на прыродным газе. Мы рады, што дынамічнае развіццё гэтага рынку стала фактам. Няма сумненняў у тым, што газавае паліва зʼяўляецца адзіным на рынку ўраўнаважаным рашэннем, якое дазваляе хутка скараціць выкіды шкодных рэчываў пры адначасовым зніжэнні кошту выкарыстання аўтапарку, – падкрэслівае Марцін Хадула, віцэ-прэзідэнт Польскай нафтагазавай кампаніі PGNiG, які адказвае за развіццё газавага сегмента.

Да канца верасня 2020 года ў Польшчы зарэгістравана 462 новыя гарадскія аўтобусы, і больш за 250 з іх абсталяваныя экалагічна чыстымі альтэрнатыўнымі прывадамі. Сярод іх найбольш часта купляюцца аўтобусы на прыродным газе, якія складаюць 45% усяго сегменту. Сёлета толькі за першыя дзевяць месяцаў на вуліцы польскіх гарадоў выехала ўжо 116 такіх аўтобусаў.

Адным з гарадоў, які паслядоўна робіць стаўку на экалагічна чысты газ, зʼяўляецца Варшава, дзе па вуліцах ездзяць 220 аўтобусаў на гэтым паліве. Акрамя таго, польская сталіца нядаўна ўрэгулявала тэндар на пастаўку яшчэ 160 аўтобусаў на прыродным газе. На выкарыстанне блакітнага паліва ў гарадскім транспарце таксама зрабілі стаўку Жешув, Тарнув, Гдыня, Тыхы, Сувалкі, Радам і Бельска-Бяла.

Таму нядзіўна, што продажы газу на бензастанцыях у першым паўгоддзі 2020 года выраслі амаль на 50% у параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года. Пра пашырэнне выкарыстання грамадскага транспарту на газавым паліве ў Польшчы пісалі на інтэрнэт-партале biznesalert.pl.

эж