Беларуская Служба

Польшча стала лідарам прадукцыі батарэй для электракараў

01.03.2021 14:20
Рынак электракараў расце і патрабуе новых крыніц матэрыялаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.

Паводле справаздачы брусельскай няўрадавай арганізацыі Transport & Environment (T&E), Польшча з'яўляецца лідарам у вытворчасці батарэй, якія выкарыстоўваюцца ў электракарах. Да нядаўняга часу вялікая частка попыту на гэты ключавы кампанент машын была імпартаваная з краін Усходняй Азіі. Ужо ў гэтым годзе еўрапейская вытворчасць пакрые патрэбу вытворцаў аўтамабіляў на кантыненце, а ў наступныя гады Еўропа будзе экспарцёрам батарэй, – вынікае з апублікаванай у панядзелак справаздачы, чытаем на партале energetyka24.pl.

Паводле адмыслоўцаў, попыт на батарэі ў Еўропе ў бліжэйшыя гады будзе імкліва расці. Паводле ацэнак аналітыкаў T&E, у 2025 годзе ён складзе каля 300 кВт-г(кілават-гадзін), у 2030 годзе – 700 кВт-г, а ў 2035 годзе – больш за 1300 кВт-г. З дэкларацыі інвестараў вядома, што большая частка новай прадукцыі будзе створана ў Германіі, якая ўжо ў 2024 годзе можа абагнаць Польшчу ў гэтай галіне. Новыя фабрыкі батарэй будуць створаны ў большасці еўрапейскіх краін.

Хуткае развіццё тэхналогіі электрамабіляў спрычыніцца да змены падыходу дзяржаў да гэтай галіны і яны будуць спрабаваць дастасавацца да новых патрэбаў – лічаць адмыслоўцы. Электракары дадуць штуршок эканоміцы і спрычыняцца да таго, што іх карыстальнікі будуць менш залежныя ад экспарту сыравіны. Калі сёння аўтамабілям за ўвесь час эксплуатацыі патрабныя 17 тысяч літраў паліва, то мяркуецца, што электракары будуць патрабаваць толькі 30 кілаграмаў сыравіны за такі самы перыяд. Да таго частка сыравіны будзе ісці на перапрацоўку.

energetyka24.pl/аев