На поўдні Варшавы ў раёне Ursynów у панядзелак 20 снежня адкрыўся доўгачаканы тунэль на хуткаснай дарозе S2. Такім чынам паўстала кальцавая дарога на поўдні Варшавы, якая істотна скарачае і спрашчае праезд з заходняй ва ўсходнюю частку Польшчы.
Міністр інфраструктуры Анджэй Адамчык паведаміў, што ў бліжэйшыя гады адкрыюцца новыя ўчасткі магістралі А2 (усход-захад): праз два гады траса павінна дайсці да горада Седльцэ, а праз тры – да Белай Падляскі. У выніку дарога мусіць быць пракладзеная да мяжы з Беларуссю.
Участак паміж развязкамі Warszawa Puławska і Warszawa Wilanów, мае прыблізна 5 кіламетраў. Тунэль пад раёнам Ursynów мае даўжыню 2,3 кіламетра і з'яўляецца самым доўгім збудаваннем такога тыпу ў Польшчы. Мае дзве праезныя часткі па тры паласы ў кожным кірунку.
Кіроўцы змогуць ехаць праз тунэль з максімальнай хуткасцю 80 кіламетраў у гадзіну. На абʼекце ўстаноўлены секцыйны замер хуткасці. У новаадкрытым тунэлі забараняецца рух грузавых аўтамабіляў у прамежку часу паміж 7-й і 10-й, а таксама паміж 16-й і 20-й гадзінамі.
яс