Беларуская Служба

У Мазавецкім ваяводстве больш людзей выехала з гарадоў у вёску, чым наадварот

11.01.2022 14:11
Многія людзі вырашылі ўкласці ў нерухомасць свае зберажэнні, аберагаючы іх ад інфляцыі.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne. Shutterstock/PIXEL to the PEOPLE

Больш людзей выязджае з гарадоў, чым з вёскі. Упраўленне статыстыкі паведаміла, што ў мазавецкія гарады пераехалі жыць 23,2 тысячы чалавек, а 27,4 тыс. выехалі. Баланс міграцыі адмоўны, у вёскі з гарадоў пераехала амаль 6 тысяч чалавек, – чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.

«Падобна на тое, што статыстыка адлюстроўвае актывізацыю субурбанізацыі», – каментуе праф. Павел Свяневіч (Paweł Swianiewicz) з Варшаўскага ўніверсітэта. – Статыстычны падзел на гарадскую і сельскую мясцовасць крыху штучны. Вёска асацыюецца з нейкім ідылічным асяроддзем, прыродай, тым часам людзі перасяляюцца ў такія «вёскі», як Юзафаслаў пад Варшавай, у двухкватэрныя дамы і групы аднасямейных дамоў, якія насамрэч уяўляюць сабой невялікія жылыя кварталы. Самы вялікі плюс – цана. За 70-90 кв.м у такім доме трэба заплаціць столькі ж, колькі за кватэру ў 50 «квадратаў» у сталіцы.

З вялікіх польскіх гарадоў толькі Варшава мае станоўчае міграцыйнае сальда, таму што, хоць шмат людзей выязджае з яе, усё ж больш прыязджае. Працягваецца працэс субурбанізацыі, які, магчыма, крыху паскорыла пандэмія. У большай кватэры пад горадам сям’і лягчэй перанесці дыстанцыйную працу і вучобу, чым у горадзе. Акрамя таго, многія людзі вырашылі ўкласці ў нерухомасць свае зберажэнні, аберагаючы іх ад інфляцыі.

Gazeta Wyborcza