Беларуская Служба

Пасажыры вяртаюцца. Аэрапорт Шапэна падвёў вынікі года

20.01.2022 13:26
У мінулым годзе аэрапорт Шапэна ў Варшаве абслужыў амаль 7,5 мільёна пасажыраў. Гэта на 36 працэнтаў больш, чым у 2020 годзе.
Lotnisko Chopina
Lotnisko ChopinaPAP/Wojciech Olkuśnik

Паводле дадзеных ад аэрапорта, у 2021 годзе амаль 64 працэнты пасажыраў карысталіся традыцыйнымі перавозчыкамі, 16 працэнтаў — таннымі авіялініямі, і каля 20 працэнтаў чартарнымі рэйсамі, піша партал money.pl.

Самым папулярным звычайным перавозчыкам застаецца LOT, на долю якога прыпадае амаль 60 працэнтаў  пасажырскіх перавозак, на другім месцы Wizz Air з доляй менш за 20%, а на трэцім – Lufthansa.

Колькасць рэгулярных маршрутаў у 2021 годзе склала 140 і больш, чым у пік 2019 года, калі быў рэалізаваны 131 рэгулярны маршрут. У 2021 годзе ў расклад былі вернутыя 109 маршрутаў, якія існавалі ў 2019 годзе, і з'явілася 27 новых - у асноўным святочных, у летні сезон.

Дадзеныя аэрапорта паказваюць, што Парыж, Лондан, Франкфурт, Кіеў і Амстэрдам уваходзяць у пяцёрку найбольш часта выбіраемых напрамкаў на рэгулярных маршрутах.

Што тычыцца чартараў, то на працягу 2021 года часцей за ўсё выбіраліся больш кароткія паўднёвыя маршруты, такія як Анталія, Хургада, Марса-Алам, Родас і Іракліён.

Самымі папулярнымі грузавымі напрамкамі ў варшаўскі аэрапорт у 2021 годзе сталі Лейпцыг, Кёльн і Дубай. Што датычыцца грузаперавозчыкаў, то першае месца заняла авіякампанія LOT Polish Airlines, за ёй DHL, трэцяе — UPS Airlines.

Аэрапорт імя Шапэна ў Варшаве — найбуйнейшы аэрапорт у Польшчы. У 2020 годзе аэрапорт абслугоўваў 5,482 мільёна пасажыраў, што знізілася на 70,9% супраць 2019 года. Як бачым, эканамічныя паказчыкі ў 2021 годзе істотна палепшыліся.

вх