Беларуская Служба

Rzeczpospolita: Напад на Украіну аслабіць многія польскія кампаніі

24.01.2022 14:35
Уварванне Расіі не толькі замарудзіць польска-ўкраінскі гандаль, але і можа балюча ўдарыць па мільярдных інвестыцыях польскіх кампаній.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePixabay

– Гэта чорны сцэнар, я спадзяюся, што ён не рэальны, хоць хто ведае. Гэта быў бы накаўт для многіх польскіх кампаній, кажа Яцэк Пяхота (Jacek Piechota), прэзідэнт Польска-ўкраінскай гандлёвай палаты (PUIG).

Тым больш, што Польшча атрымлівае ўсё лепшыя вынікі ў эканамічным супрацоўніцтве з Украінай, піша Rzeczpospolita. Як падкрэслілі ў PUIG, двухбаковы тавараабарот хутка расце. За дзесяць месяцаў 2021 года тавараабарот вырас на 44%, дасягнуўшы 10,4 мільярда долараў. Такім чынам, перакрочаны ўзровень тавараабароту да фінансавага крызісу 2007 года і ўвесь 2021 год можа скончыцца з абаротам у 11 мільярдаў долараў.

Расійскае ўварванне ва Украіну спыніла б гэтую тэндэнцыю. Гэта таксама прыпыніць інвестыцыі на ўкраінскі рынак, дзе працуюць дзесяткі тысяч кампаній з польскім капіталам, а агульны кошт польскіх інвестыцый ацэньваецца прыкладна ў 1 мільярд долараў.

– Нас завальваюць пытаннямі, кампаніі баяцца ўзброенага канфлікту. Прадпрымальнікі, якія раней развівалі свае інтарэсы ў Крыме, спазналі жах за адну ноч, дадае Пяхота.

Узброены канфлікт паміж Расіяй і Украінай можа моцна ўдарыць па кішэні палякам, падштурхнуўшы да росту цэны на нафту і газ і абмежаваўшы пастаўкі сыравіны.

Магчымае ўварванне Расіі паўплывае на польскую металургічную прамысловасць праз зніжэнне імпарту з Украіны, а таксама кампаніі электрамеханічнай і хімічнай прамысловасці, якія экспартуюць на ўкраінскі рынак. Пацярпела б польская харчовая прамысловасьць, наступствы агрэсіі адчуў бы фінансавы сэктар.

– Ва Украіне неразвіта малое і сярэдняе прадпрымальніцтва, але гэты сегмент пастаянна развіваецца. У выніку павялічваецца патэнцыял кааперацыі ў інвестыцыях такіх прадпрыемстваў, таму з-за ўзброенага канфлікту мы б шмат чаго страцілі, мяркуе Пяхота.

Паводле Лукаша Амброзяка (Łukasza Ambroziaka), эксперта Польскага эканамічнага інстытуту, Усход як кірунак экспарту польскіх тавараў, а таксама месца для інвестыцыяў становіцца ўсё больш складаным і нявызначаным. Размова ідзе не толькі пра Украіну, якая не з'яўляецца стабільнай краінай з пункту гледжання палітыкі, права і ўласна бізнес-клімату.

Яшчэ адзін прыклад – Беларусь.

– Каля дзвюх трацінаў польскага аграхарчовага экспарту ў гэтую краіну будзе падпадаць пад эмбарга, уведзенае ў пачатку гэтага года. Асабліва гэта закране вытворцаў яблыкаў, якія адгружаюць у Беларусь 15 працэнтаў ад агульнага аб'ёму свайго экспарту, – кажа Амброзяк.

У выпадку расійскага ўварвання ва Украіну і палітычнага канфлікту з Захадам вельмі цесныя беларуска-расійскія адносіны яшчэ больш пагоршылі б праблемы польскіх экспарцёраў на беларускім рынку.

Па словах Малгажаты Старчэўскай-Кшыштошэк (Małgorzaty Starczewskiej-Krzysztoszek), эканаміста з факультэта эканамічных навук Варшаўскага ўніверсітэта, Расія паспрабуе палітычна паўплываць на саюзнікаў Украіны, прымаючы рашэнні аб продажах на польскі і еўрапейскі рынкі. Могуць узнікнуць праблемы з пастаўкай энергарэсурсаў.

вх