Беларуская Служба

Паскоранымі тэмпамі ЕС стане незалежным ад паставак газу з Расіі

24.03.2022 14:26
Краіны Еўрасаюзу будуць набываць блакітнае паліва разам.
.
.Magnascan/pixabay.com/CC0 Public Domain

У ЕС ёсць ідэі, як адносна хутка стаць незалежнымі ад газу з Расіі. Краіны Еўрасаюзу будуць набываць блакітнае паліва разам. Паскоранымі тэмпамі ЕС становіцца незалежным ад паставак з Расіі.

Брусэль абвясціў, што да канца года скараціць імпарт газу з Расіі на дзве трэція і цалкам ліквідуе залежнасць да 2027 года. Цьеры Брэтон, камісар ЕС па ўнутраным рынку, кажа выданню Rzeczpospolita, што пры неабходнасці гэта можна зрабіць у яшчэ большым абʼёме: гаворка ідзе пра вуглевадароднае паліва. «Немагчыма да канца года скараціць расійскі газ на дзве траціны і чакаць пяць гадоў, каб пазбавіцца ад апошняй траціны. Такім чынам, трэба рыхтаваць і абмяркоўваць сцэнар нулявых расійскіх вуглевадародаў», – кажа французскі камісар.

Прадстаўлены аналіз паказвае, што гэта магчыма. Еўрасаюз імпартуе 155 мільярдаў кубаметраў газу з Расіі штогод. Як яго замяніць? 50 мільярдаў кубаметраў атрымаецца за кошт павелічэння імпарту звадкаванай сыравіны, 3,5 мільярда будуць заменены на біягаз, 22,5 мільярда будуць прыпадаць на сонечную і ветравую энергію, а 14 мільярдаў кубоў можна ашчадзіць за кошт змяншэння спажывання, напрыклад, паніжэння тэмпературы ў кватэрах на 1-2 градусы (гэта паспяхова зрабіла Японія пасля катастрофы на АЭС у Фукусіме) і рэканструкцыі будынкаў. Яшчэ 12 мільярдаў кубаметраў атрымаюць ад падоўжанай эксплуатацыі АЭС у Бельгіі (рашэнне ўжо прынята) і ў Германіі.

Акрамя таго, можна змяніць паліўную сумесь для выпрацоўкі электраэнергіі. У прыватнасці, можна павялічыць спажыванне вугалю нават на 20 мільярдаў кубаметраў у эквіваленце. (Толькі нямецкія вугальныя электрастанцыі маглі б замяніць 14 мільярдаў кубаметраў газу, калі б яны працавалі на поўную магутнасць), у той час як мазут можа замяніць нават 10 мільярдаў кубаметраў расійскага газу.

Польшча цалкам падтрымлівае гэтыя ідэі. Дарэчы, ініцыятыва калектыўнага набыцця газу была польскай прапановай.

нг